Герой ці здраднік: кім быў застрэлены СБУ Дзяніс Кірэеў, якога пахавалі як героя?

Каб не ён, Кіеў, хутчэй за ўсё, быў бы ўзяты.

68d1bf7_budanov_kireev__gur_minoborony_.jpg

Застрэлены СБУ ўдзельнік перамоваў Расіі і Украіны папярэдзіў Буданава пра планы Пуціна ўзяць Кіеў, піша «Украінская праўда».

Амерыканскае выданне "The Wall Street Journal" напісала, што застрэлены ў пачатку поўнамаштабнай вайны Дзяніс Кірэеў, якога Служба бяспекі Украіны называла здраднікам, Напярэдадні ўварвання Расіі папярэдзіў украінскую выведку аб плане Масквы захапіць Кіеў.

"The Wall Street Journal", абапіраючыся на фінансавыя і выведвальныя дакументы, інтэрв'ю з амерыканскімі і ўкраінскімі чыноўнікамі, цяперашнімі і былымі супрацоўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў, з сям'ёй, сябрамі, ахоўнікамі і дзелавымі партнёрамі Кірэева, апублікаўва ўласнае даследаванне.

5 сакавіка 2022 года паведамілі, што прадстаўнікі СБУ пры затрыманні застрэлілі ў Кіеве банкіра Дзяніса Кірэева, які ўдзельнічаў у перамовах дэлегацый Украіны і Расіі ў Гомелі 28 лютага. Яго нібыта падазравалі ў дзяржаўнай здрадзе.

"The Wall Street Journal" піша, што 45-гадовы банкір Дзяніс Кірэеў быў забіты як расійскі шпіён: украінскія спецслужбы пакінулі на тратуары ў цэнтры Кіева яго труп з кулявой адтулінай у патыліцы праз некалькі дзён пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Аднак праз некалькі дзён Кірэева пахавалі як героя — побач з першым міністрам замежных спраў Украіны на Байкавых могілках у Кіеве.

Са слоў кіраўніка ўкраінскай вайсковай выведкі генерала Кірыла Буданава, Кірэеў перадаў інфармацыю ад сваіх расійскіх кантактаў, якая дапамагла ўкраінскім войскам паспяхова абараніць сталіцу ў лютым мінулага года.

"Калі б не спадар Кірэеў, Кіеў, хутчэй за ўсё, быў бы ўзяты", — цытуе Буданава выданне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў дакументы аб узнагароджанні Дзяніса Кірэева пасмяротна медалём за "выключны ўклад у абарону дзяржаўнага суверэнітэту і дзяржаўнай бяспекі".

Са слоў Буданава, Кірэеў развіваў сувязі з еўрапейскімі выведвальнымі службамі, а таксама з расійскімі вайскоўцамі і чыноўнікамі. Ён таксама пагадзіўся прадстаўляць Кіеў на ранніх перамовах аб спыненні агню паміж Расіяй і Украінай. Па словах аднаго з сяброў, Кірэеву "падабалася гуляць ролю агента 007".

Кірэеў нарадзіўся ў Кіеве і пачаў сваю прафесійную дзейнасць у сферы фінансаў, працаваў у мясцовых аддзяленнях заходніх банкаў, уключаючы Crédit Lyonnais, Citibank і ING.

Яго сваяк у 2003 годзе стаў намеснікам кіраўніка СБУ. Гэтая сувязь распаліла цікавасць Кірэева да шпіянажу, кажуць яго паплечнікі.

У 2006 годзе Кірэеў перайшоў на працу да Андрэя і Сяргея Клюева, бізнесменаў з Данецка, якія зараблялі на металургіі і нерухомасці ды былі блізкія да Віктара Януковіча. Пасля ўцёкаў Клюева ў 2014-м, Кірэеў дапамагаў кіраваць некаторымі актывамі братоў з Кіева.

У 2021 годзе Кірэеў, які знаходзіўся на скрыжаванні сфер расійскага і ўкраінскага бізнесу і бяспекі, прыцягнуў увагу Буданава. Калі вясной 2021 года Расія пачала назапашваць войскі на мяжы з Украінай, Буданаў выклікаў Кірэева ў штаб ГУР у Кіеве і папрасіў яго выкарыстоўваць свае сувязі, каб пранікнуць у расійскую вайсковую выведку.

Паводле звестак крыніц WSJ, банкір ездзіў з Харкава ў Расію і затым дакладваў Буданаву.

Увосень 2021 года, калі амерыканскія вайскоўцы і шпіёнскія ўстановы пачалі папярэджваць аб расійскай пагрозе, Кірэеў даведаўся са сваіх крыніц, што Масква рыхтуецца да ўварвання, сказаў Буданаў, і стаў першым, хто забіў трывогу ва Украіне.

18 лютага Кірэеў адмовіўся ехаць з сям'ёй на лыжы ў французскія Альпы.

Днём 23 лютага Кірэеў перадаў Буданаву новыя выведвальныя звесткі: прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін толькі што аддаў загад аб уварванні раніцай. Па словах кіраўніка ГУР, Кірэеў таксама ведаў галоўны пункт ўдару.

У 8 гадзін раніцы 24 лютага расійскія баявыя верталёты высадзілі дэсант у аэрапорце "Антонаў" пад Кіевам. Крэмль планаваў захапіць аэрапорт, каб перакінуць туды войскі і тэхніку для штурму сталіцы.

Са слоў Буданава, падказка Кірэева дала Украіне некалькі каштоўных гадзін, каб перакінуць войскі для процідзеяння расійскаму нападу. Пасля жорсткага бою з расіянамі аэрапорт быў пашкоджаны і не мог выкарыстоўвацца сіламі акупантаў.

Калі планы Расеі па хуткім удары былі сарваныя, бакі дамовіліся аб перамовах аб спыненні агню ў Беларусі. Паколькі Кірэеў быў знаёмы з двума сябрамі расійскай дэлегацыі, Буданаў прапанаваў яму прыняць удзел у перамовах – і той пагадзіўся.

"Пасля яго з'яўлення там яго сувязь са спецслужбамі стала відавочнай для ўсіх. На жаль, сітуацыя тады была крытычнай, і мы вымушаныя былі рызыкаваць", – сказаў Буданаў.

Вярнуўшыся з Беларусі, Кірэеў сустрэўся з Буданавым на некалькі гадзін. Кірэеў, па словах сябра яго службы бяспекі, усведамляў, што яму пагражае небяспека, і пакінуў сустрэчу ў маўклівым настроі.

Праз некалькі дзён адзін знаёмы наведаў Кірэева ў яго доме на паўночнай ўскраіне Кіева. Трымаючы ў руках буйнакаліберную паляўнічую стрэльбу, Кірэеў сказаў, што страляў з яго ў расійскіх аператыўнікаў, якія прыйшлі да яго дома некалькімі начамі раней.

Калі Расія і Украіна дамовіліся аб другім раўндзе перамоваў, запланаваным на 3 сакавіка, Буданаў зноў настаяў на тым, каб Кірэеў прыняў у іх удзел.

Па словах Буданава, у ноч перад перамовамі ў Беларусі Кірэеву патэлефанавалі з офіса начальніка контрвыведкі СБУ Аляксандра Поклада. Поклад, які адказвае за затрыманне супрацоўнікаў выведкі і бяспекі, якія падазраюцца ў працы на Расію, хацеў сустрэцца. Сам Поклад адмовіўся даваць каментары, як і прэс-сакратар СБУ, спасылаючыся на закон аб дзяржаўнай таямніцы.

Кірэеў прыехаў на кіеўскі Чыгуначны вакзал разам са сваёй асабістай аховай і агентамі вайсковай выведкі для паездкі ў Беларусь. Ён сказаў ахоўнікам, што па дарозе яго могуць арыштаваць. "Не ўмешвайцеся", – сказаў ён, па словах сябра яго аховы.

Група паехала ў цэнтр Кіева і спынілася каля Сафійскага сабора. Пад'ехала некалькі мікрааўтобусаў з агентамі СБУ, якія загадалі супрацоўнікам вайсковай выведкі і ахоўнікам Кірэева скласці зброю. Кірэева адвялі да мікрааўтобуса. Яго ахова засталася ляжаць на вуліцы, пакуль мікрааўтобус ад'язджаў.

Прыкладна праз 90 хвілін агенты вайсковай выведкі былі выкліканыя на месца, дзе яны знайшлі цела Кірэева.

Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны, якое займаецца падобнымі забойствамі, адмовілася ад каментароў.

WSJ нагадвае, што ў ліпені Уладзімір Зяленскі звольніў кіраўніка СБУ Івана Баканава і звольніў або прыцягнуў да адказнасці дзясяткі генералаў ведамства за іх верагодную ролю ў садзейнічанні расійскаму ўварванню.