Што адбылося з актывамі беларусаў ва Украіне?
Ваенны канфлікт не толькі практычна цалкам выкрасліў украінскі рынак з гандлёвых і інвестыцыйных планаў беларусаў, але і зрабіў кампаніі, якія працавалі там, аб'ектам санкцый, пішуць «Беларусы і рынак».
Што з лютага 2022 года — пасля пачатку вайны — адбылося з актывамі беларусаў ва Украіне? Нічога добрага: санкцыі, блакіраванне актываў, арышт, нацыяналізацыя, банкруцтвы. Але ёсць і выключэнні
Санкцыйны спіс
Нягледзячы на тое, што беларускі бок не дасылае сваіх салдат ваяваць ва Украіну і быццам бы не з'яўляецца прамым удзельнікам канфлікту, нашы кампаніі на тэрыторыі Украіны падпалі пад такія ж санкцыі, як і расійскія.
Як падлічыў «Оffice Life», пасля таго, як у кастрычніку мінулага года згодна з рашэннем Савета нацыянальнай бяспекі быў выдадзены першы ўказ Уладзіміра Зяленскага аб прымяненні «персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер», пад санкцыямі аказаліся 118 прадпрыемстваў і арганізацый з Беларусі. Сярод іх — некалькі ведамстваў (Мінабароны, «Беллегпрам», «Белнафтахім», УУС Гомельскай вобласці) і з дзясятак размешчаных у Беларусі структур расійскіх карпарацый.
Чым непрыемнае траплянне ў чорны спіс? Згодна з мясцовым законам аб санкцыях, украінскія ўлады маюць права заблакіраваць знойдзеныя на сваёй тэрыторыі актывы, цалкам спыніць усе іх гандлёвыя аперацыі і транзіт, вывад капіталу за межы краіны, спыніць выкананне фінансавых абавязацельстваў, ануляваць ліцэнзіі, адмяніць льготы, забараніць удзел у прыватызацыі, у тэндарах, перадачу тэхналогій і г. д.
Арышт і нацыяналізацыя
Блакіраванне актываў, гэта значыць пазбаўленне права на кіраванне маёмасцю, становіцца пераходным этапам да канфіскацыі ўласнасці. Актывы па ініцыятыве Службы бяспекі Украіны і іншых ведамстваў пераходзяць пад кіраванне Агенцтву па вышуку і менеджменце актываў (АРМА), а ў яго задачы ў тым ліку ўваходзіць пошук новых уласнікаў.
У 2022-2023 гадах падобныя меры ўжываліся ў першую чаргу ў дачыненні да беларускай дзяржуласнасці і мясцовых дыстрыб'ютараў з дзяржкапіталам — нафтапрадуктаў і іншай маёмасці «БНК-Украіна», вагонаў БЧ і ўгнаенняў «Беларуськалія», тэхнікі МАЗа, маёмасці і асфальтабетонных заводаў «Белаўтадар-Украіна», абсталявання нафтасэрвіснай кампаніі «Сэрвіс Ойл».
Вядомы два выпадкі, калі АРМА выставіла актывы беларусаў на таргі. Маёмасць «Сэрвіс Ойл», у тым ліку яе карпаратыўныя правы, атрымала адна з даччыных структур Рыната Ахметава. З траўня АРМА праводзіць конкурсны адбор новага кіраўніка Оўруцкім шчэбеневым заводам, які раней належаў Гомельскаму гарсавету.
Першапачатковы акцэнт на дзяржсектары даў час на рэструктурызацыю бізнесу ва Украіне беларускім прыватнікам. Як правіла, яна выявілася ў продажы (перадачы) долей уладальнікам з іншых краін, часам суправаджалася і рэбрэндынгам. Так, у вытворцы сонечнай энергіі «Экатэхніка вялікая Дабрань», якім да 2022 года фактычна валодаў Аляксандр Машэнскі, цяпер уласнік з Ісландыі, а былы аўтатранспартны бізнес Васіля Смятаніна «Аўтамаз-Украіна» кантралюе грузінскі інвестар. У мясцовай «дачкі» ГК «Садружнасць», якая належала беларуска-расійскім бізнесменам Аляксандру і Наталлі Луцэнкам, цяпер уласнік зарэгістраваны ў Люксембургу, а яна перайменавана ў Падольскую гандлёвую кампанію.
Банкруцтва і страты
Закрыццё рынку і канфіскацыя маёмасці ставяць беларускія бізнесы ва Украіне на мяжу банкруцтва.
Пад гэтай працэдурай з нядаўніх часоў знаходзіцца кампанія «Белаўтадар-Украіна». Пасля выхаду з капіталу ўкраінскага партнёра ліквідуецца сумеснае прадпрыемства Гандлёвы дом «МТЗ-Беларусь-Украіна».
Увосень мінулага года пачаўся працэс банкруцтва найбуйнейшай беларускай кампаніі ва Украіне — нафтатрэйдара «БНК-Украіна». Аднак у траўні ён быў прыпынены — не выключана, што яе ў выглядзе маёмаснага комплексу хочуць «прапусціць» праз таргі АРМА для пошуку новага ўладальніка.
Патэнцыйнае банкруцтва, падобна — гэта выхад для многіх іншых бізнесаў беларусаў ва Украіне. Большасць з рэзідэнтаў, у разы скараціўшы продажы, скончылі мінулы год са стратамі. Гэта палова з топ-10 найбуйнейшых бізнесаў беларусаў па выніках 2022 года.
Знайшліся і тыя, у каго рост і па выручцы, і па чыстым прыбытку. Але гэта, як правіла, высокатэхналагічныя кампаніі, уладальнікі якіх не знаходзяцца ў Беларусі.