478-мы дзень вайны ва Украіне: Расія паказала афрыканскім міратворцам, як яна імкнецца да міру

Сённяшні начны ракетны ўдар па Кіеве быў адным з самых моцных за час вайны. Аднак і раніцай на Кіеў зноў паляцелі ракеты. Відаць, так РФ прадэманстравала, што яна думае наконт перспектыў візіту афрыканскіх міратворцаў.

Фота Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Фота Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Афрыканскія міратворцы ў Кіеве і абстрэл украінскай сталіцы ўдзень

У Кіеў прыбыў прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса, які ў складзе афрыканскай дэлегацыі абмяркуе з Зяленскім «мірны план». Заўтра дэлегацыя збіраецца ў Санкт-Пецярбургу сустрэцца з Пуціным.

Лідары ПАР, Егіпта, Сенегала, Уганды, Замбіі і Рэспублікі Конга прыехалі з міратворчай місіяй, накіраванай на ўсталяванне міру пасля ўварвання Расіі ва Украіну.

Вайсковая адміністрацыя Кіева і паветраныя сілы раніцай 16 чэрвеня папярэдзілі пра пагрозу прымянення балістычных ракет. Перад гэтым у сталіцы і вобласці працавала СПА. Пасля папярэджання на Кіеў зноў паляцелі ракеты.

Кулеба заявіў, што расійскі ракетны ўдар падчас знаходжання афрыканскіх лідараў у Кіеве — гэта мэсэдж Афрыцы: Расія імкнецца толькі да вайны, а не да міру.

Тым часам афрыканская дэлегацыя наведала Бучу.

Сярод захадаў, якія могуць прапанаваць афрыканскія палітыкі: адвод расійскіх войскаў, вывад з Беларусі тактычнай ядзернай зброі, прыпыненне дзеяння ордэра МУС на арышт Пуціна і паслабленне антырасійскіх санкцый. Яны таксама хочуць «безумоўнага пагаднення па збожжы і ўгнаеннях», у якім вельмі зацікаўлена Афрыка.

У суботу, 17 чэрвеня, дэлегацыя афрыканскіх міратворцаў накіруецца ў Санкт-Пецярбург на сустрэчу з Пуціным.

Пяскоў заявіў, што «ўкраінская праблема» можа вырашыцца рознымі спосабамі, Пуцін падтрымлівае «любыя наборы ідэй для заканчэння канфлікту».

Адметна, што на пецярбургскім форуме да прыезду Пуціна адключаць увесь мабільны інтэрнэт — нібыта для правядзення «тэхнічных работ», але напраўду для таго, каб засцерагчы пляцоўку форуму ад магчымай атакі беспілотнікаў, паведамляе «Медуза».


Паветраная трывога раніцай 16 чэрвеня і выбухі ў Кіеве — што вядома

У пятніцу раніцай, 16 чэрвеня, у Кіеве і шэрагу абласцей была абвешчана трывога ў сувязі з ракетнай атакай. Неўзабаве ў Кіеўскай вобласці пачала працавала СПА: знішчаны шэсць ракет «Кінжал», шэсць крылатых ракет «Калібр» і два разведвальныя беспілотнікі.

У Кіеўскай вобласці з-за ракетнага ўдару былі разбураны прыватныя дамы, ёсць пацярпелыя. Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведаміў кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Нябытаў: «У выніку ракетнага ўдару ворага ў адным з раёнаў Кіеўшчыны пашкоджаны прыватныя дамы. Пачаўся пажар. Ёсць пацярпелыя». Ён дадаў, што на месцы працуе паліцыя, медыкі і ратавальнікі.

Начны ўдар па Кіеве: колькі «Кінжалаў» збіла СПА і ці мог адзін з іх трапіць у «Patriot»?

Расійскі ўдар па Кіеве ракетамі розных тыпаў у ноч на пятніцу стаў адным з самых магутных за апошні час. Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны сцвярджае, што Расія выкарыстала 18 ракет паветранага, марскога і наземнага базіравання, а таксама дроны «Shahed»-136 і 131. Сярод ракет, якімі абстрэльвалі Кіеў, былі «Калібры» і гіпергукавыя «Кінжалы».

Наконт вынікаў абстрэлу Міністэрства абароны Украіны і Расіі зрабілі заявы, якія супярэчаць адна адной.

У Кіеве сказалі, што ў выніку працы СПА былі збіты ўсе паветраныя цэлі, у тым ліку шэсць гіпергукавых ракет Х-47 М2 «Кінжал».

Мінабароны Расіі заявіла, што яны нанеслі ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага і марскога базіравання «па пунктах дыслакацыі падраздзяленняў УСУ, а таксама месцах захоўвання боепрыпасаў, узбраення і вайсковай тэхнікі, дастаўленых з заходніх краін». Пры гэтым, нібыта, расійская армія патрапіла ва ўсе цэлі, у якія меціла, прычым адна з ракет — «Кінжал» — нібыта трапіла ў ЗРК «Patriot».

  • Уначы расіяне абстралялі з рэактыўнай і ствольнай артылерыі таксама Новабярыслава Херсонскай вобласці, загінулі два чалавекі, яшчэ двое атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксандр Пракудзін.
  • У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў паранены дзесяць чалавек. 
  • У Запарожскай вобласці адзін пацярпелы, паводле даных АВА.

 

Навіны вайны

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 16 чэрвеня: асабовага складу — каля 218 500 (+590 за мінулыя суткі) чалавек.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua


Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя суткі адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Расіяне працягваюць перамяшчаць асобныя найбольш баяздольныя часткі на Бахмуцкі кірунак.

Пра гэта паведаміў камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандр Сырскі. «Разам з тым, мы працягваем весці наступальныя дзеянні на асобных напрамках, займаем стратэгічныя вышыні, лесапалосы з мэтай паступовага выцяснення ворага з подступаў да Бахмута. Разумеючы гэта, варожыя падраздзяленні аказваюць адчайны супраціў», — паведаміў ён.

Па словах Сырскага, у сувязі з гэтым украінскія планы патрабуюць перыядычнай карэкціроўкі і ўдакладнення.

Падраздзяленні УСУ мелі поспех падчас наступу на некалькіх кірунках.

Пра гэта распавёў спікер Генштаба Украіны Андрэй Кавалёў. У прыватнасці, украінскія сілы паспяхова вялі наступальныя дзеянні на напрамках Новаданілаўка — Рабоціна (Запарожская вобласць) і Ляваднае —Старамаёрскае (на мяжы Запарожскай і Данецкай абласцей).

У раёне Вугледара падраздзяленні УСУ мелі поспех на асобных участках, замацоўваюцца на занятых рубяжах. Таксама яны паспяхова вялі наступальныя дзеянні ў раёне на ўсход ад населенага пункта Ступачкі Данецкай вобласці, выціснулі там з пазіцый расійскія войскі.

Уначы ўкраінскія сілы СПА знішчылі два іранскія ўдарныя БПЛА «Shahed-136/131» у Мікалаеўскай вобласці. Таксама за мінулыя суткі знішчаны ўдарны БПЛА «Ланцэт», «Арлан-10», «Арлан-30», «Zala» і адзін дрон неўстаноўленага тыпу, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны.

Брытанская выведка паведамляе, што расійскі генерал Сяргей Гарачаў «амаль напэўна» загінуў на поўдні Украіны.

Сяргей Гарачаў стаў першым расійскім генералам з пачатку 2023 года, гібель якога была пацверджана. Гарачаў быў кіраўніком штаба 35-й агульнавайсковай арміі УС РФ, таксама, верагодна, на момант гібелі ён выконваў абавязкі камандуючага арміяй.

У Луганскай вобласці расіяне актыўна распрадаюць вайсковую маёмасць.

354452485_606779334968482_4447081467759273601_n.jpg

Фота Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

У асноўным гэта навабранцы нядаўна створаных штурмавых атрадаў «Шторм-Z», якія збягаюць са сваіх падраздзяленняў разам са стралковай зброяй. Улічваючы недаатрыманне абяцаных па кантракце выплат, «штурмавікі» кампенсуюць «страты» як могуць: яны забіраюць у сваіх падраздзяленнях грузавыя аўтамабілі, якія запаўняюць казённай маёмасцю. У асноўным гэта аўтазапчасткі, шыны і паліва. Потым яны спрабуюць рэалізаваць усё гэта ў бліжэйшых населеных пунктах і з'язджаюць «у невядомым кірунку».

Дэзерцірства актывізуецца і ў рэгулярных частках арміі РФ. На гэта паўплывала як актывізацыя баявых дзеянняў і вялікія страты, так і нядаўняя адмена адпачынкаў для вайскоўцаў. У прыватнасці, 90 узброеных расіян збеглі са сваіх пазіцый паблізу вёскі Арапаўка Сватаўскага раёна Луганскай вобласці.

Экалагічная катастрофа на ГЭС

Прарасійскія «ўлады» акупаванай Херсонскай вобласці заявілі пра 25 загінулых пасля падрыву Кахоўскай ГЭС, яшчэ 17 чалавек зніклі без вестак.

Узровень забруджвання вады ў Дняпры перавышае норму ў 28 тысяч разоў па пэўных паказчыках, паведаміў у інтэрв'ю BBC міністр аховы здароўя Віктар Ляшко.

Паводле яго слоў, уся акваторыя ніжэй за Кахоўскую дамбу, а таксама ўкраінскае ўзбярэжжа Чорнага мора непрыдатныя для выкарыстання і купання. Ачышчальныя збудаванні перайшлі на экстранныя рэжымы дэзынфекцыі, узмоцнены маніторынг якасці вады ў вадаправоднай сетцы, адзначыў Віктар Ляшко.

Што з NATO?

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус не выключыў, што саюзнікі ў NATO могуць пагадзіцца на спрошчанае ўступленне Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс. Пры гэтым NATO выключае магчымасць уступлення Украіны, пакуль яна знаходзіцца ў стане актыўнай вайны.

Таксама Пісторыус заявіў, што Германія «неадкладна» дасць Украіне яшчэ 64 кіраваныя ракеты для сістэм «Patriot».

Байдэн падтрымаў прапанову Столтэнберга наконт таго, што Украіне не трэба будзе выконваць план дзеянняў па сяброўстве ў NATO, паведамляе «Axios» са спасылкай на свае крыніцы.

Партнёры Украіны ўжо да ліпеня плануюць зацвердзіць праграму навучання ўкраінскіх пілотаў, інжынераў і тэхнікаў на знішчальніках F-16. Пра гэта паведаміў Рэзнікаў па выніках пасяджэнняў «Рамштайна» і Камісіі Україна — NATO. Самі вучэнні будуць праходзіць у спецыяльна створаным цэнтры ў адной з еўрапейскіх краін. Таксама міністр заявіў, што «кааліцыя птушачак адбылася».

Рэзнікаў таксама пацвердзіў, што Украіна і NATO заменяць свой цяперашні фармат афіцыйных сустрэч у выглядзе камісіі новым фарматам Рады на саміце ў Вільні або пасля яго. Паводле яго слоў, гэта будзе «новы ўзровень адносін, больш высокі ўзровень узаемадзеяння». «Гэта калі Украіна будзе хоць яшчэ і не сябрам NATO, але ўжо на роўных будзе ўваходзіць ва ўсе камітэты, прысутнічаць на ўсіх прадстаўнічых пасяджэннях з правам падымаць пытанні, якія, у прыватнасці, прапісаны ў іх пагадненнях», — растлумачыў міністр.

 

Навіны замежных партнёраў

Ярмак паведаміў, што правёў сустрэчу ў Кіеве са спецыяльным пасланнікам ЕС па пытаннях імплементацыі санкцый Дэвідам О'Саліванам. Кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта падкрэсліў, што ЕС павінен больш актыўна прыцягваць украінскую каманду да санкцыйнай працы, бо ўкраінскі бок валодае інфармацыяй пра асоб, набліжаных да вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ, якія непасрэдна задзейнічаны ў вайне супраць Украіны ці падтрымліваюць расійскую агрэсію.

У якасці прыкладу ён прывёў нядаўнія публічныя заклікі расійскіх прапагандыстаў да знішчэння ўкраінскай тэхнікі і абяцанні «ўзнагароджання» за гэта. «Мы разлічваем на тое, што гэтыя прапагандысты трапяць пад санкцыі», — падкрэсліў Ярмак. Таксама падчас сустрэчы бакі абмеркавалі перспектывы ўвядзення новага 11-га пакета санкцый ЕС.

Украіна ўстанавіла дакладнае месцазнаходжанне і прозвішчы 11 палонных, якіх РФ перадала Венгрыі. Пра гэта паведаміў украінскі ўпаўнаважаны па пытаннях зніклых без вестак Алег Кацянкоў. Паводле яго слоў, да гэтага часу пра сем з 11 украінцаў не было ніякіх звестак.

Віктар Орбан заявіў, што ваенная сітуацыя ва Украіне робіцца «ўсё больш сур'ёзнай», таму ён даў даручэнні вайсковаму кіраўніцтву краіны: «Шмат непрадказальных момантаў. У гэты час арганізацыі, якія адказваюць за бяспеку Венгрыі, і іх кіраўнікі павінны быць пастаянна гатовы да дзеянняў, што б ні здарылася».