Новыя санкцыі ЕС будуць скіраваны супраць «Ашчадбанка» РФ

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што новы пакет санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі будзе скіраваны на «Ашчадбанк» і пастаўкі нафты.

maxresdefault_137.jpg


«Мы вывучаем расійскі банкаўскі сектар, асабліва "Ашчадбанк", на долю якога прыпадае 37% гэтага сектара і, вядома, пытанні, звязаныя з энергетыкай», — цытуе яе АФН са спасылкай на Reuters.

Таксама фон дэр Ляен паведаміла, што ЕС працуе над «разумнымі механізмамі», каб пастаўкі нафты таксама можна было ўключыць у наступныя санкцыі. Па яе словах, прыярытэтам санкцый з'яўляецца «скарачэнне даходаў Пуціна».

Пры гэтым кіраўніца ЕК адпрэчыла абвінавачанні ў адрас уладаў ФРГ у тым, што яны тармозяць нафтавыя санкцыі супраць Расіі: «Германія пагадзілася на ўсе пяць прапанаваных намі пакетаў санкцый на працягу 48 гадзін».

Ніколі яшчэ Еўрасаюз «не дзейнічаў так згуртавана, рашуча і энергічна, як цяпер», і Берлін адыграў у гэтым сваю ролю, заявіла фон дэр Ляен.