706-ты дзень вайны. «Зяленскі становіцца непрадказальным гульцом»
Ноччу Расія здзейсніла масіраваную атаку дронамі, якая на Мікалаеўшчыне і Херсоншчыне выклікала разбурэнні, ёсць пацярпелы.
Паводле звестак Сіл абароны поўдня Украіны, беспілотнікі былі накіраваны з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора па паўднёва-ўсходніх і цэнтральных абласцях Украіны.
Адзначаецца, што сіламі падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны поўдня на працягу амаль трох гадзін напружанай баявой працы было знішчана пяць БПЛА тыпу «Shahed-131/136».
«На жаль, на Херсоншчыне ёсць траплянне ў аграпрадпрыемства. Успыхнуў пажар, маштабы разбурэнняў удакладняюцца», — распавялі ўкраінскія вайскоўцы. Паведамляецца, што гэты пажар ужо ліквідаваны. Пакуль інфармацыі аб пацярпелых не паступала.
Таксама ў Мікалаеўскай вобласці абломкі збітага БПЛА ў адным з раёнаў на дарозе патрапілі ў грузавы аўтамабіль, які перавозіў насенне сланечніка. Яго кіроўца атрымаў раненні, машына загарэлася. Ратавальнікі патушылі пажар, але агонь амаль цалкам знішчыў грузавік. Як запэўніваюць у Сілах абароны, мужчыну аказана адпаведная медыцынская дапамога.
Па даных кіраўніка Мікалаеўскай вобласці Віталя Кіма, кіроўца грузавіка атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, яго стан цяпер стабільны. Чыноўнік дадаў, што 29 студзеня а 20:47 і 23:31 і сёння ўначы расійскія артылерыйскія абстрэлы фіксаваліся па населеных пунктах Куцурубскай абшчыны. Там пацярпелых няма.
Каля вёскі Табаеўка Купянскага раёна Харкаўскай вобласці працягваюцца баі, РФ не захапіла гэты маленькі населены пункт, чым раней хвалілася. Пра гэта паведаміў начальнік службы сувязяў з грамадскасцю камандавання Сухапутных войскаў УСУ, падпалкоўнік Уладзімір Фіцьё ў эфіры тэлемарафону.
«Табаеўку вораг не захапіў. Каля яе працягваюцца баі. Нашы абаронцы спрабуюць адцясніць ворага на папярэднія пазіцыі, дзе ён быў раней. Таму ўсе заявы, якія робіць вораг з нагоды захопу гэтага малюсенькага сяла, не адпавядаюць рэчаіснасці», — падкрэсліў ён.
Фіцьё дадаў, што ўчора расійцы панеслі там страты: шмат параненых, ёсць знішчаная і падбітая тэхніка, у акупантаў поспеху там няма.
«Вораг цяпер спрабуе атрымаць хоць нейкія перамогі, таму што чым бліжэй выбары ў Оркастане, то больш трэба крамлёўскаму кіраўніку любых перамог, каб гэта ўсё падаць праз тэлевізар для сваіх грамадзян. На вялікі жаль, там яшчэ перамагае тэлевізар над халадзільнікам», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, РФ патрэбны хоць нейкія так званыя перамогі. Ён сказаў, што расійцы радуюцца захопу такога населенага пункта, як Крухмальнае, у якім да шырокамаштабнага ўварвання жыло 45 чалавек, распавядае пра Табаеўку, якая яшчэ меншая.
«Гэта яны ў інфармацыйным полі прадаюць свайму грамадству як узяцце Берліна, таму любая гэтак званая перамога для іх — гэта нешта неверагоднае», — адзначыў Фіцьё.
Пры гэтым ён адзначыў, што Табаеўка не мае нейкага стратэгічнага значэння: яна размешчана ў нізіне, гэта багністая мясцовасць, і кантраляваць яе надзвычай цяжка.
За мінулыя суткі адбылося 70 баявых сутыкненняў, з іх траціна на аўдзееўскім кірунку. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.
Адзначаецца, што на аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. «Нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы захопнікам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 16 нападаў акупантаў у раёнах населеных пунктаў Новабахмутаўка, Аўдзееўка і яшчэ восем нападаў каля Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці», — сказана ў паведамленні.
На мар’інскім кірунку ўкраінскія воіны працягваюць стрымліваць праціўніка непадалёк Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта восем нападаў.
Таксама ў Генштабе адзначаюць, што на купянскім кірунку адбіта сем нападаў каля Сінькоўкі і на ўсход ад Пяшчанага Харкаўскай вобласці.
На ліманскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі чатыры атакі ў раёнах Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці і Церняў Данецкай вобласці.
На бахмуцкім напрамку сіламі абароны адбіты тры атакі паблізу Багданаўкі і Іванаўскага Данецкай вобласці.
На шахцёрскім напрамку адбіты дзве атакі ў раёне Залатой Нівы Данецкай вобласці.
На запарожскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі дзве атакі на захад ад Вербавага і Рабоціна Запарожскай вобласці.
Паводле даных Генштаба, на херсонскім кірунку сілы абароны працягваюць мерапрыемствы па пашырэнні плацдарма. Там праціўнік здзейсніў восем беспаспяховых штурмавых дзеянняў.
Сілы абароны наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць іх уздоўж усёй лініі фронту. У прыватнасці, за мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла ўдары па 20 раёнах засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі і па двух зенітна-ракетных комплексах РФ. Падраздзяленнямі ракетных войскаў нанесены ўдары па двух сродках супрацьпаветранай абароны, чатырох артылерыйскіх сродках і станцыі радыёэлектроннай барацьбы.
У Генштабе адзначаюць, што расійцы ў той жа час б’юць па мірных гарадах — нанеслі 10 ракетных удараў зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 па грамадзянскай інфраструктуры Мірнаграда, Лісоўкі Данецкай і Музыкоўкі Херсонскай абласцей. Таксама нанесена 114 авіяцыйных удараў, здзейснена 99 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. У выніку гэтых удараў ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся жылыя прыватныя і шматкватэрныя дамы, школа і іншая грамадзянская інфраструктура.
УСУ дасягнулі значнага прагрэсу ў працэсе пераходу на стандарты Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТО). Партнёры дапамагаюць Украіне пабудаваць уласную абаронна-прамысловую базу, адзначаецца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW) са спасылкай на даныя Міністэрства абароны.
Паведамляецца, што са снежня 2023 года па студзень 2024 года Украіна ўкараніла больш за 18 стандартаў НАТО, у прыватнасці, па абароне асабовага складу, камунікацыйнай падрыхтоўцы ваенна-марскіх сіл, а таксама працэдуры для інфармацыйных і транспартных сістэм.
Заходнія партнёры працягваюць прыкладаць намаганні для развіцця ўласнай абаронна-прамысловай базы ў падтрымку Украіны. У прыватнасці, на днях генеральны дырэктар нямецкага вытворцы зброі «Rheinmetall» Армін Папергер заявіў у інтэрв'ю «Bild», што кампанія будуе новы завод па вытворчасці боепрыпасаў у Германіі. Прадпрыемства будзе займацца «стратэгічнай бяспекай паставак» і забеспячэннем бесперабойнай пастаўкі ва Украіну.
«Папергер таксама адзначыў, што ў 2023 годзе «Rheinmetall» атрымала ад федэральнага ўрада Германіі больш за 10 млрд еўра заказаў на ваенныя закупкі для Узброеных сіл Германіі і Украіны, і што гэтая сума, верагодна, вырасце да 15 млрд еўра ў 2024 годзе», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ідзе на вялікую рызыку, каб пераламаць ход вайны і захаваць свае палітычныя пазіцыі ўнутры краіны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра больш агрэсіўныя ўдары па расійскіх аб'ектах.
Як гаворыцца ў артыкуле «Time», пакуль Расія пераводзіць сваю эканоміку на вайсковыя рэйкі, Украіна сутыкаецца з неабходнасцю мабілізаваць сотні тысяч навабранцаў, а таксама з праблемамі з дапамогай ад хаўруснікаў. У гэты час амерыканскія выбаршчыкі ўсё больш разыходзяцца ў меркаваннях, ці зможа краіна вярнуць акупаваныя тэрыторыі.
Выданне адзначае, што нават калі Украіне ўдасца мабілізаваць яшчэ 500 тысяч вайскоўцаў, гэта не дапаможа ў вайне супраць краіны-агрэсара са значна большымі насельніцтвам і эканомікай. Таму ўлады спрабуюць пашырыць уласную абаронную вытворчасць, у прыватнасці — беспілотных лятальных апаратаў, якія могуць паражаць цэлі ў РФ.
Журналісты адзначаюць, што цяпер узрасла імавернасць забойстваў расійскіх чыноўнікаў, звязаных з вайной, а таксама частых атак БПЛА і ракет па акупаваным Крыме і расійскай вайсковай і эканамічнай інфраструктуры. Акрамя таго, пад ударам могуць апынуцца нафтавыя і збожжавыя аб'екты ў Чорным моры, а таксама Крымскі мост.
«Любы з гэтых нападаў (а магчымых цэляў шмат) спалучаны з
рызыкай адплаты з боку Пуціна, што прывядзе да больш непасрэднага ўцягвання НАТО ў
канфлікт. Ні Расія, ні НАТО не хочуць такога пашырэння, але войны пачынаюць жыць
сваім уласным жыццём, асабліва калі адзін з ключавых гульцоў — у
гэтым выпадку Зяленскі — становіцца непрадказальным, за якім цяпер
трэба сачыць», — дадае «Time».