Ваенныя эксперты: Ці ўтрымае Украіна абарону да лета?

Нягледзячы на цяперашнія цяжкасці УСУ, эксперты не чакаюць масіраванага прарыву фронту з боку расійскай арміі. 

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Саслабленая недахопам боепрыпасаў і рэзерваў украінская армія адступіла з некалькіх вёсак у Данбасе. Што гэта азначае для агульнай сітуацыі на фронце і без чаго Кіеву будзе складана стрымаць расійскі наступ, высвятляла dw.com

Расія ўжо наступае на Аўдзееўскім кірунку на фронце ва Украіне ці яшчэ толькі рыхтуецца да гэтага? Пра што кажа адступленне УСУ ў канцы красавіка з некалькіх вёсак у Данбасе? Чаму аднаўлення паставак зброі Кіеву з ЗША можа аказацца недастатковым для ўтрымання абароны?

Камандуючы ўзброенымі сіламі Украіны (УСУ) Аляксандр Сырскі паведаміў, што сітуацыя «абвастрылася», Расія дасягнула на некаторых кірунках у Данбасе «тактычных поспехаў», але «аператыўнай перавагі» не дамаглася. 

Глядзіце таксама

Расія робіць стаўку на знясіленне УСУ

Апытаныя DW заходнія эксперты лічаць, што сітуацыя на лініі фронту на канец красавіка 2024 года не з'яўляецца маштабным наступам РФ.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней казаў, што такі наступ чакаецца ў канцы траўня або ў чэрвені.

«Мы знаходзімся на этапе, які ў вайсковай тэрміналогіі называецца фазай падрыхтоўкі да будучых наступальных аперацый Расіі», — сказаў у гутарцы з DW аўстрыйскі вайсковы аналітык Франц-Штэфан Гадзі (Franz-Stefan Gady). З ягоных слоў, расіяне працягваюць наступаць, спрабуючы «адціскаць і высільваць украінскія войскі па ўсёй лініі фронту».

Франц-Штэфан Гадзі адзначае, што нядаўна ўхвалены ў ЗША пакет вайсковай дапамогі можа «запаволіць расійскі наступ», але без дадатковай жывой сілы Украіне «будзе цяжка ўтрымаць усю лінію фронту» працягласцю больш за 1000 кіламетраў.

Аб імкненні Расіі знясіліць УСУ заявіў у гутарцы з DW і аўстрыйскі палкоўнік, ваенны гісторык Маркус Райснер (Markus Reisner). Ён мяркуе, што РФ спрабуе настолькі знясіліцьукраінскія рэсурсы, каб у вачах Масквы гэта непазбежна прывяло да абвалу фронту.

Са слоў Райснера, Расія, са свайго боку, забяспечвае сваю групоўку ва Украіне бесперапынным патокам зброі, боепрыпасаў і жаўнераў, што дае ёй магчымасць праводзіць гэтую стратэгію «без спешкі». 

Глядзіце таксама

Якім можа быць расійскі наступ?

Асноўны напрамак расійскага наступу ў бліжэйшыя месяцы — Данбас, лічыць Франц-Штэфан Гадзі. «Мэтай будзе галоўная абарончая лінія, якая абапіраецца на два стратэгічна важных горада — Краматорск і Славянск, — кажа эксперт. — Узяцце Часава Яра дасць расійскай арміі магчымасць атакаваць гэтую абарончую лінію на паўднёвым флангу, а таксама пагражае іншым лагістычным вузлам, такім, як Пакроўск».

Аднак эксперт не чакае наступу на Харкаў. Удары па другім найбуйнейшым горадзе Украіны Гадзі лічыць часткай «інфармацыйнай вайны» і спробай «падарваць маральны дух украінцаў». 


Глядзіце таксама

Для перамогі патрэбныя тысячы танкаў Abrams

Эксперты адзначаюць, што ў публічных ацэнках сітуацыі на фронце ў СМІ бываюць памылковыя ўяўленні. Так, Франц-Штэфан Гадзі называе завышанымі чаканні ад асобных сістэм узбраенняў, хай гэта нават будуць дальнабойныя ракеты ATACMS для наземных комплексаў, якія пачалі пастаўляць ЗША, і крылатыя ракеты, якія ўжо прадстаўляюцца Вялікабрытаніяй і Францыяй, або знішчальнікі F-16, пастаўкі якіх чакаюцца летам.

«Гэта па-ранейшаму артылерыйская вайна і вайна на знясіленне, для вядзення якой патрэбна жывая сіла, паслядоўная дастаўка артылерыйскіх снарадаў і сродкаў СПА, — адзначае эксперт. — Усё гэта важней, чым ударныя машыны далёкага дзеяння». 

Амерыканскія танкі Abrams. Фота: U.S. Army / abaca / picture alliance

Амерыканскія танкі Abrams. Фота: U.S. Army / abaca / picture alliance

Гадзі таксама адзначыў, што ў СМІ часта не ўлічваюць расійскія контрмеры. Пра гэта сказала ў інтэрв'ю DW і эксперт Вашынгтонскага аналітычнага цэнтра Stimson Center Кэлі Грыко. Паводле яе слоў, досвед паказаў, што з'яўленне новых сістэм узбраенняў дае Украіне перавагу «прыкладна на чатыры-шэсць тыдняў, пасля чаго расіяне, як правіла, адаптуюцца».

Таму ATACMS, на яе думку, не пераломяць сітуацыю. У тым ліку і таму, што іх колькасць абмежаваная, кажа Грыко.

Маркус Райснер адзначае, што ў вайны на знясіленне свае законы, значэнне мае не толькі агульны аб'ём ваеннай дапамогі Захаду, але і яе бесперапынны паток. Гэты паток быў перапынены амаль на паўгода, калі Кангрэс ЗША не мог прыняць рашэнне аб новым пакеце.

«Роля адыгрываюць не 31 танк Abrams, а 310, а магчымую перамогу гарантуюць 3100», — кажа эксперт.

Ён таксама лічыць памылковым уяўленне пра тое, што Украіна можа «лёгка трымаць абарону», калі будзе пакідаць адзін населены пункт за адным. Сітуацыя складанейшая, многае залежыць ад рэсурсаў, рэльефу мясцовасці і дзеянняў праціўніка.

Магчымы прарыў не толькі першай, але і другой лініі абароны, адзначае Райснер. Паводле яго слоў, на некаторых участках ўкраінскіх рэзерваў не хапіла, а лінія абароны аказалася недастаткова ўмацаванай. 

Слабыя месцы расійскай арміі

Нягледзячы на цяперашнія цяжкасці, эксперты не чакаюць масіраванага прарыву фронту з боку расійскай арміі. Маркус Райснер лічыць слабасцю арміі РФ яе цэнтралізаваную сістэму кіравання, хоць прызнае, што Масква «спрабуе адаптавацца».

Эксперт упэўнены, што Украіна можа выкарыстоўваць вопыт стратэгічных бамбаванняў з боку ЗША і Вялікабрытаніі ў Другой сусветнай вайне. Яго сутнасць — авіяцыйныя ўдары па уразлівых вузлавых пунктах праціўніка, напрыклад, «камандных цэнтрах, складах, лагістыцы».

Украіна выкарыстоўвае такі падыход, але яе магчымасці абмежаваныя як наяўнасцю боепрыпасаў і носьбітаў, у першую чаргу, самалётаў, так і ўмовай заходніх партнёраў не выкарыстоўваць іх зброю для удараў па тэрыторыі Расіі ў яе прызнаных межах.

«Расійскія ўзброеныя сілы ўсё яшчэ маюць абмежаванні ў правядзенні аперацый, асабліва ў тым, як яны іх маштабуюць», — кажа Франц-Штэфан Гадзі. З ягоных слоў, Расія паспрабуе ўзмацніць артылерыйскі агонь і стварыць імпульс для пералому летам ці восенню.

Ён мяркуе, што Расія можа найбліжэйшым часам захапіць яшчэ тэрыторыі, але ёй не ўдасца нанесці Кіеву вызначальную паразу, «выбіць Украіну з вайны». Паводле яго слоў, у бягучым годзе Кіеву варта засяродзіцца на аднаўленні сіл, чалавечых рэсурсаў і боепрыпасаў, «для будучых аперацый у 2025 годзе».