875-ты дзень вайны. Яшчэ 95 абаронцаў Украіны вызваленыя з расійскага палону
Гэта вайскоўцы Узброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, памежнікі. Распавядаем галоўнае, што стала вядома за чарговы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Украіна і Расія правялі вялікі абмен палоннымі
Абмен адбыўся па формуле "95 на 95". Пасярэднікам выступілі ААЭ.
Уладзімір Зяленскі: «Мы працягваем вяртаць нашых людзей дадому. Яшчэ 95 абаронцаў вызваленыя з расійскага палону. Гэта вайскоўцы Узброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, памежнікі.
Дзякуй нашай камандзе абмену і Аб'яднаным Арабскім Эміратам за арганізацыю гэтага выпуску. Як бы цяжка ні было, мы шукаем усіх, хто можа быць у палоне. Мы павінны ўсіх вярнуць».
Reuters: Германія плануе ўдвая скараціць ваенную дапамогу Украіне ў 2025 годзе
У 2025 годзе Германія выдзеліць на ваенную дапамогу Украіне чатыры мільярды еўра. Гэта ўдвая менш, чым сёлета, паведамляе Reuters, у распараджэнні якога аказаўся праект бюджэту, падрыхтаваны ва ўрадзе ФРГ.
Мяркуецца, што ўрад Германіі зацвердзіць бюджэт на 2025 год 17 ліпеня — пасля некалькіх месяцаў спрэчак.
5 ліпеня паведамлялася, што кіруючыя партыі Германіі дасягнулі дамоўленасці па федэральнай бюджэце краіны на 2025 год. Як пісала Deutsche Welle, шмат рознагалоссяў было вакол сацыяльных выдаткаў. Ва ўрадзе таксама спрабавалі вырашыць пытанне аб тым, як закрыць "дзірку" ў 10 мільярдаў еўра, якая ўтварылася з-за недахопу падатковых паступленняў.
Пры выездзе з Украіны правяраюць ваенны білет ва ўсіх мужчын ад 18 да 60
З 00.00 17 ліпеня пагранічнікі правяраюць наяўнасць ваенна-ўліковага дакумента (ваенны білет або часовае пасведчанне ваеннаабавязанага) ва ўсіх украінскіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 60 пры выездзе з Украіны. Дакумент можа быць як папяровы, гэтак і ў электроннай форме. Пакуль канфліктаў на мяжы ці павелічэння колькасці адмоў не назіраецца, піша "Украінская праўда".
Глядзіце таксама
Дваіх хлопчыкаў вярнулі з часова акупаваных тэрыторый Украіны
«Вяртанню 6-гадовага Максіма і 12-гадовага Мікіты на падкантрольную ўраду Украіны тэрыторыю паспрыялі Мінрэінтэграцыі сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Украінская сетка за правы дзіцяці». У пачатку поўнамаштабнага ўварвання абодва хлопчыкі былі ў гасцях у бабулі і дзядулі. Максім у Запарожскай вобласці, Мікіта ў Луганскай вобласці. Пасля акупацыі адразу вывезці іх не ўдалося», — паведамілі ў Міністэрстве рэінтэграцыі ТОТ.
Еўрапарламент асудзіў візіт Орбана ў РФ
Еўрапарламент асудзіў візіт прэм'ер-міністра Венгрыі, якая старшынюе ў ЕС, Віктара Орбана ў Расію з так званай «місіяй міру» для Украіны. А таксама пацвердзіў сваю пазіцыю, што ЕС павінен працягваць падтрымку Кіева столькі, колькі гэта неабходна для перамогі.
Адпаведная рэзалюцыя была прынятая ў сераду ў Страсбургу падчас першага пленарнага пасяджэння новаабранага Еўрапарламента.
Бельгія прафінансуе праекты рэканструкцыі Украіны на €150 млн
Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.
Сродкі будуць накіраваныя на аднаўленне энергетычнай і сацыяльнай інфраструктуры ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях.
«Пагадненне спрашчае рэалізацыю нашых сумесных праграм і праектаў, будзе спрыяць аднаўленню, эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю нашай дзяржавы. Мы дзякуем Бельгіі за непахісную падтрымку Украіны ў барацьбе за нашу свабоду, незалежнасць і еўрапейскую будучыню», — сказаў Дзяніс Шмыгаль.
Германія вылучае 10 мільёнаў еўра на аднаўленне дзіцячай бальніцы «Ахматдзет»
Германія выдзеліць 10 мільёнаў еўра на рэканструкцыю дзіцячага шпіталя «Ахматдзет» у Кіеве, пашкоджанага ў выніку ракетнага абстрэлу з боку РФ.
Пра гэта заявіла міністарка эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі Свенья Шульцэ, перадае «Нямецкая хваля».
Вылучаныя грошы разам са сродкамі іншых донараў пойдуць на хуткае аднаўленне бальніцы і падрыхтоўку будынка да зімовай эксплуатацыі. Гаворка ідзе пра рамонт і абслугоўванне фасадаў, працэдурных кабінетаў, а таксама электра- і цеплазабеспячэнне.
На думку Шульцэ, знішчэнне дзіцячага шпіталя паказвае, «як бязлітасна і бесчалавечна Расея вядзе гэтую агрэсіўную вайну».
«Мы не павінны і не будзем мірыцца з тым, што гэтай лякарні для анкалагічных дзяцей ва Украіне больш няма», — сказала міністарка.
Таксама ўрад Швецыі рыхтуе пастанову аб выдзяленні дадатковых 5 мільёнаў шведскіх крон для пацярпелых ад абстрэлу дзіцячага шпіталя.
Зяленскі апублікаваў відэа ў гадавіну трагедыі MH-17
«Прайшло ўжо 10 гадоў з таго дня, як расійскія забойцы знішчылі ў небе Украіны пасажырскі самалёт MH17. Увесь свет тады ўбачыў, хто прыйшоў з вайной супраць Украіны і што расійскае зло пагражае не толькі нам. 298 чалавек загінулі, а сярод іх — 80 дзяцей з дзясятка краін з розных куткоў свету», — напісаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў Telegram.
Крыніца: telegram