10 гадоў, як зьбілі пасажырскі Боінг пад Данецкам: два з трох галоўных абвінавачаных за кратамі

17 ліпеня 2014 года адбылася страшэнная катастрофа, у якой загінулі 298 чалавек, што знаходзіліся на борце Боінг—777. Яны ляцелі звычайным рэйсам з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, але тэрарысты, якіх падтрымлівала Расея, зьбілі самалёт недалёк ад украінскага горада Данецк. За гэты час стала вядомым усё (ці амаль усё). Ці панеслі вінаватыя пакараньне?

Рэшткі зьбітага самалёта

Рэшткі зьбітага самалёта

Рассьледваньне

Рассьледваньне зьбіцьця рэйса MH17 праводзіла аб’яднаная сьледчая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Нідэрляндаў, Аўстраліі, Малайзіі, Бэльгіі і Ўкраіны. Суд праходзіў у Нідэрляндах у адпаведнасьці з мясцовым крымінальным працэсам.

Па дадзеных аб’яднанай сьледчай групы, самалёт быў зьбіты ракетай «Бук» сэрыі 9М38. Гэтая ракета была запушчаная з комплексу «Бук», які быў перавезены з Расеі ў раён каля Першамайскага, які ў той час кантраляваўся прарасейскімі сэпаратыстамі. Пасля пуску ракеты сістэму хутка вярнулі ў Расею.

У 2019 годзе пракуратура Нідэрляндаў абвінаваціла ў датычнасьці да інцыдэнту чатыром асобам: Ігару Гіркіну, Сяргею Дубінскаму, Алегу Пулатаву і Леаніду Харчанку. Абвінавачванні ўключалі здзяйсьненьне катастрофы і забойства ўсіх людзей на борце рэйса.

Суд над абвінавачанымі ў зьбіцьці рэйса MH17 скончыўся ў лістападзе 2022 года значнымі прысудамі.

Асноўныя вынікі суда:

Кавалак ракеты, якой быў зьбіты Боінг

Кавалак ракеты, якой быў зьбіты Боінг

Ігар Гіркін (Стралкоў): былы палкоўнік ФСБ Расеі і міністар абароны так званай Данецкай Народнай Рэспублікі на момант інцыдэнту. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Сяргей Дубінскі: былы афіцэр ГРУ, кіраўнік выведкі расейскага проксі – ДНР. Ён таксама быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Леанід Харчанка: камандзір баявой часткі ў так званай ДНР. Ён быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Апраўдальны прысуд:

Алег Пулатаў

Алег Пулатаў

Алег Пулатаў: былы афіцэр расейскага спецназа ГРУ, намесьнік кіраўніка спецслужбы так званай ДНР. Ён быў апраўданы з-за недастатковасьці доказаў, якія непасрэдна зьвязваюць яго са зьбіцьцём MH17.

Суд абавязаў трох асуджаных выплаціць больш за 16 мільёнаў эўра ў якасьці кампэнсацыі сем'ям 298 ахвяраў. Суд пацьвердзіў, што ракета, выкарыстаная для зьбіцьця MH17, — гэта ракета «Бук» расейскай вытворчасьці, выпушчаная з тэрыторыі, якая кантралюецца тэрарыстамі з ДНР. Гэтая выснова пацьвярджае высновы Аб'яднанай сьледчай групы.

У прысудзе пацьверджаныя высновы аб тым, што ракета належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе Ўзброеных сілаў Расеі. Суд таксама падкрэсьліў датычнасьць расейскіх уладаў і іх кантроль над сэпаратысцкімі сіламі ва ўсходняй Украіне ў момант інцыдэнту.

Прысуд меў істотнае значэньне для сем'яў ахвяраў, даў пэўнае адчуваньне справядлівасьці пасьля гадоў чаканьня. Аднак апраўданьне Пулатава і адсутнасьць асуджаных у рэальнай вязьніцы безумоўна будзе прыносіць далейшыя пакуты сем’ям.

Што з асуджанымі?

Ігар Гіркін (Стралкоў)

Ігар Гіркін (Стралкоў)

Ігар Гіркін (Стралкоў)

Іранічным выглядае лёс галоўнага абвінавачанага Ігара Гіркіна (Стралкова). Гэты тэрарыст меў пасаду так званага міністра абароны на захопленай тэрыторыі Ўкраіны, якую абвесьцілі так званай ДНР.

Яшчэ ў 2017 годзе 25 сваякоў забітых (дзесяць зь якіх - грамадзяне Нідэрляндаў) падалі калектыўны пазоў у Акруговы суд Паўночнай акругі Ілінойса (што ў ЗША) на Гіркіна. Яны сцьвярджалі, што Гіркін нясе адказнасьць за гібель пасажыраў і экіпажа самалёта, і патрабавалі кампэнсацыю.

21 сьнежня 2017 года суд задаволіў пазоў і пастанавіў, што сумарная кампэнсацыя сваякам ахвяраў тэракту павінна скласьці 400 мільёнаў даляраў. Кожнаму пазоўніку Стралкоў абавязаны выплаціць па 10 мільёнаў даляраў у якасьці маральнай кампэнсацыі і яшчэ столькі ж за прычыненую шкоду.

"Мы разумеем, што не зможам ад яго нічога атрымаць, гэта галоўным чынам мае сымбалічнае значэньне", - адзначыла маці аднаго з загінулых.

Што самае дзіўнае – тэрарыст трапіў такі за краты, праўда не ў Нідэрляндах, а ў роднай яму Расеі-матухне. 21 ліпеня 2023 года Гіркіна затрымалі ў Маскве.

Яму было прад'яўленае абвінавачваньне за публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ў інтэрнэце. Падставай для прыцягненьня Стралкова да крымінальнай адказнасьці сталі яго выказваньні наконт падзеяў у акупаваным расейцамі Крыме і праблемаў, зьвязаных з матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэннем вайскоўцаў 105-га і 107-га палкоў так званай народнай міліцыі так званага ДНР.

Глядзіце таксама

У выніку напачатку 2024 года расейскі суд прызнаў Ігара Стралкова (Гіркіна) вінаватым у закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці і прысудзіў яго да чатырох гадоў калёніі. Сядзіць. Збольшага, для яго гэта і пэўнае выратаваньне, бо дазваляе (пакуль што) застацца ў жывых у бурлівых падзеях вайны.

Сапраўднай прычынай арышту, хутчэй за ўсё, стала тое, што Стралкоў з пачатку поўнамаштабнай вайны жорстка крытыкаваў расейскае ваеннае кіраўніцтва і асабіста Пуціна. Вайна відавочна павысіла цікавасьць да Стралкова — ў яго Telegram-каналу да дня арышту было каля 875 тысячаў падпісантаў, што амаль удвая больш, чым, напрыклад, у кіраўніка прапаганды RT Маргарыты Сіманьян.

Сяргей Дубінскі

Сяргей Дубінскі

Сяргей Дубінскі

Гэты чалавек хаваецца на прасторы Расеі, у 2019 годзе ён пракамэнтаваў пачатак судовага працэсу:

"І Пулатаў, і Харчанка – мае падначаленыя плюс дастаткова вядомыя фігуры ў "ДНР". Паўтараю: ні я, ні мае падначаленыя ніякага дачыненьня да зьбіцьця МН-17 не маем. Асабіста я і вядомыя мне людзі ні ад каго не атрымлівалі і нікому не перадавалі ніякіх загадаў аб паразе паветраных цэляў 17 ліпеня. Адпаведна, я ня ведаю, хто і каму мог аддаць такі загад", – запэўнівае ён.

Сьледства па справе MH17 атрымала шматлікія перахопы тэлефонных размоваў, зь якіх высьветлілася, што камандзіры вайсковых фармаваньняў так званай «ДНР» неаднаразова прасілі расейскіх чыноўнікаў і генэралаў даставіць ім «Бук», каб супрацьстаяць авіяцыі Ўкраіны.

Усяго праз паўгадзіны пасьля крушэньня Боінга чалавек з голасам Харчанкі дакладваў чалавеку з голасам Дубінскага:

— Мы на месцы, адну ўжо «сушку» зьбілі (маецца на ўвазе зьнішчальнік «Су»).

— Малайцы, ай, малайцы! Адну «сушку» зьбілі, малайцы! — адказвае суразмоўца.

Глядзіце таксама

Калі яны трапілі на месца падзеньня абломкаў самалёта, тэрарысты выявілі, што зьбіты борт аказаўся грамадзянскім, а не вайсковым.

2 студзеня 2015 года Дубінскі быў адкліканы сваім кіраўніцтвам у Маскву і адхілены ад пасады ў сувязі з выкарыстаньнем сваёй пасады ў так званай «ДНР» у мэтах асабістага ўзбагачэньня. У той жа час ФСБ Расеі забараніла яму ўезд на акупаваную тэрыторыю Ўкраіны.

У траўні 2024 года суд Днепрапятроўскай вобласьці Ўкраіны прызнаў грамадзяніна Расеі Сяргея Дубінскага вінаватым ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі і вядзеньні агрэсіўных ваенных дзеяньняў. Па сукупнасьці злачынстваў ён прысуджаны да 14 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці.

Па апошніх дадзеных ён выйшаў на пэнсію і жыве ў Растоўскай вобласьці.

Леанід «Крот» Харчанка

Леанід Харчанка

Леанід Харчанка

Харчанка каардынаваў транспартыроўку і ўстаноўку «Бук» у раёне стартавай пляцоўкі на поўдзень ад Сьнежнага. Яго месцазнаходжаньне пасьля 2015 года было невядомым. Аднак у 2017 годзе чалавек, які назваў сябе былым сэпаратыстам, напісаў на старонцы Стралкова ў сацсетцы, што «Крот», магчыма, быў забіты, калі пасяліўся ў Растоўскай вобласьці Расеі. Мужчына ў сеціве зьвязаў гібель Харчанкі з тым, што той занадта шмат ведаў пра MH17. Хаця афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пра лёс Харчанкі не было.

Па іншай інфармацыі, у 2020 годзе, як паведамляла BBC, Харчанка быў узяты пад варту ў акупаваным Данецку і ​​нібыта абвінавачаны ў незаконных ператрусах і захоўваньні зброі. Суразмоўца тады заявіў журналістам: гэта зрабілі, каб абараніць яго ад «выкраданьня СБУ».

«Харчанка да апошняга жыў спакойна ў Данецку і ​​не падазраваў, што зь ім можа такое здарыцца, – сказаў яго былы «калега» па акупацыі Ўкраіны. – Магчыма, яго такім жорсткім чынам ахоўваюць, але гэта вельмі дзіўны метад засьцерагчы чалавека».

Такім чынам на сёньня так ці інакш за кратамі два з трох асноўных абвінавачаных у справе тэракту.