Латвія забараніла ўсе тэлеканалы Расіі
У Латвіі забаранілі 80 расійскіх тэлеканалаў, нават забаўляльных
У Латвіі з 9 чэрвеня ўступіць у сілу забарона на расійскія тэлеканалы. Абмежаванні будуць дзейнічаць да канца вайны ва Украіне і вяртання ў яе склад анексаванага Крыма.
Нацыянальная рада па электронных СМІ Латвіі ўвяла забарону на трансляцыі апошніх 80 тэлеканалаў з Расіі, якія яшчэ можна было глядзець на тэрыторыі краіны. Пра гэта 6 чэрвеня паведаміў korrespondent.net са спасылкай на латвійскую Delfi.
Пастанова была прынятая з улікам новай заканадаўчай нормы, якая прадугледжвае, што ў Латвіі не могуць працаваць каналы, зарэгістраваныя ў краіне, якая пагражае незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці іншай краіны.
Забарона ўступіць у сілу 9 чэрвеня і будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль Расія не спыніць вайну супраць Украіны і не верне анексаваны Крым.
Пастанова аб блакаванні ў Латвіі расійскіх каналаў, у тым ліку забаўляльных, была прынятая ў пачатку сакавіка, аднак кампанія Global Media, якая займаецца іх рэтрансляцыяй, падала ў суд.
29 красавіка адміністрацыйны суд вярнуў у латвійскі эфір расійскія тэлеканалы: ТНТ — Comedy, TNT4 International, Пятница, KHL TV Channel і TNT Music.
Суд патлумачыў сваё рашэнне тым, што рада не здолела аргументаваць, якім чынам забаўляльныя каналы пагражаюць дзяржаўнай бяспецы краіны.
Гэта рашэнне было абскарджана ў судзе вышэйшай інстанцыі, а 26 траўня Сейм Латвіі ў канчатковым чытанні прыняў папраўкі да закона “Аб электронных СМІ”, якія надзяляюць Нацыянальную раду правам абмяжоўваць замежныя праграмы, калі яны выпускаюцца ў краінах, якія пагражаюць суверэнітэту іншых краін.