Дзясяты дзень вайны ва Украіне: апошнія навіны

Украіна змагаецца ўжо дзесяць дзён. Расійскія войскі працягваюць знішчаць ракетамі жылыя дамы. Украінская войска і грамадзяне зацята абараняюцца і нават дзе-нідзе спрабуюць ісці ў наступ.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg


Зяленскі звярнуўся да кангрэсменаў ЗША

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў зум-канферэнцыю з амерыканскімі кангрэсменамі з абедзвюх палат і абедзвюх партый Кангрэса ЗША. Агулам больш за 200 палітыкаў далучыліся да размовы з Уладзімірам Зяленскім, каб з першых вуснаў пачуць аб сітуацыі ва Украіне і задаць пытанні.

Зяленскі распавёў пра становішча ў краіне і ходзе баявых дзеянняў. У прыватнасці, ён акцэнтаваў увагу на ваенных злачынствах, учыненых расійскім войскам: абстрэлах школ, жылых дамоў, дзіцячых садкоў, цэркваў. Зяленскі адзначыў, што ад ракетных абстрэлаў пацярпеў Мемарыял «Бабін Яр», у выніку чаго загінулі грамадзянскія асобы.

Асобна Уладзімір Зяленскі падняў пытанне пагрозы навакольнаму асяроддзю Украіны і Еўропы. Па яго словах, акупанты ўяўляюць пагрозу для хімічных і ядзерных аб'ектаў. Яны ўжо захапілі дзве АЭС і рухаюцца ў напрамку трэцяй — Паўднёваўкраінскай.

Украінскі прэзідэнт таксама паведаміў кангрэсменам, што для абароны грамадзянскага насельніцтва і аб'ектаў крытычнай інфраструктуры Украіне неабходная бяспека ў небе. Гэта можна забяспечыць шляхам закрыцця паветранай прасторы над Украінай або праз пастаўкі дзяржаве самалётаў савецкай вытворчасці з краін, якія да гэтага часу іх эксплуатуюць.

Расійскія войскі акружаюць Нікалаеў, выкарыстоўваюць касетныя снарады

Расійскія войскі акружаюць Нікалаеў з боку Херсонскай і Кіраваградскай абласцей. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона ўкраінскіх каналаў распавёў мэр горада Аляксандр Сянкевіч. З абеду да вечара вяліся абстрэлы па прыгарадах, акупанты стралялі і па цэнтральных раёнах, і па прыватным сектары. Былі атакаваныя ўкраінскія блокпасты, ёсць загінулыя. Войскі РФ выкарыстоўвалі касетныя снарады і сістэму залпавага агню «Ураган». Таксама была адбітая спроба танкавага прарыву агрэсараў.

Расійскія акупацыйныя войскі зруйнавалі Якаўлеўку

Акупанты дашчэнту зруйнававалі сяло Якаўлеўка на Харкаўшчыне — там не ацалеў ніводны дом. З 45 дамоў — 21 разбураныя цалкам, яшчэ 24 — пашкоджаны.

Расійскія салдаты забілі чатырох чалавек, адзін з загінулых — вайсковец дзяржаўнай памежнай службы. Атрымалі розныя раненні 14 мірных жыхароў, сярод якіх 6 — дзеці.

Двое параненых дзяцей памерлі, бо так і не дачакаліся медыкаў.

У Бучы пад Кіевам памерлі двое дзяцей з цяжкімі агнястрэльнымі раненнямі, якіх акупанты не дазволілі даставіць у лякарню. З-за бесперапынных абстрэлаў «Хуткая» не змагла забраць параненых дзяцей у бальніцу.

Трэці раўнд перамоваў — 7 сакавіка

Трэці раўнд украінска-расійскіх перамоваў адбудзецца ў панядзелак, 7 сакавіка. Пра гэта паведаміў сябра ўкраінскай дэлегацыі, кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія.

СБУ затрымала арганізатараў «Федэратыўнай рэспублікі Украіна»

Сепаратысты павінны былі завербаваць больш за паўтысячы здраднікаў у заходніх і цэнтральных абласцях. Згодна з планам, яны павінны былі ліквідаваць сілавікоў і прадстаўнікоў законнай улады, пасля чаго павінен быў адбыцца захоп адміністрацыйных будынкаў і абвяшчэнне «народных рэспублік». Далей псеўдарэспублікі планавалі аб'яднаць у новую падкантрольную Маскве дзяржаву. На Заходняй Украіне планавалі стварыць «Федэратыўную рэспубліку Украіна». У склад новай «народнай рэспублікі» павінны былі ўвайсці Івана-Франкоўская, Закарпацкая, Львоўская, Цярнопальская, Чарнавіцкая вобласці.

Новы сайт «Оккупант» — спіс палонных расійскіх вайскоўцаў

З'явіўся сайт «Оккупант» — пайменны спіс расійскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон. Сайт аператыўна абнаўляецца.

МЗС Расіі пагражае Літве, Латвіі і Эстоніі

МЗС Расіі наўпрост пагражае дзяржавам Балтыі: «Папярэджваем Вільню, Рыгу і Талін аб адказнасці за наступствы развязанага імі антырасійскага псіхозу. Ад кампетэнтных органаў гэтых краін патрабуем распачаць неадкладныя меры па абароне расійскіх дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў і іх супрацоўнікаў».