792-гі дзень вайны: Расія нарошчвае наступ на ўсходзе
Украінскія вайскоўцы спрабуюць утрымліваць пазіцыі адразу на трох кірунках. Там цяпер — самая складаная сітуацыя. І ўсе тры кірункі — у Данецкай вобласці: на Краматорскі (Часаў Яр – Канстанцінаўка), Мар’інскі (Курахава і Вуглядар) Аўдзееўскі — Пакроўскі.
СМІ даведаліся, колькі ракет ATACMS ужо атрымала Украіна
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таемна прыняў пастанову адправіць Украіне ракеты большага радыусу дзеяння яшчэ ў сярэдзіне лютага, сцвярджаюць крыніцы. Украіна атрымала ад ЗША больш за 100 тактычных балістычных ракет ATACMS вялікага радыусу дзеяння. Пра гэта напярэдадні паведаміла газета The New York Times.
"Са слоў высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка, прэзідэнт Байдэн таемна ўхваліў пастанову адправіць больш за 100 ракет у сярэдзіне лютага, што стала сур'ёзнай зменай палітыкі, а таксама было даслана больш касетных боепрыпасаў", — гаворыцца ў паведамленні.
Згадваецца, што адміністрацыя ЗША трымала адпраўку ATACMS у таямніцы, каб расіяне не былі папярэджаныя.
"Яны (ATACMS. — Рэд.) былі часткай грузу зброі коштам 300 млн долараў ва Украіну ў сакавіку, першага новага пакета дапамогі для краіны пасля заканчэння фінансавання ў канцы снежня", — піша газета.
Таксама сцвярджаецца, што дадатковыя ракеты большай далёкасці былі ўключаныя ў дапамогу Украіне сумай 60,8 млрд долараў, якую зацвердзіў прэзідэнт Байдэн у сераду.
Што адбываецца на фронце і якія задачы ставяць у Крамлі?
Расія стараецца не збаўляць наступу на ўсходзе. Самая складаная сітуацыя цяпер на трох кірунках. І ўсе яны — у Данецкай вобласці: на Краматорскім кірунку (Часаў Яр – Канстанцінаўка), Мар’інскім (Курахава і Вуглядар) Аўдзееўскім — Пакроўскім.
Ужо некалькі месяцаў расіянам удаецца перахапіць ініцыятыву на фронце. З верасня яны з пераменнай інтэнсіўнасцю наступалі на розных кірунках, пачынаючы ад Купянска і аж да Запарожскай вобласці, піша РБК - Украіна.
Купянскі кірунак цяпер адносна нязменны. На паўночным усходзе РФ спрабуе дзейнічаць толькі на Ліманскім кірунку. У прыватнасці, адкінуць падраздзяленні УСУ за раку Чорны Жарабец, якая працякае па адміністрацыйных межах Луганскай вобласці, а таксама ад Церняў і Ямпалаўкі.
На поўдні войска РФ хоча аднавіць пазіцыі, страчаныя падчас леташняга наступу ўкраінскіх падраздзяленняў на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках. Для гэтага расіяне ўвесь час спрабуюць прарвацца да Рабоціна, а таксама аднавілі атакі пад Старамаёрскім — у раёне так званага «Врэміеўскага выступу».
Аднак найбольш складаная сітуацыя захоўваецца менавіта на Усходзе. Верагодна, расіяне рыхтуюцца да свайго вялікага летняга наступу, у рамках якога хочуць рухацца альбо ў бок Краматорскай агламерацыі, альбо ў бок Курахава і Вуглядара, альбо адразу на абодва гэтыя аператыўныя кірункі.
Краматорскі кірунак: Часаў Яр — Канстанцінаўка
Важнасць Часавага Яра для РФ у тым, што ён з'яўляецца транспартным вузлом, які адкрывае дарогу на буйнейшы горад Канстанцінаўка. Гэта частка Краматорскай агламерацыі, якая з'яўляецца адной з найважнейшых задач Масквы ў плане выхаду на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласці.
Войскі РФ наступаюць на Часаў Яр з некалькіх бакоў з усходу: з боку Багданаўка — Калінаўка, непасрэдна на ўсходні мікрараён горада «Канал», а таксама па дарозе Т0504 (Н-32) з боку Іванаўскага. Прамежкавая задача салдат РФ у горадзе — прарыў да канала Северскі Данец — Данбас, які праходзіць ва ўсходняй яго частцы — з поўначы на поўдзень.
Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі кажа, што акупацыйнае войска мае загад захапіць Часаў Яр да 9 траўня, што пакуль не выглядае рэалістычным. Раней, яшчэ да рашэння Кангрэса ЗША аб дапамозе Украіне, абаронцы лічылі, што ёсць рызыка страціць Часаў Яр да канца траўня. Але з улікам таго, што літаральна праз некалькі тыдняў падраздзяленні УСУ на перадавой павінны атрымаць папаўненне ўзбраеннем і, галоўнае, боепрыпасамі, гэты прагноз можа некалькі змяніцца.
Рух у напрамку Краматорскай агламерацыі будзе праблематычным для РФ без вырашэння яшчэ адной задачы — захопу Северскага раёна, які фактычна ўкліньваецца ў лінію абароны Расіі. І тое, што яны сапраўды выношваюць такія планы, пацвярджае іх актывізацыя ў напрамку Белагораўкі і Раздолаўкі.
Аўдзееўскі — Пакроўскі кірунак: пагроза на трох участках
На гэтым напрамку войска РФ спрабуе выйсці і замацавацца на рубяжы Керамік — Ачарэціна — Уманск, дзе ўтрымліваюць пазіцыі УСУ. З гэтай мэтай расійскія салдаты атакуюць адразу некалькі населеных пунктаў, размешчаных на 20-кіламетровым адрэзку.
Нягледзячы на панесеныя ў Аўдзееўцы страты, РФ стараецца не змяншаць тэмпы наступлення на гэтым кірунку, відаць, баючыся, што дадатковы час дасць магчымасць умацаваць украінскую абарону. І, адпаведна, яе прарыў пасля некаторай паўзы можа стаць занадта складаным.
Найбольшы ціск РРФ аказвае на вёску Ачарэціна, у самой вёсцы ўжо ідуць баі, РФ ўдалося захапіць мясцовую чыгуначную станцыю. Увогуле, сутачнае прасоўванне расіян тут вымяраецца ад ста да некалькіх сотняў метраў.
Задача акупантаў на гэтым участку — рухацца або на Пакроўск, або на дарогу Т0504 (Н-32) у месцы яе сутыкнення з трасай Н-20. Цалкам верагодна, што расіяне абяруць адразу два варыянты. І першае, і другое ўваходзіць у агульную логіку дзеянняў праціўніка на іншых аператыўных кірунках — на поўначы ў раёне Часавага Яру і на поўдні ў раёне Мар'інка — Курахава.
Аднак самога ўзяцця Ачарэціна для гэтага недастаткова — РФ трэба прарвацца сюды больш шырокім фронтам, каб зняць рызыку флангавых удараў украінскіх войскаў. Таму захопнікі спрабуюць адначасова наступаць на Новакалінаўку, Новабахмутаўку, Салаўёўку, Бердычы, Сямёнаўку.
Мар’інскі кірунак: Курахава і Вуглядар
У раёне Мар'інкі войска РФ таксама спрабуе рухацца адразу на некалькі населеных пунктаў — на Краснагораўку, на Георгіеўку, на Новаміхайлаўку і далей на поўнач ад Першамайскага да Невельскага.
Сама вёска Новаміхайлаўка, па адкрытых дадзеных, практычна цалкам занятая РФ. Таму ў гэтым раёне наступным аб'ектам расіян, відавочна, стане вёска Канстанцінаўка (Мар'інскі раён). У Краснагораўцы ў горадзе ўжо ідуць баі. У Георгіеўку РФ пакуль не ўдалося дабрацца.
Ключавая мэта расіян на гэтым кірунку — спроба захапіць горад Курахава, што, у сваю чаргу, створыць умовы для наступу на горад Вугледар з поўначы. Больш глабальная мэта — «зачыстка» ўсяго Вуглядарскага «кліну» ад украінскіх войскаў. У той жа час актывізацыя расіян пад самім Вуглядарам паказвае на такі план. У прыватнасці, у раёне Паўлаўкі і Нікольскага фіксуецца павелічэнне колькасці асабістага складу РФ. Усе папярэднія спробы РФ атакаваць гэты горад толькі з поўдня заканчваліся для іх паразай.
***
- Украінскія ваенныя аналітыкі адзначаюць, што ўсё апісанае для расійскага войска — няпростая задача і не з'яўляецца чымсьці непазбежным.
- Асноўнай прычынай адносна хуткага прасоўвання РФ на Пакроўскім напрамку пасля заняцця Аўдзееўкі, урэшце, як і на ўсіх іншых участках, з'яўляецца недахоп боепрыпасаў і зенітных ракет ва ўкраінскіх войсках.
- З улікам ухвалення дапамогі з боку ЗША сітуацыя са снарадамі павінна палепшыцца. І гэта ў бліжэйшыя тыдні павінна дазволіць крыху стабілізаваць лінію фронту.
- Да таго ж і войска РФ таксама прыкметна знясіленае. Цяпер яно спрабуе максімальна выкарыстоўваць недахоп тэхнікі ва Украіны, пакуль не пачне паступаць больш актыўная дапамога партнёраў. Пасля гэтага РФ стане вельмі праблематычна весці наступ адразу на некалькіх аператыўных рубяжах.
Навіны вайны
- Раніцай Расія атакавала Чаркаскую вобласць, паведаміў кіраўнік АВА Ігар Табурэц. Паводле яго слоў, па хуткаснай паветранай цэлі адпрацавала комплексная абарона СПА. Паводле папярэдняй інфармацыі, пашкоджаны аб'ект крытычнай інфраструктуры ў Чаркаскім раёне, пацярпелі шэсць чалавек.
- У Сумах прагрымеў выбух. РФ нанесла ўдар па горадзе кіраванай авіябомбай. Пакуль ні ваеннае кіраўніцтва Украіны, ні іншыя афіцыйныя асобы ніяк не каментуюць сітуацыю. Перад выбухам ва Украіне была абвешчана маштабная паветраная трывога, якая трымалася з 14:52. А перад гэтым Ваенна-паветраныя сілы УСУ папярэдзілі пра актыўнасць расійскай авіяцыі ў паветранай прасторы Белгарадскай і Курскай абласцей і над акваторыяй Азоўскага мора.
- Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ па стане на раніцу 25 красавіка: асабовага складу — каля 462 980 (+1040 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 7255 (+13), баявых браніраваных машын — 13 942 (+14), артылерыйскіх сістэм — 11 836 (+28), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9449 (+10), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 15 949 (+57).
За мінулыя суткі на фронце адбылося 104 баявыя сутыкненні, паведаміў Украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, на Аўдзееўскім кірунку адбіта 27 атак РФ ў раёнах Ачарэціна, Салаўёва, Новакалінава, Бердычаў і Нетайлава Данецкай вобласці; на Бахмуцкім — 25 атак у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, а таксама Верхнякаменскае, Іванаўскае, Кляшчэеўка Данецкай вобласці.
Акрамя таго, РФ 21 раз спрабавала прарваць абарону ўкраінскіх войскаў на Новапаўлаўскім кірунку — у раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Новаміхайлаўкі, Ураджайнага Данецкай вобласці. Яшчэ 19 атак адбіта на Ліманскім кірунку — у раёнах Серабранскага лясніцтва, Неўскага Луганскай вобласці, а таксама Церняў і Торскага Данецкай вобласці.
На Купянскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі адну атаку ў раёне Берастава Харкаўскай вобласці; на Арэхаўскім — адну атаку ў раёне Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Херсонскім — чатыры атакі на левабярэжжы Дняпра.