«Ён вінаваты». Пракурор па справе Мілошавіча лічыць, што Пуціна трэба судзіць за ваенныя злачынствы

Брытанскі пракурор Джэфры Найс, які супрацоўнічаў з Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі, сказаў у інтэрв'ю Бі-бі-сі, што прэзідэнт Расіі Пуцін павінен быць прыцягнуты да адказнасці за ваенныя злачынствы падчас вайны ва Украіне.

pucin_5.jpg

Найс, які з 1998 па 2006 год быў галоўным пракурорам па справе былога сербскага лідэра Слабадана Мілошавіча, заявіў радыёстанцыі BBC Radio 4, што абвінавачанні супраць Пуціна «цалкам відавочныя». «Гэта злачынствы супраць чалавечнасці, таму што цывільныя мэты ні ў якім разе нельга бамбаваць ці як-небудзь яшчэ падвяргаць нападу», — лічыць Найс.
«Няма ніякіх сумневаў у тым, што камандны ланцужок вядзе непасрэдна да Пуціна. Гэта яго салдаты. Як мінімум, ён ведае пра тое, што адбываецца, з тэлевізійных паведамленняў — як і ўсе мы. Але ён не загадаў сваім вайскоўцам вярнуцца, каб расследаваць відавочныя злачынствы. Ён вінаваты», — лічыць Найс.
Найс выказаў здзіўленне, што пракуроры і палітыкі не «фармулююць гэта нашмат больш свабодна і адкрыта», і выказаў меркаванне, што Пуцін можа ў будучыні атрымаць імунітэт ад судовага пераследу ў рамках магчымай здзелкі пасля заканчэння вайны ва Украіне. «Міжнародны крымінальны суд, да юрысдыкцыі якога адносіцца Украіна, пакуль не зрабіў якіх-небудзь заяў аб адказнасці Пуціна за гэтае злачынства», — сказаў пры гэтым Найс.

Джэфры Найс

Джэфры Найс

«Узнікае пытанне, чаму пракурор з гэтым не спяшаецца. Можа быць ён лічыць (ці ж яго прымусілі так лічыць), што адсутнасць абвінавачанняў супраць Пуціна нясе палітычныя выгады?» — працягвае ён. «Палітычныя выгады — гэта ўрэгуляванне. Цалкам магчыма, што нехта іншы, не ўкраінцы, складуць праект палітычнага пагаднення, у якім будзе пункт аб тым, што Пуціна нельга судзіць. Гэта жахлівая перспектыва, яна будзе азначаць, што народ Украіны цалкам пазбавіцца правасуддзя».
На думку Найса, асабліва істотна судзіць менавіта Пуціна, а не асобных афіцэраў, паколькі такім чынам «маральная адказнасць будзе ўстаноўлена на самым першым этапе, і потым яе нельга будзе падвергнуць сумневу або змяніць».

pucin_2_1.jpg

Найс дадаў, што з ягонага пункту гледжання, суд можа пачацца «хоць заўтра», і яго павінны весці ўкраінцы — і на ўкраінскай мове. Пры гэтым прысутнасць у судзе самога Пуціна, на думку былога пракурора, не абавязковая.