537-мы дзень вайны. Расійцы адступаюць, бо іх салдаты — п’яныя
Расійскія войскі вымушаныя былі пакінуць частку Ураджайнага, бо не дачакаліся падтрымкі танкавых частак, экіпажы якіх былі п’яныя. У той жа час расійскія маракі робяць выгляд «паспяховых аперацый», дакладаючы камандаванню пра неіснуючыя інцыдэнты. Асноўнае з франтоў на раніцу 14 жніўня.
Контрнаступ УСУ
Байцы Сіл абароны Украіны маюць пэўны поспех ва Ураджайным на паўднёвым кірунку. Гэты пасёлак знаходзіцца недалёка ад нядаўна вызваленага Старамаёрскага, заявіла намесніца міністра абароны Ганны Маляр на брыфінгу ў Military Media Center.
«На гэтым тыдні працягваліся баі ў населеным пункце Ураджайнае, там ёсць пэўныя поспехі», — сказала намесніца міністра. Яна адзначыла, што прасоўванне УСУ стрымлівае мінныя палі ворага і пабудаваная акупантамі магутная лінія абароны.
Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў у каментары The Guardian распавёў, што падчас контрнаступлення ўкраінскія вайскоўцы часам сустракаюць па 5 расійскіх мін на квадратны метр тэрыторыі. «Сёння Украіна з'яўляецца найбольш замініраванай краінай у свеце. Сотні кіламетраў мінных палёў, мільёны выбуховых прылад, на некаторых участках фронту да пяці мін на квадратны метр. Расійскія мінныя палі з'яўляюцца сур'ёзнай перашкодай для нашых войскаў, але не непераадольнай. У нас ёсць кваліфікаваныя сапёры і сучаснае абсталяванне, але гэтага вельмі недастаткова для фронту, які працягнуўся на сотні кіламетраў на ўсходзе і поўдні Украіны», — сказаў ён.
Па даных Інстытута вывучэння вайны (ISW), украінскія вайскоўцы працягваюць развіваць поспех на поўдні краіны ў ходзе контрнаступальных аперацый. Пры гэтым расійскія войскі не спыняюць штурмавыя дзеянні ў раёнах Купянска і Сватава, дзе ідуць цяжкія баі.
УСУ 13 жніўня працягнулі наступальныя дзеянні ў раёне мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і прасунуліся на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі. Расійскія блогеры заяўлялі, што ўкраінскія сілы атакавалі Ураджайнае (9 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі) і захапілі расейскія пазіцыі ў паўночнай частцы пасёлка, але расійскія сілы, верагодна, захоўваюць некаторыя пазіцыі на поўдні пасёлка.
12 жніўня расійскі блогер паскардзіўся, што 37-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада не выдзеліла танкавыя часткі для падтрымкі сваёй пяхоты ва Ураджайным і 10 жніўня датэрмінова выйшла з населенага пункта нібыта праз адсутнасць падмацаванняў, калі напраўду асабовы склад часткі быў п'яны ў тыле.
Маштабны абстрэл Адэсы
Пасля таго, як Расія выйшла са «збожжавай угоды», узмацніліся атакі на марскую інфраструктуру Украіны. Войскі РФ у ноч з 13 на 14 жніўня нанеслі камбінаваны ўдар па Адэсе з выкарыстаннем крылатых ракет і дронаў-камікадзэ, у выніку якога паўстала некалькі пажараў. «Па выніках варожай атакі ў Адэсе ад падзення абломкаў ракет успыхнула некалькі пажараў. У будынках выбуховай хваляй выбітыя вокны», — гаворыцца ў паведамленні кіраўніка Адэскай АВА.
Сілы абароны поўдня Украіны паведамілі, што ўначы 14 жніўня Адэса была атакаваная тройчы, сілы СПА збілі 15 ударных БПЛА і 8 ракет тыпу «Калібр», абломкі збітых ракет пашкодзілі супермаркет і інтэрнат, папярэдне пацярпелі тры чалавекі.
З тэрыторыі РФ на працягу сутак быў здзейснены 21 абстрэл па населеных пунктах Сумскай вобласці. Пад удар акупантаў трапілі 9 тэрытарыяльных абшчын у прыгранічных раёнах. У выніку нападаў былі пашкоджаныя дамы. 13 жніўня ў рэгіёне былі зафіксаваныя 144 выбухі.
Уначы 14 жніўня войска РФ абстраляла Херсон, пацярпелі тры мірныя жыхары. Пра гэта паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Чарговы ўдар па жылых кварталах горада адбыўся каля 2 гадзін ночы. Двое мужчын, 48 і 44 гады, атрымалі цяжкія раненні, у 85-гадовай жанчыны — траўмы сярэдняй ступені цяжкасці.
За мінулыя суткі вораг здзейсніў 83 абстрэлы, выпусціўшы 399 снарадаў па населеных пунктах Херсоншчыны.
Расійскія вайскоўцы нанеслі 99 удараў па 24 населеных пунктах Запарожскай вобласці за мінулыя суткі. У выніку варожых нападаў загінулі два чалавекі.
Фэйкавая вайна на моры
Мінабароны Расіі заявіла, што спыніла ў Чорным моры замежнае грузавое судна «Сукра Окан» пад сцягам Палаў, якое ішло ва ўкраінскі порт. Карабель нібыта не рэагаваў на так званыя «патрабаванні прыпынку, улічваючы прадмет перавозкі забароненых грузаў». Нібыта для прымусовага спынення з расійскага баявога карабля быў адкрыты папераджальны агонь. Расійцы сцвярджаюць, што з мэтай «агляду» сухагруза з борта патрульнага карабля быў узняты верталёт Ка-29 з групай вайскоўцаў, якія затым высадзіліся на замежнае судна і праверылі яго.
Аднак Міжнародная выведвальная супольнасць InformNapalm заяўляе, што расійцы схлусілі аб паспяховым аглядзе судна Sukru Okan, як і аб папераджальных стрэлах.
«Па даных аб'ектыўнага кантролю, які падалі для InformNapalm маракі аднаго з судоў, якія назіралі за гэтай падзеяй з адлегласці, МО РФ схлусіла аб паспяховым аглядзе судна. “Сукра Окан” не падпарадкавалася патрабаванням рашыстаў застапарыць ход, а проста часова змяніла курс у напрамку берага, тэрытарыяльных вод Турцыі. Ніякага верталёта не было, і папераджальных стрэлаў таксама. Былі толькі пагрозы расійцаў у радыёэфіры», — адзначаецца ў паведамленні.
Кіраўніца аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк у эфіры тэлемарафона сказала, што заява расійскага Мінабароны пра нібыта агляд судна «Sukru Okan» у Чорным моры больш нікім афіцыйна не пацверджаная.
Таемныя аперацыі на фронце
Выведка Вялікабрытаніі піша, што за апошні тыдзень уздоўж ніжняй плыні Дняпра ўспыхнулі баі невялікага маштабу. Украінскія сілы праводзілі рэйды або стваралі невялікія плацдармы ў новых месцах на ўсходнім беразе, які ўтрымліваецца Расіяй. Гэта адбывалася ў дадатак да пашырэння плацдарма, які Украіна падтрымлівае каля разбуранага Антонаўскага моста з чэрвеня 2023 года. У некаторых з гэтых аперацый, верагодна, выкарыстоўвалася ратацыя мясцовых расійскіх сіл.
Па даных брытанскай выведкі, таксама працягваюцца сутычкі за кантроль над невялікімі выспамі ў Дняпроўскім лімане.
«Перад расейскім камандаваннем стаіць дылема: умацоўваць гэты раён або перакідваць войскі на ўсход ад — у раёны асноўных контрнаступальных аперацый Украіны», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.
Адзначым, што раней у Мінабароны Украіны пазней абверглі інфармацыю пра нібыта прарыў УСУ на ўсходнім беразе Дняпра. Аднак 14 жніўня намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр сказала, што ўкраінскія вайскоўцы паспяхова выканалі заданні на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. «Там былі выкананы пэўнымі падраздзяленнямі пэўныя задачы, мы, вядома, не можам раскрываць, што менавіта было зроблена, але з гэтымі задачамі справіліся», — сказала яна.