562-гі дзень вайны: Ракета трапіла ў будынак у Крывым Рогу, ёсць ахвяры і больш за 40 параненых
Раніцай 8 верасня ва Украіне ў 13 рэгіёнах была аб'яўлена паветраная трывога. Вайскоўцаў папярэдзілі пра пагрозу ракетнага ўдару. У Крывым Рогу прагрымеў магутны выбух.
Крывы Рог. Абстраляны будынак міліцыі: 1 загінулы, 40 параненых
У пятніцу, 8 верасня, у Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласці прагрымеў выбух. Пра гэта паведаміў кіраўнік Крыварожскай ваеннай адміністрацыі Аляксандр Вілкула: «Крывы Рог. Выбух. Мы нічога не здымаем і не выкладваем у інтэрнэт», — папярэдзіў ён.
Пазней стала вядома, што войскі РФ абстралялі будынак міліцыі ў Крывым Рогу. Адзін міліцыянт загінуў, шмат параненых, траіх выцягнулі з-пад завалаў. Пра гэта напісаў у Telegram кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка.
«Крывы Рог. Пралёт па цэнтры горада. Разбураны адзін з будынкаў РУУС. У выніку расійскай атакі загінуў міліцыянт. Ратавальнікі ДСНС дасталі з-пад завалаў яшчэ траіх у цяжкім стане», — сказаў ён.
Паводле слоў Кліменкі, па стане на 10.00 пацярпелі 25 чалавек. У 11 гадзін стала вядома, што пацярпелі ўжо 40 чалавек — большасць знаходзіцца ў стане сярэдняй цяжкасці або «здавальняючым», аднак ёсць і «цяжкія».
«На месцы супрацоўнікі МНС тушаць пажар плошчай 200 квадратных метраў. Акрамя таго, пашкоджаны і бліжэйшыя жылыя дамы. Выратавальныя работы працягваюцца», — дадаў ён.
Аляксандр Вілкул паведаміў, што варожая ракета трапіла ў будынак адміністрацыі, дзе размяшчаліся некалькі офісаў, у тым ліку і офіс фонду Аляксандра Вілкула «Украінская перспектыва».
Паліцыя праводзіць пакватэрны агляд пашкоджаных бліжэйшых жылых дамоў, каб праверыць стан жыхароў.
Удар па Сумах і затрыманне жанчыны, якая карэктавала агонь
У Сумах уначы прагрымелі выбухі. Мясцовыя ўлады паведамілі, што ў рэгіёне працуе супрацьпаветраная абарона. Каля 5.30 раніцы здарыўся чарговы ракетны напад. Мэр Аляксандр Лысенка паведаміў, што ракеты былі нацэлены на прыватныя дамы ў раёне Казацкага праспекта.
Пазней стала вядома, што з-за ўдару быў разбураны двухпавярховы жылы дом, узнік пажар на значнай плошчы. З-пад завалаў выратавалі мужчыну і жанчыну. У выніку варожага ракетнага ўдару па Сумах пацярпелі два чалавекі, значныя разбурэнні атрымаў жыллёвы сектар.
Ракетны ўдар па Запарожжы: пашкоджана школа
Раніцай 8 верасня ракетамі абстралялі Запарожжа, пад абстрэл патрапілі аб'екты цывільнай інфраструктуры. Гэта трэці раз за тры дні! Ёсць як мінімум адна ахвяра.
Пра гэта паведамляе кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Юрый Малашка і сакратар аблсавета Анатоль Курцеў. Па словах чыноўнікаў, верагодна, РФ абстраляла горад балістычнымі ракетамі.
У выніку ранішняга ракетнага ўдару па Запарожжы пачаліся два пажары — у адміністрацыйным двухпавярховым будынку і ў газавым модулі паблізу. Пацярпеў адзін чалавек. Дзякуючы дзеянням ратавальнікаў удалося не дапусціць выбуху цыстэрнаў з метанам, паведамілі ў МУС
Цяпер зафіксавана, што ў выніку дзеяння выбуховай хвалі пашкоджаныя вокны 30 шматпавярховых дамоў і трох навучальных устаноў. «Падлік шкоды працягваецца... Гарадскія службы ўжо выехалі на месцы», — сказаў Курцеў.
Навіны вайны
- Расіяне скінулі авіябомбу на Дабракаменку Херсонскай вобласці — тры чалавекі загінулі, чацвёра паранены, паведамілі ў МУС.
- Ноччу расіяне абстралялі сяло Петрапаўлаўка Купянскага раёна Харкаўскай вобласці, адзін чалавек паранены, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.
- Абстраляна сяло Кучарыўка Купянскага раёна, пашкоджаны жылы дом.
- На працягу сутак РФ абстрэльвала населеныя пункты Харкаўскага, Багадухаўскага, Чугуеўскага і Купянскага раёнаў. Адзін чалавек паранены ў выніку ўдару дрона па прыватным доме ў сяле Гранаў Харкаўскага раёна.
- Акрамя таго, паміж горадам Барвенкава і сялом Чырвонае Ізюмскага раёна падчас працы ў полі на міну наехаў трактар, паранены трактарыст. А ў раёне сяла Масьпанава Чугуеўскага раёна на выбуховай прыладзе падарваўся грузавы аўтамабіль, два чалавекі атрымалі цяжкія раненні.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ на раніцу 8 верасня: асабовага складу — каля 267 540 (+640 за суткі) чалавек.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 39 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. На купянскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі атакі праціўніка ў раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — у раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці; на бахмуцкім — у раёнах Арэхава-Васільеўкі, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на аўдзееўскім — у раёнах Кераміка і Аўдзееўкі Данецкай вобласці; на мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці; на шахцёрскім — у раёне на поўдзень ад Прачыстаўкі.
У той жа час Сілы абароны маюць частковы поспех на поўдзень ад Бахмута, а таксама ў раёне на поўдзень ад Рабоціна Запарожскай вобласці.
Ноччу СПА знішчыла 16 з 20 ударных БПЛА «Shahed-136/131», паведаміла камандаванне паветраных сіл. Расія атакавала Адэскую вобласць групамі ўдарных дронаў з паўднёва-ўсходняга і паўднёвага напрамкаў (Прыморска-Ахтарск — РФ, мыс Чауда — Крым). Беспілотнікі знішчаны ў межах Адэскай і Мікалаеўскай абласцей.
«Выбары» на акупаванай частцы Украіны: магутныя выбухі на ўчастку ў Бярдзянску
Дзярждэп ЗША прыгразіў санкцыямі і візавымі абмежаваннямі тым, хто падтрымае «выбары» на анексаваных украінскіх тэрыторыях, у тым ліку «міжнародным назіральнікам».
На пачатку верасня РФ спрабуе зладзіць «выбары» ў акупацыйныя органы ўлады.
30 жніўня Служба бяспекі Украіны заявіла, што арганізавала чарговую «бавоўну» для «кадыраўцаў» і калабарантаў, якія рыхтаваліся да «выбараў» на часова акупаванай частцы Запарожжа. У горадзе Каменка-Дняпроўская, калі там збіраліся «старшыні ўчастковых выбарчых камісій» усяго раёна, адбылася атака беспілотнікаў на «выбарчы ўчастак». Там сабралася больш за 30 прарасійскіх актывістаў, якіх ахоўвалі расійскія вайскоўцы, у прыватнасці, «кадыраўцы».
А сёння апоўначы на тэрыторыі ліцэя ў Бярдзянску, дзе знаходзіцца адзін з «выбарчых участкаў», прагрымелі два выбухі.
Пра гэта ў Telegram паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў: «Бярдзянскія акупанты гучна пачынаюць псеўдавыбары».
Фёдараў распавёў, што апоўначы на тэрыторыі Бярдзянскага муніцыпальнага ліцэя, дзе РФ размясціла адзін з «выбарчых участкаў», прагрымелі два магутныя выбухі. «Вайсковая ахова дапамагчы не паспела — засталася пад заваламі», — дадае ён і адзначае: гэта паказвае акупантам, што настаў час «згортваць псеўдавыбары».
У Марыупаль прыехала група
кітайскіх блогераў і оперная спявачка
У Марыупаль прыбылі кітайская оперная спявачка Ван-Фан і група кітайскіх блогераў, паведаміў спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка. Ён падкрэсліў, што гэты прыезд з'яўляецца незаконным, а таксама прыкладам «поўнай маральнай дэградацыі», паколькі спявачка выканала песню «Кацюша» на руінах драмтэатра, у якім расійскае войска забіла больш за 600 мірных украінцаў.
«Украіна паважае тэрытарыяльную цэласнасць Кітая і чакае ад кітайскага боку тлумачэнняў мэты знаходжання кітайскіх грамадзян у Марыупалі, а таксама шляхоў іх трапляння ў часова акупаваны ўкраінскі горад. МЗС Украіны ініцыюе забарону ўезду ва Украіну для ўсіх гэтых кітайскіх «гастралёраў», — падкрэсліў Нікаленка.