Прэзідэнт Фінляндыі: Пуцін разумее толькі жорсткую рыторыку, яго трэба прымушаць да перамоваў
Ідзе 1073-ы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. На дадзены момант верагоднасць заканчэння актыўных баявых дзеянняў ва Украіне складае менш за 15%. Аднак Пуціна трэба прымусіць да перамоваў пра гэта.
За мінулыя суткі, 30 студзеня, на фронце адбылося 150 баявых сутыкненняў. Амаль палова баёў — 71 атака — былі зафіксаваныя на Пакроўскім кірунку, паведамляе ў ранішняй зводцы 31 студзеня Генштаб УСУ.
Акрамя таго, на Тарэцкім кірунку расійцы 13 разоў атакавалі ў раёнах Тарэцка, Шчарбінаўкі і Крымскага. На Ліманскім кірунку колькасць баёў дасягнула 11. Дзесяць разоў расійцы атакавалі на Краматорскім кірунку, дзевяць — на Северскім кірунку.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 11 баявых сутыкненняў.
* * *
Расійская армія ўзмоцнена штурмуе пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў на Краматорскім і Тарэцкім кірунках. Сітуацыя там напружаная, адзначае АСУВ «Хорціца». Цяжкія баі працягваліся ў Часавым Яры і Тарэцку. Па ўмацаваннях у Часавым Яры за суткі было зроблена амаль 220 артабстрэлаў.
* * *
Войскі Паўночнай Карэі вывелі з лініі фронту ў Курскай вобласці, піша The New York Times.
Са слоў афіцыйных асоб Украіны і ЗША, жаўнеры КНДР, якія разам з расійскімі войскамі ваявалі супраць Украіны, былі выведзеныя з лініі фронту пасля таго, як панеслі вялікія страты. Крыніцы выдання адзначаюць, што паўночнакарэйскія войскі не заўважалі на фронце ўжо каля двух тыдняў.
Вядома, што Паўночная Карэя адправіла ў Расію каля 11 тысяч салдат. Як раней заяўляў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі, за тры месяцы баёў колькасць паўночнакарэйскіх сіл скарацілася ўдвая.
Украінскія вайскоўцы апісвалі КНДРаўцаў як разлютаваных воінаў, але дэзарганізацыя і адсутнасць згуртаванасці з расійскімі падраздзяленнямі хутка прывялі да страт сярод іх. Салдаты КНДР прасоўваліся з невялікай колькасцю бронетэхнікі і рэдка спыняліся, каб перагрупавацца або адступіць.
Амерыканскія чыноўнікі заявілі NYT, што рашэнне вывесці паўночнакарэйскія войскі з лініі фронту можа змяніцца. З іх слоў, цалкам магчыма, што салдаты Паўночнай Карэі могуць вярнуцца на поле бою пасля дадатковага навучання або пасля таго, як расійцы знойдуць новыя спосабы іх разгортвання, каб пазбегнуць такіх вялікіх страт.
* * *
У ноч на 31 студзеня аналітыкі праекта DeepState паведамілі, што сілы абароны аднавілі пазіцыі каля ўдалага, а расійцы акупавалі Новаандрэеўку ў Данецкай вобласці. «Сілы абароны аднавілі пазіцыі каля Удалага. Вораг акупаваў Новаандрэеўку, а таксама прасунуўся ў Неліпаўцы, Котліна і Шаўчэнке», — піша DeepState.
Акупацыя Новаандрэеўкі іншымі звесткамі не пацвярджаецца.
* * *
У расійскім Мінабароны заявілі, што 49 беспілотнікаў атакавалі сем рэгіёнаў РФ. «У мінулую ноч (на 31 студзеня) дзяжурнымі сродкамі СПА перахоплена і знішчана 49 украінскіх беспілотных лятальных апаратаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Украінскія беспілотнікі, верагодна, атакавалі раён НПЗ і нафтабазы ў Валгаградзе. Расійскія ўлады заявілі, што падзенне абломкаў беспілотніка пацягнула за сабой пажар на НПЗ. Пра выбухі ў паўднёвым канцы Валгарада пісалі людзі ў сацсетках. Адна з карыстальніц напісала, што «аж кватэра ўся здрыганулася», удакладніўшы, што знаходзіцца ў Чырвонаармейскім раёне – гэта раён, дзе размешчаны НПЗ кампаніі «Лукойл-Волгаграднафтаперапрацоўка».
* * *
Расія, імаверна, спыніла транзіт нафты праз порт Усць-Луга на Балтыйскім моры, што пацвярджае заявы Украіны аб паспяховым удары беспілотнікаў па помпавай станцыі. Пра гэта ў чацвер, 30 студзеня, піша Bloomberg.
Дасведчаны ў гэтай сферы суразмоўца паведаміў, што 29 студзеня транзіт нафты ва Усць-Лузе ўпаў да нуля, аднак не патлумачыў прычыну. Калі пацвердзіцца, што ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў пашкодзілі трубаправодную сістэму, што перапампоўвала нафту ў Усць-Лугу, гэта можа стварыць новую значную пагрозу для сусветнага нафтавага рынку, спыніўшы пастаўкі нафты з порта на працяглы перыяд.
Летась порт апрацоўваў блізу 650 тысяч барэляў нафты за дзень або блізу 20% ад агульнага аб'ёму расійскіх марскіх перавозак, адзначае Bloomberg.
* * *
Імавернасць хуткага заканчэння актыўных баявых дзеянняў ва Украіне — менш чым 15%, гаворыцца ў «Інфляцыйнай справаздачы» Нацыянальнага банка Украіны за студзень 2025 года.
Нацбанк Украіны не ацэньвае непасрэдна ваенныя дзеянні, але ацэньвае рызыкі для эканомікі ў выніку гэтых ваенных дзеянняў і наступствы іх працягу.
Цэнтрабанк ацэньвае як нізкую верагоднасць хуткай рэалізацыі маштабнага плана аднаўлення Украіны (менш за 15%). Такая ж верагоднасць хуткага аднаўлення пашкоджанай інфраструктуры і паскарэння еўраінтэграцыйных працэсаў.
«У той жа час ёсць верагоднасць таго, што намаганні міжнароднай супольнасці, накіраваныя на дасягненне дамоўленасцяў адносна справядлівага і працяглага міру для Украіны рэалізуюцца ў блізкай перспектыве», — адзначылі ў НБУ.
Ваенныя рызыкі для Украіны захоўваюцца на фоне геапалітычнай напружанасці ў свеце, дадалі ў НБУ.
* * *
Расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна трэба прымушаць да перамоваў як гэта робіць прэзідэнт Дональд Трамп, а не схіляць да іх, заявіў прэзідэнт Фінляндыі Александэр Стуб, паведамляе Yle.
Стуб з асцярожным аптымізмам ставіцца да памкненняў Трампа дасягнуць міру ва Украіне. Ён выказаў здагадку, што ў найбліжэйшыя месяцы ва Украіне магчымае перамір'е. «Спачатку будуць імкнуцца да перамір'я, на што сыдзе ад трох да шасці месяцаў, а затым і мірных перамоваў», — сказаў прэзідэнт Фінляндыі.
Адносна шанцаў пасадзіць за стол перамоваў Пуціна Стуб лічыць, што яго трэба прымушаць да дыялогу, а не схіляць да яго. Прэзідэнт Фінляндыі адзначыў метад Трампа, які высунуў Расіі ўльтыматум. «Асабіста я думаю, што Пуцін разумее толькі жорсткую рыторыку. І менавіта на такой мове да яго цяпер звяртаецца Дональд Трамп», — адзначыў Стуб.