Колькі тысяч рускіх салдат загінула ва Украіне?

У амерыканскай прэсе паведамілі пра гібель ва Украіне 20 тысяч расіян. Украінскі бок учора, 11 жніўня, назваў лічбу ў 43 тысячы. А намеснік міністра абароны ЗША 8 жніўня казаў, што 70–80 тысяч рускіх салдат былі забітыя і параненыя за паўгады вайны.

Фота з тэлеграма Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграма Уладзіміра Зяленскага

Падчас ваенных дзеянняў ва Украіне страты Расіі склалі 20 тысяч загінулымі, паведамілі The New York Times два дзеючыя амерыканскія чыноўнікі. Аднак гэтая лічба ўключае 5000 байцоў «ПВК Вагнера», удакладніў адзін з суразмоўцаў выдання.

  • Штодзённыя страты расійскіх вайскоўцаў цяпер складаюць каля 500 чалавек забітымі і параненымі. Пра гэта распавялі журналістам The New York Times крыніцы ў амерыканскай выведцы і войску.
  • Амерыканскія афіцыйныя асобы пры падліку страт расійскіх сіл абапіраліся на спадарожнікавыя здымкі, перахопы паведамленняў, сацыяльныя сеткі і паведамленні мясцовых СМІ.
  • Прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна і ваенныя эксперты, з якімі гаварыла газета, лічаць, што такі высокі ўзровень страт, верагодна, не дазволіць Уладзіміру Пуціну дасягнуць адной з ключавых мэтаў «спецаперацыі» — захапіць увесь Данбас да канца гэтага года. Нягледзячы на захоп Луганскай вобласці, у Данецкай вобласці прасоўванне расійскай арміі застопарылася, у тым ліку з-за вялікіх стратаў.
  • Расія ўжо задзейнічала амаль 85% сабраных ля мяжы з Украінай сіл, распавялі журналістам прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША.


Нагадаем, у панядзелак намеснік міністра абароны ЗША Колін Каль паведаміў, што страты Расіі за шэсць месяцаў вайны склалі 70–80 тысяч забітымі і параненымі. Аднак падчас свайго выступу ён не канкрэтызаваў, колькі чалавек загінулі.

Расійскае Мінабароны ў апошні раз называла афіцыйныя даныя пра страты 25 сакавіка. Паводле звестак ведамства, на той час загінуў 1351 чалавек, 3825 вайскоўцаў былі параненыя.


Расія будзе імкнуцца і далей не абвяшчаць масавую мабілізацыю, таму і спрабуе папоўніць страты на фронце за кошт добраахвотніцкіх атрадаў і вярбуючы зняволеных.

Згодна з паведамленнях СМІ, па турмах можа ездзіць асабіста бізнесмен Яўген Прыгожын, якога звязваюць з «ПВК Вагнера».

Нагадаем, як пісаў НЧ, у адной з калоній, куды Прыгожын прыехаў асабіста шукаць салдат, ён выступіў з прамовай і сказаў: «Мы не ўзброеныя сілы, а самая сапраўдная ваенізаваная арганізаваная злачынная групоўка (АЗГ). Мае хлопцы заходзяць у афрыканскія краіны і за два дні не пакідаюць там нічога жывога, і цяпер гэтак жа разносяць ворагаў на Украіне. Ваша рашэнне служыць у ПВК — гэта здзелка з д'яблам. Калі вы выйдзеце адсюль са мной, то ці вернецеся вольным чалавекам, ці памраце. Вы будзеце абавязаныя забіваць ворагаў і выконваць загады кіраўніцтва. Тых, хто адвернецца назад, чакае расстрэл на месцы».


 Паводле "Медузы"