«Ніхто не хоча паўтору Будапешцкага мемарандуму»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў, што праца над гарантыямі бяспекі для Украіны вядзецца не толькі з камандай Трампа, але і з Кангрэсам і Сенатам ЗША. Украіне важна, каб гэта былі юрыдычна замацаваныя гарантыі, а не такія, як Будапешцкі мемарандум. У той жа час ЕС рыхтуе новыя санкцыі, каб прымусіць Пуціна да перамоў. Ідуць 1421-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

555448751_1148515784128165_7476890174469935742_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 141 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Шахава, Фёдараўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 26 атак расіян у раёне Гуляйполя і ў бок Дабраполля і Варвараўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Берастоку, Яблонаўкі і ў бок Сафіеўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 11 разоў каля Калодзежаў, Наваягораўкі, Зарэчнага, Навасёлаўкі, і ў бок Дзіброва, Ліпавага і Стаўкі.

* * *

Украінскія войскі ў зоне адказнасці групоўкі войскаў «Усход» утрымліваюць пазіцыі ў зоне Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі, распавёў РБК-Украіна спікер аператыўнага камандавання «Усход» Рыгор Шапавал.

Непасрэдна ў самім Пакроўску вядуцца пошукава-штурмавыя дзеянні і ліквідацыя расіян у гарадской забудове. Паўночную частку горада ўтрымліваюць украінскія сілы. У Мірнаградзе знішчэнне расіян вядзецца ўжо ў наваколлі горада.

«Для стрымлівання ворага абарона горада папоўнена дадатковымі сіламі і сродкамі. Лагістыка застаецца ўскладненай. Для ўзмацнення нашых магчымасцяў прымаюцца меры па пашырэнні лагістычных калідораў у Мірнаград», — адзначыў Шапавал.

Усяго ў зоне адказнасці УВ «Усход» расіяне штодня губляюць да 300 чалавек. Асаблівую ўвагу УСУ надаюць знішчэнню аператараў дронаў РФ: за мінулыя суткі ліквідавана 39 разлікаў БпАК.

* * *

Сітуацыя на Гуляйпольскім кірунку застаецца складанай. Увесь горад — гэта «шэрая зона», за якую ідуць актыўныя баявыя дзеянні, паведаміў РБК-Украіна спікер Сіл абароны Поўдня Уладзіслаў Валошын.

У раёне Гуляйполя працягваюцца жорсткія баі, расіяне хочуць адціснуць украінскіх абаронцаў і ад горада.

«Сітуацыя ў Гуляйполі нагадвае вялікую шэрую зону, дзе вораг праводзіць свае штурмавыя дзеянні, але не можа замацавацца. Сілы абароны Украіны знішчаюць іх. Мы таксама праводзім пошукава-ўдарныя дзеянні, а ў самім горадзе, у гарадскіх кварталах, на вуліцах працягваюцца жорсткія баі, за кожны дом, аб'ект, вуліцу, квартал», — адзначыў спікер Сіл абароны Поўдня.

* * *

У ноч на 14 студзеня Расія атакавала Украіну 3 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М і 113 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў.

Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана адна балістычная ракета і 89 БпЛА.

Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны застаецца некалькі БпЛА. У Кіеве і шэрагу абласцей другі раз за раніцу абвясцілі паветраную трывогу.

У выніку расійскіх удараў у ноч на 14 студзеня ў Днепрапятроўскай вобласці пашкоджаны прадпрыемствы і жылыя дамы, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа.

Паводле яго слоў, Дняпроўскі раён быў атакаваны ракетамі, а беспілотнікамі — Крывы Рог. Таксама БпЛА былі накіраваны на Паўлаград, Цярноўку, Вербкаўскую грамаду і Шахцёрскае Сінельнікаўскага раёна.

У Крывым Рогу ў выніку атакі больш за 45 тысяч абанентаў засталіся без святла.

У ноч на 14 студзеня расійскі Растоў-на-Доне падвергнуўся атацы дронаў і не выключана, што маглі быць атакі ракетамі. У сацсетках паведамілі, што дроны, верагодна, паразілі рэзервуары нафтапрадуктаў на тэрыторыі завода «Эмпілс».

* * *

615202030_1235808622065547_3200959655042307029_n.jfif

* * *

Украінскі лідар Уладзімір Зяленскі ў звароце распавёў, што Украіна працягвае працаваць з ЗША над гарантыямі бяспекі і аднаўленнем.

«У нас ёсць цяпер вельмі прадуктыўная праца з прэзідэнтам ЗША, з яго камандай. Дэталі ўсяго гэтага мы абмеркавалі. Праінфармаваў аб сітуацыі з расійскімі ўдарамі, аб неабходнасці СПА. Гаварылі, як дадатковы ціск на Расію можа забяспечыць моцныя дыпламатычныя вынікі», — адзначыў лідар Украіны.

Зяленскі адзначыў важнасць таго, каб у ЗША было як мага больш «інструментаў для правільнага ціску».

«Працягваем рыхтаваць дакументы з Амерыкай па гарантыях бяспекі, па аднаўленні. Реальна працуем так, каб у бліжэйшы час былі магчымыя фарматы падпісання і зацвярджэння, юрыдычнага зацвярджэння ў Кангрэсе Злучаных Штатаў, ва ўкраінскім парламенце», — заявіў ён.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову з сенатарамі ЗША Ліндсі Грэмам і Рычардам Блюменталем. Сярод абмеркаваных тэм былі антырасійскія санкцыі і гарантыі бяспекі і не толькі.

«Мы абмеркавалі актуальны стан санкцыйнага законапраекта сенатараў, які здольны істотна паўплываць на пазіцыі Расіі і ўсіх, хто дапамагае ёй у гэтай вайне», — паведаміў прэзідэнт Украіны.

Таксама Зяленскі распавёў заканадаўцам ЗША ход кантактаў Украіны з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. Паводле яго слоў, бакі ўжо вельмі блізкія да фіналізацыі дакументаў.

«І я ўдзячны сенатарам за іх пазіцыю адносна важнасці гарантый бяспекі і іх далейшай двухпартыйнай падтрымкі ў Кангрэсе ЗША. Усе памятаюць, што такое Будапешцкі мемарандум, ніхто не хоча яго паўтарэння», — сказаў ён.

* * *

Лідары краін Вялікай сямёркі на наступным тыдні сустрэнуцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Давосе, каб заручыцца яго асабістай падтрымкай у пытанні гарантый бяспекі для Украіны, паведамляе Financial Times са спасылкай на ўласныя крыніцы.

«Лідары Італіі, Германіі, Францыі, Канады і Вялікабрытаніі, а таксама кіраўнік Еўрапейскай камісіі плануюць прыняць удзел у запланаванай сустрэчы лідараў з Трампам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на Сусветным эканамічным форуме на наступным тыдні», — піша выданне.

Адзначаецца, што цяпер афіцыйныя асобы вядуць перамовы аб дэталях сустрэчы, якая павінна адбыцца 21 студзеня і можа ўключаць таксама іншых лідараў Кааліцыі ахвотных. Паводле слоў чыноўнікаў, саветнікі па нацыянальнай бяспецы з Кааліцыі таксама плануюць правесці асобную сустрэчу.

Паводле даных Bloomberg, на сустрэчы лідараў у Давосе плануюць атрымаць ухваленне Трампа на пагадненні, якія лічацца крытычна важнымі для прадухілення паўторнай вайны і якія былі дасягнуты на мінулым тыдні ў Парыжы.

У той жа час у Еўропе сумняваюцца ў асабістай падтрымцы Украіны з боку прэзідэнта ЗША, калі будзе мірнае пагадненне з РФ. Сумненні выклікаюць шэраг інцыдэнтаў за апошні год, у якіх ён рабіў рэзка прарасійскія заявы адносна канфлікту.

«Без ЗША нічога гэтага не адбудзецца. Пакуль незразумела, што насамрэч думае Трамп», — патлумачыў адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў перамовах, маючы на ўвазе камунікацыю Вялікабрытаніі і Францыі адносна адпраўкі войскаў ва Украіну пасля спынення агню.

* * *

Еўрасаюз плануе завяршыць падрыхтоўку 20-га пакета санкцый супраць Расіі ў лютым, заявіла Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас.

«Мы прасоўваем 20-ы пакет санкцый і імкнемся завяршыць яго ў наступным месяцы. Пуцін паставіцца да перамоў сур'ёзна толькі тады, калі мы яго прымусім», — адзначыла Калас.

Паводле яе слоў, зараз адбываецца «інтэнсіўны дыпламатычны штуршок да міру».

«Прэзідэнт Трамп не адзіны, хто ненавідзіць вайну. Украінцы таксама. Мы ўсе таксама. Але, як мы бачым зноў і зноў, гэты штуршок застаецца абсалютна аднабаковым. Кожны тыдзень расійскія бомбы апускаюць украінскія гарады ў цемру. Разбурэнні і смерць — гэта адказ Расіі на дыпламатыю. Горкая рэальнасць заключаецца ў тым, што гэтая вайна можа доўжыцца доўга, калі мы калектыўна не будзем аказваць больш ціску на Расію, каб яна яе спыніла», — падкрэсліла яна.

Асобна Калас выказала перакананасць, што «амбіцыі Расіі выходзяць за межы Украіны».

«Еўропа павінна яшчэ больш палепшыць сваю абаронную гатоўнасць. Тут Германія таксама адыгрывае ключавую ролю як вядучая краіна ў пяці прыярытэтных сферах магчымасцяў, і я хачу падзякаваць міністру Пісторыусу за гэта. Павышэнне еўрапейскай абароннай гатоўнасці заключаецца не ў дубліраванні таго, што робіць НАТА, а ў тым, каб зрабіць Еўропу мацнейшай у межах НАТА», — заявіла яна.