798-мы дзень вайны. Цэнтр Адэсы атакаваны балістычнымі ракетамі
Ракетны ўдар касетнай зброяй па Адэсе можа сведчыць аб змене расейскай тактыкі, «скіраванай на тое, каб зрабіць невыносным жыццё грамадзянскіх украінцаў».
Расійцы ў ноч на 1 траўня атакавалі цэнтр Адэсы балістычнымі ракетамі. Загінулі тры чалавекі
Адзін з загінулых — супрацоўнік паліцыі, паведаміў кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер. Яшчэ тры чалавекі былі параненыя.
Па словах мэра Адэсы Генадзя Труханава, у выніку нападу пашкоджаныя жылыя дамы і грамадзянская інфраструктура.
Гэта ўжо другі ўдар па Адэсе за апошнія дні, які прывёў да гібелі людзей. Увечары 29 красавіка пад абстрэл патрапіла набярэжная ў раёне Літаратурнай вуліцы, у выніку загінулі пяць чалавек.
Ракетны ўдар касетнай зброяй па Адэсе можа сведчыць аб змене расейскай тактыкі, «скіраванай на тое, каб зрабіць невыносным жыццё грамадзянскіх украінцаў», — The New York Times.
Расійцы нарошчваюць пастаўкі зброі і тэхнікі «для падтрымання патрэбных тэмпаў наступу»
Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу правёў нараду ў штабе Аб'яднанай групоўкі войскаў. Шайгу заслухаў справаздачы камандуючых групоўкамі войскаў ва Украіне і заявіў, што расійскія войскі «працягваюць выконваць баявыя задачы ў адпаведнасці з планам спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Пры гэтым ён адзначыў, што «для падтрымання патрэбных тэмпаў наступу» расійцам трэба больш зброі і тэхнікі.
Украінскія беспілотнікі другі раз за два месяцы атакавалі Разанскі нафтаперапрацоўчы завод
У ноч на сераду кіраўнік Разанскай вобласці паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што рэгіён быў атакаваны дронам.
«РБК-Украіна» са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах называе ўдар дронаў па заводзе аперацыяй Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны. Выданне адзначае, што гэты НПЗ раней ужо атакавалі ўкраінскія беспілотнікі —13 сакавіка 2024 года.
У сацсетках і тэлеграм-каналах з'явіліся фота і відэа, на якіх, як сцвярджаецца, паказаны наступствы атакі на НПЗ. Мяркуючы па іх, на заводзе пачаўся пажар.
«Украінская праўда» таксама са спасылкай на крыніцу ў ГУР піша, што завод атрымаў «значныя пашкоджанні», аднак наступствы атакі ўдакладняюцца.
Два чалавекі загінулі, яшчэ два пацярпелі ў выніку авіяўдару па Харкаўскай вобласці
Як заявіў кіраўнік адміністрацыі рэгіёну Алег Сінягубаў, каля 10 раніцы армія РФ скінула карэкціруемыя авіябомбы на пасёлак Залочаў у Багадухаўскім раёне.
У выніку загінулі мужчына і жанчына, якія ў момант удару былі ў машыне.
Таксама загарэліся яшчэ тры аўтамабілі недалёка ад месца ўдару, пацярпелі 77-гадовы мужчына і 74-гадовая жанчына.
Расія захапіла шосты населены пункт у Данецкай вобласці за тыдзень
Расейскія войскі ўзялі пад кантроль сяло Новакалінава і пасёлак Керамік у раёне Ачарэціна Данецкай вобласці, вынікае з дадзеных украінскага праекта DeepState.
Такім чынам, колькасць населеных пунктаў, якія перайшлі пад кантроль Расіі з мінулай серады, 24 красавіка, дасягнула шасці. Расія змагла нарасціць тэмпы наступу, паколькі прарвала ўмацаваныя абарончыя лініі УСУ ў гэтым раёне, піша выданне «Агенство. Новости».