«Дэмілітарызацыя»: Украіна абвяшчае конкурс на стварэнне баявых гуманоідных робатаў і «паветраных таксі»
Украіна павінна атрымаць уласную антыбалістыку на працягу 12 месяцаў, і замахваецца на стварэнне тэхналогій, якія яшчэ ўчора здаваліся фантастыкай: гуманоідныя робаты, манеўровыя аэрабагі і экзашкілеты. У той час як РФ у адной сферы тэхналагічна адкінула на 20 гадоў назад. Ідуць 1602-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Кадр з фільму «Тэрмінатар»
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 244 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расіян у раёнах Тарэцкага, Русінага Яру, Васільеўкі, Котліна, Удачнага, Філіі, Новааляксандраўка і ў бок Вольнага, Біліцкага і іншых.
На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 25 разоў у бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі, Піскуноўкі і ў раёнах Рэзнікоўкі і Закітнага.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 20 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у бок Горкага, Уздвіжаўкі, Цвятковага, Залізнічнага, Чароўнага і Гуляйпольскага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ атакавала 15 разоў у раёнах Ваўчанску, Фіголіўкі, Старыцы, Ліману і ў бок Ізбіцкага, Зарубінкаў, Гоптаўкі, Вільчы і Ахрыміўкі.
* * *
13 ліпеня расійцы нанеслі чатыры ўдары па Запарожжы і Запарожскім раёне кіраванымі авіябомбамі. У выніку раненні атрымалі 12 чалавек, сярод іх чатырохгадовая дзяўчынка.
У Кіеве і некаторых абласцях Украіны уначы 14 ліпеня абвяшчалі паветраную трывогу, У Галасееўскім раёне Кіева адбыліся траплянні ў складскія памяшканні, узніклі пажары, ахвяр і пацярпелых няма.
У расійскім Башкартастане паведамляюць пра выбухі і пажар пасля атакі дронаў на НПЗ «Газпрам нафтахім Салават», размешчаны за 1400 км ад мяжы з Украінай. «Газпрам нафтахім Салават» — адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых комплексаў Расіі. Прадпрыемства перапрацоўвае каля 10 млн тон нафты ў год.
Пра выбухі паведамляюць у расійскім Геленджыку ў Краснадарскім краі. Пасля іх пачаўся моцны пажар паблізу аэрапорта.
Сілы абароны Украіны ў чарговы раз атакавалі Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп гатовы падтрымаць двухпартыйны законапраект аб санкцыях супраць Расіі, ініцыятарам якога выступіў сенатар Ліндсі Грэм, піша CNN са спасылкай на прадстаўніка Белага дома.
Трамп падтрымаў гэты законапраект праз некалькі дзён пасля нечаканай смерціЛіндсі Грэма. Гэта, верагодна, палегчыць прыняцце дакумента, над якім Грэм працаваў на працягу многіх гадоў, імкнучыся давесці яго да канчатковага зацвярджэння.
Раней Грэм і сенатар-дэмакрат Рычард Блюменталь заяўлялі, што адміністрацыя Трампа гатовая падтрымаць дакумент. У той жа час заставалася незразумелым, ці падтрымае законапраект асабіста Трамп, бо ён настойваў на тым, каб мець больш шырокія паўнамоцтвы па самастойным увядзенні санкцый.
Па інфармацыі CNN, законапраект надасць Трампу магчымасць уводзіць высокія (да 500%) пошліны на імпарт з краін, якія закупляюць расійскую нафту, прыродны газ і ўран, з мэтай узмацнення эканамічнага ціску на Расію ў сувязі з вайной супраць Украіны.
* * *
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер пасля пасяджэння «Кааліцыі рашучых» у Парыжы заявіў, што больш за 25 дзяржаў гатовы на працягу некалькіх дзён разгарнуць свае сілы ва Украіне пасля ўсталявання рэжыму спынення агню для забеспячэння міру.
«У нас ёсць выразны план, які мы распрацавалі па разгортванні шматнацыянальных сіл ва Украіне. У гэтым удзельнічаюць 25 краін, якія гатовы разгарнуцца за некалькі дзён, як толькі настане спыненне агню», — сказаў ён.
Стармер адзначыў, што гэтыя планы былі ўзгоднены яшчэ ў студзені. Ён таксама паведаміў, што краіны-ўдзельніцы падрыхтавалі больш шырокі пакет надзейных і юрыдычна абавязковых гарантый бяспекі для Украіны.
Акрамя таго, брытанскі прэм’ер падкрэсліў неабходнасць і ў далейшым узмацняць ваенную падтрымку Украіны: умацоўваць яе супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону, развіваць абаронную вытворчасць і падтрымліваць інавацыі.
Стармер таксама пацвердзіў, што Вялікабрытанія прыме ўдзел у праграме ЕС аб’ёмам 90 млрд еўра, якая павінна забяспечыць Украіне фінансавыя магчымасці для абароннага планавання.
* * *
Украіна атрымае ўласны антыбалістычны комплекс Freyja на працягу 12 месяцаў, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.
«Я спадзяюся, што на працягу наступных 12 месяцаў мы ўбачым Freyja ў працы», — напісаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што пагроза балістычных ракет у свеце будзе толькі расці. Гэта, на яго думку, адно з галоўных наступстваў войнаў Расіі і Ірана. «Таму Freyja павінна стаць рэальнасцю», — сказаў Зяленскі.
Кампанія Fire Point ужо паказала відэа антыбалістычнай ракеты FP-7.x. Ракета мае цыліндрычную форму з абцякальнікам, у ніжняй яе частцы — адносна невялікія рухомыя стабілізатары.
Падчас прэзентацыі Fire Point раскрыла канцэпцыю самой сістэмы Freyja. Гэта пан’еўрапейскі супрацьбалістычны шчыт, які павінен знаходзіцца ў агульнай уласнасці краін-партнёраў.
* * *
Украінскі кластар Brave1 запускае новыя гранты на суму да 8 мільёнаў грыўняў на адзін праект. У фокусе — лазерная СПА, эвакуацыйны транспарт і робататэхніка.
Сумесна з ваеннымі кластар вызначыў 53 прыярытэтныя кірункі для распрацовак. Яны ахопліваюць дзевяць розных сфер дзейнасці. Дзяржава шукае рашэнні, здольныя забяспечыць рэальны прарыў на фронце. Сума гранта вар’іруецца ад 500 тысяч да 8 мільёнаў грыўняў. Канчатковая лічба залежыць ад таго, наколькі гатовая тэхналогія. Грошы можна патраціць на праверку ідэі, выраб гатовага вырабу або яго фінальныя выпрабаванні.
Асобны пункт — BraveTech EU. Гэтая ініцыятыва створана спецыяльна для найбольш амбіцыйных і складаных распрацовак. Тут максімальную суму можна атрымаць нават на пачатковым этапе. Галоўнае патрабаванне — на выхадзе павінен быць працоўны прататып.
У спіс BraveTech EU уключылі больш за 40 крытычна важных пазіцый: экзашкілеты для пяхоты; беспілотнікі для эвакуацыі параненых; спецыяльныя боепрыпасы для знішчэння бліндажоў і г.д.
Brave1 таксама анансавала спецыялізаваныя конкурсы з агульным бюджэтам звыш 100 мільёнаў грыўняў для распрацоўкі тэхнікі, якая яшчэ ўчора здавалася фантастыкай: гуманоідныя робаты, манеўровыя аэрабагі і лазерныя сістэмы СПА.
* * *
Паспяховыя ўкраінскія атакі на паліўную інфраструктуру Расіі прывялі да таго, што яе нафтаперапрацоўка абрынулася да самага нізкага ўзроўню за апошні 21 год, паведамляе Bloomberg.
З пачатку месяца расійскія НПЗ перапрацоўвалі ў сярэднім толькі 3,91 млн барэляў нафты ў суткі — самы нізкі паказчык з сакавіка 2005 года. У параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года, аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі ўпалі больш чым на 1,4 млн барэляў у суткі.
Значны дэфіцыт прымусіў Крэмль забараніць большую частку экспарту дызельнага паліва да канца ліпеня. Раней кіруючы рэжым РФ увёў абмежаванні на пастаўкі за мяжу бензіну і авіяцыйнага паліва.
Bloomberg падлічыла, што за апошнія 100 дзён адбылося каля 50 атак на расійскія паліўныя аб’екты. Пад ударамі былі як мінімум 24 з 34 буйных расійскіх НПЗ.
Улічваючы, што РФ засакрэціла афіцыйную статыстыку сваёй паліўнай галіны, аналітыкі ацэньваюць яе рэальныя страты з дапамогай спадарожнікавага маніторынгу нафтавых радовішчаў і рэзервуараў, а таксама адсочвання лагістыкі ў рэальным часе.