746-ты дзень вайны. Атакі нафтавых аб’ектаў Расіі вымусілі яе эканоміць бензін
Вайна, якую працягвае Расія, мае для яе нечаканыя наступствы. Верагодна, у Расіі з’явіцца дэфіцыт танкаў, а сама яна вымушаная ўводзіць мараторый на стратэгічны для яе экспарт нафтапрадукты. Між тым, асаблівых поспехаў на фронце не відаць — пасля «ўзяцця» Аўдзееўкі пасунуцца наперад не ўдалося.
Ва Украіне на фронце на працягу сутак адбылося 73 баявыя сутыкненні. Расійскія войскі знізілі інтэнсіўнасць штурмавых дзеянняў на Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках у Данецкай вобласці, паведаміў у ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
Асноўныя баі праходзяць на Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках. На Аўдзееўскім напрамку абаронцамі Украіны адбітыя 16 атак паблізу населеных пунктаў Бердзічы, Арлоўка, Тоненькае, Першамайскае. На Новапаўлаўскім напрамку ўкраінскія войскі працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе расійцы пры падтрымцы авіяцыі больш за 30 разоў спрабавалі прарваць абарону Украіны.
На Арэхаўскім напрамку абаронцы адбілі 8 атак праціўніка ў раёнах на ўсход ад Леваднага, Рабоціна і на захад ад Вербавай Запарожскай вобласці.
На Ліманскім напрамку абаронцы Украіны адбілі 7 атак праціўніка, на Бахмуцкім — 6 атак.
Як паведаміў у эфіры тэлемарафона афіцэр прэс-службы 26 артылерыйскай брыгады імя Рамана Дашкевіча Алег Калашнікаў, на Бахмуцкім напрамку расійцы павялічылі прымяненне фугасных авіябомбаў: калі раней гэтыя выпадкі былі адзінкавымі, то сёння гэта ўжо пераходзіць на дзясяткі. Акрамя таго, Расія перайшла да тактыкі механізаваных ударных штурмавых груп, узмацніла і артылерыйскі складнік. Па словах Калашнікава, вораг не шкадуе ні тэхнікі, ні асабовага складу і спрабуе прасоўвацца па некаторых лакацыях.
* * *
Украінскія вайскоўцы ў ноч на 10 сакавіка збілі 35 з 39 ударных дронаў тыпу «Шахед», якія расійскія войскі ўжылі для паветранага ўдару па тэрыторыі краіны, паведаміў камандуючы паветранымі сіламі Узброеных Сіл Украіны Мікалай Аляшчук.
Як удакладнілі ва УСУ, акрамя 39 «Шахедаў» расійцы таксама запусцілі па Украіне 4 зенітных кіраваных ракет С-300, якімі ўдарылі па Харкаўскай і Данецкай абласцях.
Трапленнем аднаго з дронаў на прамысловым аб'екце ў Адэскім раёне пашкоджаны будынак. Пажар ратавальнікі аператыўна ліквідавалі. Людзі не пацярпелі.
Трапленнем на адкрытай тэрыторыі Мікалаеўшчыны дрон-камікадзэ пашкодзіў ЛЭП. Вядуцца аднаўленчыя работы.
Укрэнерга паведаміла, што расійскія БПЛА атакавалі дзве падстанцыі ў паўднёвым і цэнтральным рэгіёнах. Спажыўцы не абясточваліся. На месцы ўдараў працягваюцца аварыйна-аднаўленчыя работы.
* * *
* * *
The New York Times піша, што пасля захопу войскам РФ украінскага горада Аўдзееўкі расійскія войскі не змаглі развіць гэты поспех, і спыніліся вакол трох суседніх вёсак. Паводле звестак заходняга друку, Расія ўсё яшчэ захоўвае ініцыятыву на полі бою, а вайсковыя аналітыкі сцвярджаюць, што яе сілы ўсё яшчэ могуць прарваць украінскія абаронныя лініі праз паслабленне абаронных намаганняў і адсутнасць амерыканскай вайсковай дапамогі.
Аднак баявыя дзеянні ператварыліся ў безвыніковыя баі «наперад і назад», якія былі характэрныя для большасці баёў на перадавой у мінулым годзе.
«Захоп Аўдзееўкі не прывёў да краху ўкраінскіх ліній, магчымасці для расійцаў выйсці на адкрытую тэрыторыю або нават дамагчыся вялікіх поспехаў», — сказаў намеснік дырэктара Інстытута стратэгічных і абаронных даследаванняў ЗША Ціба Фуе.
Ваенныя эксперты называюць некалькі фактараў, якія запавольваюць прасоўванне: гэта мясцовасць, якая не падыходзіць для наступальных аперацый, знясільванне рускіх войскаў пасля месяцаў баёў, і ўкраінская армія, якая накіравала значныя сілы для абароны гэтага раёна.
* * *
Даследчыкі прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі з адкрытых крыніц і прыйшлі да высновы, што Расія вывезла ад 25 да 40 адсоткаў сваіх танкавых стратэгічных рэзерваў, у залежнасці ад мадэлі, са сховішчаў пад адкрытым небам, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Старшы навуковы супрацоўнік праграмы «Расія і Еўразія» Фонду Карнегі за міжнародны мір Дара Масікот ацаніла, што Расія, хутчэй за ўсё, вывезла са стратэгічнага рэзерву лепшую тэхніку, а на складах усё яшчэ захоўваецца «горшая» і «непрыдатная да эксплуатацыі» тэхніка.
Масікот таксама ацаніла, што «рэшткі расійскіх запасаў скароцяцца цягам наступных некалькіх гадоў», калі Расія захавае цяперашні тэмп аперацый.
У той жа час ваенныя аналітыкі адзначылі, што справаздачы аб «вытворчасці» расійскіх танкаў за апошнія гады ў асноўным адлюстроўваюць адноўленыя і мадэрнізаваныя танкі, узятыя з сховішчаў, а не новую вытворчасць.
Гэтыя ацэнкі сведчаць, што расійскія вайскоўцы ў асноўным выкарыстоўваюць тэхніку са сховішчаў для падтрымання баявых дзеянняў, а не для кампенсацыі страт на поле бою з дапамогай новай вытворчасці. Расія можа сутыкнуцца з недахопам тэхнікі ў бліжэйшыя некалькі гадоў, калі цяперашнія тэмпы страт застануцца такімі ж або паскорацца, а цяперашні ўзровень вытворчасці новых машын застанецца нязменным.
* * *
Украінскія ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах у РФ скарацілі магчымасці Масквы настолькі, што была ўведзеная забарона на экспарт бензіну. Пра гэта са спасылкай на разведданыя паведамляе Мінабароны Брытаніі ў сацсетцы Х (Twitter).
У паведамленні гаворыцца, што Расія 1 сакавіка ўвяла шасцімесячную забарону на экспарт бензіну, каб стабілізаваць кошты на ўнутраным рынку ва ўмовах росту попыту. У прыватнасці, пастанова Урада РФ №243 ад 29 лютага 2024 года аднаўляе экспартнае эмбарга, што першапачаткова дзейнічала з 21 верасня па 17 лістапада 2023 года.
«Імаверна, расійскія нафтаперапрацоўчыя магутнасці часова скараціліся праз шматлікія ўдары ўкраінскіх беспілотных лятальных апаратаў па НПЗ ва ўсёй Расіі», — мяркуе брытанскае ведамства.
Эмбарга знізіць ціск на пастаўшчыкоў і дазволіць Расіі адрамантаваць заводы. Аднак рамонт будзе доўжыцца даўжэй звычайнага, бо заходнія санкцыі перашкаджаюць імпарту ў некаторых неабходных кампанентаў, дадаюць брытанскія выведнікі.