Ваяваць беларускай арміі лепш з тымі, хто не можа адказаць: мёртвыя — не кусаюцца!
Малодшы саюзнік імкнецца зрабіць усё, абы беларускай арміі не давялося ваяваць, бо можа атрымацца крыху няёмка. А ваяваць з нябожчыкамі нават зручней, чым з лекарамі і дзяўчаткамі з кветкамі, бо букетам можна і па твары атрымаць, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Агенцтва «Рэйтэрс» учора паведаміла аб новай мірнай ініцыятыве. На гэты раз план мірнага ўрэгулявання па Украіне прапануюць лідары пяці афрыканскіх дзяржаў. З пасрэдніцкай місіяй вырашылі выступіць прэзідэнты ПАР, Сенегала, Егіпта, Замбіі і Каморскіх астравоў.
Вось былі ж часы, калі планы мірнага ўрэгулявання прапаноўваў Расіі Шольц. Макрон рэгулярна спрабаваў што-небудзь урэгуляваць. Кітай пасрэднічаў.
У зусім ужо былінныя часы, калі Кіеў за тры дні ўжо не ўзялі, а жэста добрай волі яшчэ не зрабілі, нават NATO, па-мойму, выступала з нейкімі абмежаванымі мірнымі ініцыятывамі.
А цяпер план мірнага ўрэгулявання прапануюць лідары афрыканскіх дзяржаў.
Прычым лідары гэтых афрыканскіх дзяржаў не проста прапануюць Расіі свой план мірнага ўрэгулявання. Яны робяць гэта без павагі. Яны ж нічога не разумеюць у расійскай тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці расійскіх меж. Яны прапануюць Расіі адвесці войскі і вывесці расійскую ядзерную зброю з Беларусі.
Узамен абяцаюць паспрыяць у тым, каб адмяніць ордэр на арышт Пуціна і аслабіць асобныя санкцыі.
Вось пры ўсёй павазе да лідараў афрыканскіх дзяржаў, мне здаецца, што гэта кажа аб некаторай дэвальвацыі геапалітычнага значэння Расіі. Таму што далей Расіі давядзецца абмяркоўваць мірныя ініцыятывы з прэзідэнтамі Науру і Кірыбаці. (І зноў жа, Науру і Кірыбаці я не меў намеру пакрыўдзіць).
Хоць заўсёды ж пад рукой малодшы саюзнік. У малодшага саюзніка ёсць, праўда, некаторыя праблемы з міжнародным аўтарытэтам. У адрозненне ад прэзідэнтаў Науру і Кірыбаці. Затое яго мірныя ініцыятывы гаючыя для ўшчэмленай велічы Расіі.
А з тых часоў, як Кіеў амаль узялі за тры-чатыры дні, малодшы саюзнік стаў вялікім міратворцам і аматарам мірных ініцыятыў. У перапынках паміж маханнем расійскай ядзернай бомбай.
Малодшы саюзнік нават Крым гатовы быў здаць каму-небудзь у арэнду. Не ўдакладніў, праўда, каму. Але гэта для яго, я думаю, і не важна. Галоўнае, каб як-небудзь неспадзявана самому не давялося ваяваць. Таму што, калі хто-небудзь захоча праверыць непераможнасць беларускага войска на практыцы, можа атрымацца крыху няёмка.
Такім чынам, ваяваць малодшы саюзнік імкнецца выключна з тымі, хто яму не можа адказаць. Вось учора беларускія дэпутаты прынялі закон аб крымінальнай адказнасці для мёртвых, таму што ваяваць з мёртвымі нават яшчэ больш бяспечна, чым ваяваць з лекарамі за сумнеўныя фатаграфіі, айцішнікамі з аватаркай не таго колеру, шматдзетнымі маці ў няправільных шкарпэтках або дзяўчынкамі з букетамі. Букетам жа можна і па твары атрымаць! А мёртвыя — не кусаюцца. Ім балюча, але яны не кусаюцца.
P.S. А вось сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, могуць і ў вока дзяўбануць.