407-ы дзень вайны ва Украіне. У Бахмут РФ перакінула ПДВ з тэрмабарычнымі агнямётамі
Зяленскі дамовіўся пра падтрымку Польшчы, а еўрапейцы едуць у Кітай размаўляць пра спрыянне ў перамовах пра мір.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі пяць чалавек — двое ў Аляксеева-Дружкоўцы, двое ў Бахмуце і адзін у Сяргееўцы. Яшчэ дзевяць чалавек атрымалі раненні, паведамляе кіраўнік Данецкай вобласці Павел Кірыленка.
«Расія забівае цывільных! За 5 красавіка расійцы забілі 5 жыхароў Данбаса», — паведаміў Кірыленка.
Таксама кіраўнік Данецкай АВА адзначыў, што цяпер немагчыма ўстанавіць дакладную колькасць ахвяр у Марыупалі і Валнавасе.
У Херсонскай і Харкаўскай абласцях за суткі — па адным параненым.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 6 красавіка: асабовага складу — каля 176 630 (+390 за мінулыя суткі) чалавек.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі было адбіта больш за 60 нападаў войска РФ. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
Гучная ноч у Мелітопалі
У Мелітопалі ўначы прагучалі некалькі выбухаў — паводле папярэдніх звестак, выбухала база расіян у раёне захопленага аэрадрома. РФ адразу ж зрабілі справаздачу аб «дакладнай працы СПА», але адправілі ў бок аэрадрома аўтамабілі хуткай дапамогі, паведаміў мэр горада Іван Фёдараў.
У Мелітопалі і Мелітопальскім раёне на супрацоўніцтва з акупантамі пайшлі 700 чалавек, распавёў таксама Іван Фёдараў. Ён удакладніў, што гэтыя людзі пайшлі працаваць у школы па расійскай праграме, у «падатковую», «пенсійны фонд» і г.д. Фёдараў дадаў, што сярод тых, хто працаваў у структуры гарадскога савета, на бок ворага перайшло не больш за дзесяць чалавек.
Сілы спецаперацый паказалі частку працы байцоў у Бахмуце. У ССА падкрэслілі, што барацьба за горад працягваецца.
ISW: у Бахмуце з'явіліся сілы ПДВ з тэрмабарычнымі агнямётамі
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ў раёне Бахмута пачалі дзейнічаць не толькі сілы ПВК «Вагнер», але і рэгулярныя часткі паветрана-дэсантных войскаў, якія маюць таксама цяжкую агнямётную сістэму «Санцапёк» з тэрмабарычнымі боепрыпасамі.
У штодзённым бюлетэні амерыканскага Інстытута вывучэння вайны даволі шмат месца нададзена аналізу сітуацыі вакол Бахмута.
Геалакацыя розных відэа пацвярджае, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад Бахмута (на поўнач ад Хромава за 2 км ад горада і паўночны ўсход ад Арэхава-Васільеўкі за 11 км). Байцы ПВК «Вагнер», па сцвярджэннях расійскіх крыніц, захапілі будынак школы на захад ад стадыёна «Металург» у цэнтры Бахмута.
Аналітыкі ISW заўважылі тэрмабарычную агнямётную сістэму «Санцапёк», што можа казаць пра тое, што на гэтым участку пачалі дзейнічаць рэгулярныя часткі ПДВ. «Санцапёк» — сістэма ўзроўню ваеннай акругі, але яе прымяненне, на думку ISW, не дасць расійскім войскам вырашальнай перавагі.У ISW заўважылі, што ў сераду прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дапусціў магчымасць выхаду з Бахмута, каб пазбегнуць акружэння. Аднак пакуль украінскае камандаванне лічыць, што магчымасць адыходу захоўваецца.
«Крок адчаю» з боку РФ
Расіяне зноў мяняюць тактыку і актывізуюць авіяцыю на поўдні Украіны, а таксама прывязваюць да беспілотнікаў гранаты і спрабуюць біць там, дзе збіраюцца людзі, у тым ліку дзе раздаецца гуманітарная дапамога, распавяла спікер «ОК Південь» Наталля Гумянюк.
Паводле яе слоў, прымяненне ворагам авіяцыі з кіраванымі авіябомбамі — гэта ўжо пэўны «крок адчаю», таму што «больш выкарыстоўваць няма чаго». «Для іх вельмі цяжка размяшчаць артылерыйскія пазіцыі на тых участках, над якімі мы працуем з агнявога пункту гледжання. І, зачышчаючы паласу ў 30 км, мы пакідаем усё менш і менш пазіцый акупантам, адкуль яны могуць артылерыяй, мінамётамі наносіць удары па правым беразе, хоць яны ўсё ж вышукваюць такія пазіцыі», — дадала Гумянюк.Брытанская выведка мяркуе, што ў Расіі звальненняў вышэйшага вайсковага кіраўніцтва ў 2023 годзе будзе значна больш, бо войска РФ не можа дасягнуць мэт Крамля на Данбасе. Аналітыкі спасылаюцца, у прыватнасці, на інфармацыю аб верагодным звальненні генерал-палкоўніка Рустама Мурадава з пасады камандуючага Усходняй групоўкай войскаў пасля няўдалых нападаў на Вугледар і вялікіх страт расійскіх войскаў.
Перамовы пра мір: заявы ўкраінскага і расійскага бакоў
Украіна будзе гатова да перамоў па Крыме, калі УСУ правядуць паспяховае контрнаступленне і дойдуць да адміністрацыйных меж паўвострава з Херсонскай вобласцю, заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэй Сібіга ў інтэрв'ю «Financial Times». «Калі нам удасца дасягнуць нашых стратэгічных мэт на полі бою і калі мы будзем на адміністрацыйнай мяжы з Крымам, мы гатовы адкрыць дыпламатычную старонку для абмеркавання гэтага пытання. Гэта не азначае, што мы выключаем варыянт вызвалення [Крыма] нашай арміяй», — сказаў ён.
Сібіга падкрэсліў, што Зяленскі і яго памочнікі цяпер абмяркоўваюць такі варыянт выключна для тэрыторыі акупаванага Крыма. «Financial Times» адзначае, што заява аб зацікаўленасці Кіева ў перамовах з Масквой стала першай з красавіка 2022 года.
Дэпутат Дзярждумы, чалец перамоўнай групы з Украінай, якая дзейнічала ў пачатку расійскага ўварвання, Леанід Слуцкі заявіў, што Расія не адмаўляецца ад магчымасці дыпламатычнага ўрэгулявання «ўкраінскага канфлікту», але з улікам «тэрытарыяльных рэалій».
Таксама ўчора падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Варшаву Польшча і Украіна падпісалі пагадненне аб вайсковых пастаўках. Пагадненне ахоплівае пастаўкі Польшчай бронетранспарцёраў «Rosomak», самаходных мінамётаў «Rak», пераносных зенітна-ракетных комплексаў «Piorun», знішчальнікаў МіГ і іншай зброі. Акрамя таго, Зяленскі і польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі абмеркавалі стварэнне ў Польшчы сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці боепрыпасаў і зброі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у бліжэйшыя гадзіны сустрэнуцца са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне. Яны паспрабуюць пераканаць кітайскае кіраўніцтва выкарыстоўваць свой уплыў, каб спыніць агрэсію Пуціна.
Дапамога для Украіны
ЗША адправяць Украіне эксперыментальную зброю для барацьбы з іранскімі і кітайскімі дронамі, піша профільнае выданне «Defence One» са спасылкай на прадстаўнікоў дзяржкампаніі «SAIC». У новым пакеце ваеннай дапамогі гэтыя сістэмы пазначаны як «дзесяць мабільных ракетных комплексаў анты-БПЛА з лазерным навядзеннем». Адзін стрэл з новага комплексу абыходзіцца менш чым у 30 тысяч долараў — а гэта значна танней, чым у больш буйных ракет для СПА, якія выкарыстоўвае Украіна.
Краіны-чальцы ЕС дагэтуль не могуць вызначыцца, як рэалізаваць закупку мільёна боепрыпасаў для Украіны, піша «Politico» са спасылкай на крыніцы. Так, 5 красавіка паслы ЕС сустрэліся, каб абмеркаваць гэта пытанне, але не дасягнулі значнага прагрэсу. Дыпламаты спрачаюцца, ці аддаваць кантракты замежным вытворцам, ці пакінуць іх выключна еўрапейскім кампаніям. Паводле інфармацыі некалькіх крыніц, Францыя настойвае на тым, каб грошы засталіся ў межах ЕС, а Грэцыя і Кіпр падтрымліваюць Парыж, таму што хочуць пазбегнуць кантрактаў з турэцкімі вытворцамі.Пентагон паведаміў, што заключыў кантракт з кампаніяй «General Dynamics» на стварэнне танкаў «Abrams M1A1» для Украіны. Кантракт павінен быць выкананы да 29 верасня, яго сума — 27,1 млн долараў.
Украіна — Грузія
Украіна перадала заходнім партнёрам інфармацыю аб найбліжэйшым бізнес-асяроддзі грузінскага алігарха Бідзіна Іванішвілі, якое праз свае структуры дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі, паведаміў нардэп Давід Арахамія. Ён таксама адзначыў вельмі важную падзею, якая адбылася сёння: пад санкцыі ЗША ўпершыню трапілі чацвёра грузінскіх суддзяў за дачыненне да карупцыі. «На маю думку, гэта апошняе папярэджанне Бідзіне Іванішвілі, які пераходзіць усе чырвоныя лініі, нелегальна кантралюючы грузінскія ўлады», — адзначыў Арахамія.
Расія спрабавала пераканаць Раду Бяспекі ААН, што дзяцей з Украіны яны ратавалі, а не скралі
Дзіцячы амбудсмен РФ Марыя Львова-Бялова, ордар на арышт якой выдаў Міжнародны крымінальны суд, выступіла перад Радай Бяспекі ААН праз відэасувязь. Яна заявіла, што Масква нібыта каардынуе з міжнароднымі арганізацыямі пытанне вяртання вывезеных у Расію ўкраінскіх дзяцей у іх сем'і. Прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Албаніі і Мальты пакінулі сустрэчу.
Пазней больш за 50 краін выпусцілі сумесную заяву ў адказ на выступленне ў Радзе Бяспекі ААН расійскай упаўнаважанай па правах дзіцяці. Там узгадваецца, што Марыя Львова-Бялова абвінавачваецца Міжнародным крымінальным судом у выкраданнях украінскіх дзяцей. У заяве сказана, што ніякая расійская дэзынфармацыя не дапаможа адмаўляць ісціну і ўхіляцца ад адказнасці.
Паводле korrespondent.net, ВВС; сацсетак, Украінскай службы РБК