«Пуцін — герой нашага часу». Хто з украінскіх зорак не падтрымлівае радзіму ў вайне супраць РФ

Ужо месяц, як ва Украіне грыміць вайна. Гінуць салдаты, гіне мірнае насельніцтва, гінуць дзеці. Расійскія ракеты і бомбы руйнуюць будынкі, вуліцы і цэлыя кварталы. У Марыупалі і Чарнігаве гуманітарная катастрофа, колькасць украінскіх бежанцаў у краінах ЕС перавысіла тры мільёны чалавек.

d3f0c782ec84f38bfcd405ac49d82a38.jpeg

У такой сітуацыі надзвычайнае значэнне для ваюючай з агрэсарам Украіны мае падтрымка — унутраная, знешняя, ваенная, матэрыяльная… І проста чалавечая. Нястачы ў ёй, варта адзначыць, краіна не мае.

З усяго свету да ўкраінцаў ляцяць флюіды эмпатыі. Спагаду выказваюць галівудскія зоркі і сусветна вядомыя чэмпіёны, маральныя аўтарытэты і ўплывовыя палітыкі, вядомыя грамадскія дзеячы і іншыя інфлюэнсеры.

Што характэрна, бок Украіны абіраюць і шмат якія расійскія селебрыці — і адразу з’зяджаюць за мяжу ў мэтах бяспекі. Што паказальна, абараняць радзіму запісваюцца ўкраінскія знакамітасці, якіх дагэтуль было цяжка ўявіць сабе са зброяй у руках.

Але не ўсё стэрыльна ў апошнім аспекце ў суседняй краіне. Шэраг украінскіх «селебаў» бараніць родны кут так і не наважыліся. Болей за тое: яны альбо шматзначна замаўчалі ў сваіх сацсетках з мільёнамі падпісчыкаў (хаця раней спраўна абнаўлялі стужку), альбо нават занялі прарасійскую пазіцыю ў вайне.

Ва Украіне такім ужо вядзецца ўлік. Айцішнікі стварылі адмысловы сайт, дзе пайменна названыя тыя суайчыннікі (а таксама прадстаўнікі іншых краін, уключаючы Беларусь), хто ў гэтыя трагічныя часы аказвае «підтримку путінського режиму».

«НЧ» вырашыў угледзецца ў «чорныя спісы» гэткіх украінцаў, а таксама згадаць іншых, хто наўпрост зараз ірве сувязь з суайчыннікамі і спальвае масты з роднымі мясцінамі.

Рэгіна Тадарэнка

274492648692238538621259409195780931990206n.webp

Тэлевядучая, якую зрабіў вядомай удзел у папулярнай перадачы «Арол і рэшка», нарадзілася ў Адэсе, але ўжо пяць гадоў жыве ў Маскве. У 2018-м яна выйшла замуж за спевака Улада Тапалава, стварыўшы адну з мільёнаў украінска-райскіх сем’яў.

Калі пачалася вайна, Рэгіна Тадарэнка нейкі час маўчала, але 2 сакавіка выказалася ў інстаграме за «мір ва ўсім свеце».

«Ці думала я калісьці, што ў дом маіх бацькоў прыйдзе вайна, што дзеці маіх знаёмых будуць народжаныя ў падвалах, што сваякі будуць хавацца ў бункерах, што блізкія сяброўкі патрапяць пад абстрэл?! Не! І ніколі гэтага не хацела. Але рэаліі такія, і з гэтым цяпер усім нам давядзецца жыць доўгія гады, таму што такія раны не знікаюць бясследна, пасля іх застаюцца шнары», — у прыватнасці адзначыла вядучая.

«Рэаліі такія» замест дакладных ацэнак аб прычынах вайны — за гэта Рэгіну ў сеціве пачалі моцна хейціць. Карыстальнікі згадвалі і тое, што бацькі дзяўчыны сапраўды жывуць у Адэсе, якая рыхтуецца адбіваць атакі акупантаў. Што яе муж Тапалаў некалі прыязджаў з канцэртам у Крым, і цяпер ва Украіну ён неўязны. І многае іншае ў адпаведнасці з сённяшнім татальным эмацыйным напружаннем украінцаў.

Пазней Тадарэнка выклала ў сваёй «інсце» здымак з мужам і маленькім сынам, на якім памешчаныя ўкраінскі і расійскі сцягі. Сэнс паста палягаў у пажаданні хутчэйшага міру паміж дзвюма краінамі. Магчымасці выказацца адносна такога пасыла ў карыстальнікаў не з’явілася, аўтарка адразу адключыла каментары.

Пры гэтым за родных ва Украіне Рэгіна перажывае, публікуючы шчымлівыя скрыншоты перапіскі з маці. Але, выглядае, што сімпатый простых украінцаў гэта ёй не дадае.

621b30b1d6d41.png

Нядаўна дзяўчына анансавала ў сацсетках пачатак працы на новым праектам на расійскім ТБ.

Адметна, што іншая вядучая «Арла і рэшкі» Леся Мікіцюк (з Тадарэнка нейкі час яны працавалі поруч) зараз працуе валанцёрам, дапамагаючы ўкраінскім бежанцам. Надоечы ўраджэнка Хмяльніцкага завіхалася на кухні, дзе дапамагла прыгатаваць абед для 150 вымушаных перасяленцаў.

xvo0w5cd5b53afvkoadffwnd60xapq6imkzx4keq.jpg

Ані Лорак

У сераду ў Чарнаўцах, адкуль паходзіць спявачка Ані Лорак, прыбралі яе імянную зорку ў мясцовай Прысадзе зорак. У горадзе палічылі недапушчальным шанаваць зямлячку, якая заняла канфармісцкую пазіцыю адносна вайны на знішчэнне яе роднай краіны.

074d07b82634713b0bd941cbcb10efb8_quality_70xresize_crop_1xallow_enlarge_0xw_750xh_463.jpg

Удзельніца Еўрабачання-2008, Ані Лорак апошнія гады праводзіць у асноўным у Расіі, дзе шмат гастралюе. Відаць, менавіта гэтай акалічнасцю абумоўлена яе даволі асцярожная рэакцыя на крывавыя падзеі ва Украіне.

«Мае любімыя браты і сёстры! — напісала спявачка ў сацсетках. — Ва Украіне ідзе ВАЙНА! Вайна забойная і разбуральная, кожны дзень гінуць мірныя людзі і што самае страшнае — дзеці! Я ўкраінка, я маці, мае блізкія цяпер ва Украіне пад абстрэламі, як і мільёны ўкраінцаў. Маё сэрца цяпер з кожным з тых, хто пакутуе ад гэтага жаху! Я малю спыніць гэтую бессэнсоўную, нікому не патрэбную вайну!»

Карыстальнікі не ацанілі зварот артысткі, не ўбачыўшы ў ім акцэнта на віноўніках канфлікту. «Баіцца вымавіць прозвішча Пуцін?» — задаюцца пытаннем украінскія журналісты. Адказваць на пытанне Лорак не спяшаецца яе цяперашняя «стратэгія» — маўчанне.

«Гэта спроба сядзець на двух крэслах, але гэты варыянт дакладна ўжо не пройдзе. Калі б былі нейкія спробы вярнуцца, я думаю, народ бы ёй гэтага не дазволіў. На Лорак дзейнічае расійская прапаганда. Прапаганда выела ёй розум», — кажа на гэта іншая ўкраінская спявачка Ірына Федзішын.

Ганна Седакова

У Беларусі гэтая поп-спявачка вядомая не толькі ўдзелам у вядомым шоу-гёрлз «ВІА Гра», але і замужжам за нашым знаным футбалістам Валянцінам Бялькевічам. У 2004 годзе ў пары нарадзілася дачка Аліна, а праз дзесяць гадоў яе беларускі бацька заўчасна памёр у Кіеве.

1fa9c0ff1c7f0635ed22ae5b8c4a30e7.jpg

Крытыку на радзіме кіяўлянка Ганна Седакова спазнала яшчэ пасля Майдану-2014, калі, нягледзячы на падзеі ў Крыме і на Данбасе, працягнула даваць канцэрты ў Расіі. У тым ліку — у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы.

Сёння Ганна замужам за латвійскім баскетбалістам Янісам Ціммам, а яе творчая дзейнасць па-ранейшаму цесна звязаная з Расіяй. На пачатак вайны спявачка адрэагавала ўжо ў першы дзень — 24 лютага, пакінуўшы ў сваім інстаграме кароткі эмацыйны допіс: «Не вайне! Не! Не!» Пост, аднак, доўга ў стужцы не пратрымаўся. Праз нейкі час Седакова яго выдаліла.

c1d49f945e9fe1473099de2a18133ba0.jpeg

Болей хоць якім словам наконт вайны артыстка не адзначылася. А ў выніку наогул закрыла свой акаунт у Instagram (5,4 млн падпісчыкаў), магчыма, з той прычыны, што карыстальнікі абрынулі на яе вялікую плынь крытыкі.

7e175d10e0fd8489bbddaa74fc900dac.jpeg

Таісія Павалій

taisia_povalii_na_scene_obraz.jpg

Тут самы час адзначыць, што ў адрозненне ад крымска-данбаскіх падзей 2014 года зараз ва Украіне займаць хоць колькі-небудзь прапуцінскую пазіцыю — такі люты зашквар, што ад гэтага дыстанцуюцца нават тыя селебрыці, якія раней шчыльна супрацоўнічалі з расійскім шоў-бізам.

Напрыклад, раней лаяльныя да ўладаў РФ спявачкі Вера Брэжнева і Святлана Лабада ў гэтыя дні займаюцца валанцёрствам і дапамагаюць украінскім бежанцам. Святлану напачатку актывісты ўключылі ў «чорныя спісы», але потым, убачыўшы яе дабрачыннасць на агульную карысць, адразу выкраслілі.

А вось Таісія Павалій у антыукраінскіх спісах застаецца. Пасля падзей 2014-га яна наогул пераехала ў Расію, дзе рэгулярна гастралявала і не адчувала сябе чужой. Пасля 24 лютага былая дэпутатка ад прарасійскай «Партыі Рэгіёнаў» маўчыць, што прыраўноваецца да апраўдання агрэсіі.

621f7ba8e0b2b.jpg.webp

Ва Украіне ёй не залічваюць нават актыўнасць 38-гадовага сына Дзяніса. Той у сацсетках, з аднаго боку, выказваецца з агульнапацыфісцкіх пазіцый («давайце маліцца аб міры»), а з другога, знаходзячыся ў Расіі, прама называе Пуціна «лялькаводам з чырвонай кнопкай».

Анатоль Цімашчук

21_23.jpg

Ёсць выпадкі суцэльнага ігнаравання ваеннай трагедыі ва ўкраінскім спорце. Самый гучны — з былым футбалістам зборнай Анатолем Цімашчуком.

Ды што там гулец зборнай: Цімашчук — сапраўдная легенда ўкраінскага футбола, адзін з найлепшых выканаўцаў у суверэннай гісторыі краіны, пераможца Лігі чэмпіёнаў у складзе мюнхенскай «Баварыі» і Лігі Еўропы ў складзе піцерскага «Зеніта». І ў дадатак да ўсяго — носьбіт яшчэ процьмы тытулаў, у розныя гады выйграных пад украінскім сцягам.

Але ўсё гэты цяпер у мінулым. Украінская федэрацыя футбола спецыяльным рашэннем пазбавіла ўраджэнца Луцка ўсіх трафеяў, якія Анатоль здабыў пад жоўта-блакітным сцягам. Прычына — падкрэслена маўклівая пазіцыя былога гульца адносна вайны.

Анатоль Цімашчук дагэтуль працуе ў «Зеніце» — цяпер ужо ў якасці трэнера. Многія ўкраінцы, задзейнічаныя ў расійскім спорце, пасля чорнай даты 24 лютага пакінулі РФ, разарваўшы кантракты і іншыя зносіны. Засталіся адзінкі, і ў іх ліку Цімашчук.

Ён робіць выгляд, што анічога не адбываецца, што жыццё працягваецца ў ранейшым рэжыме, а бомбы ірвуцца недзе ў паралельным сусвеце. І маўчыць, аніяк не рэагуючы на галасы з радзімы і заклікі падтрымаць народ у барацьбе з ворагам. І перад кожным матчам першынства Расіі слухае гімн на музыку Аляксандрава.

А галасы гучаць моцна. Асабліва шчодры на эпітэты былы паўабаронца кіеўскага «Дынама», а зараз баец тэрабароны Аляксандр Аліеў: «Цімашчуку больш ніколі ў жыцці руку не пацісну. Нават не хачу чуць яго прозвішча. Чалавек паказваў, які ён патрыёт, маляваў стужачкі... Яму трэба стрынгі надзець і рускія туфлікі на абцасіках. І хадзіць у іх. Чалавек абраў грошы. Мне вельмі крыўдна, што я з гэтай брыдотай гуляў у адной зборнай».

77_7.jpg

Сняжана Ягорава

6216113bd8111.jpg.webp

Тэлевядучая і актрыса Сняжана Ягорава шмат гадоў шчыра захаплялася прэзідэнтам Расіі. Апраўдвала анэксію Крыма і канфлікт на Данбасе, дый увогуле расійскую палітыку адносна незалежнай Украіны. Але вайна імгненна ацвярозіла і гэтую апантаную адэптку Пуціна. Пра гэтае пераабуванне варта ведаць, нават калі імя гераіні анічога вам не кажа.

717cafb8_7da2cb490efea8a00633972daba8f5d9.jpg

Апошні раз Сняжана Ягорава рэспектавала ВВП зусім нядаўна — калі той 21 лютага ўхваліў прызнанне суверэнітэту ДНР і ЛНР. «Гістарычнае рашэнне героя нашага часу!» — напісала яна ў сацсетках. — Без ілжывага пафасу, ГЕРОЙ НАШАГА ЧАСУ!!!»

У працяг актрыса пакінула з'едлівы допіс на адрас украінскіх уладаў: «А ў гэты час... Цішыня, і мёртвыя з косамі стаяць... Мабыць, порткі адмываюць... Але ўсё ж цікава пачуць выццё гіен, якім хвост прыстукнулі вечкам ад раяля…»

А заўтра была вайна… І яна паказала, што ў асобных выпадках азарэнне сыходзіць і на апалагетаў «рускага свету».

Ягорава маўчала на 16 сакавіка — тры тыдні пасля таго, як першыя снарады ўзарваліся на ўкраінскай зямлі. А потым раптам зрабіла разварот на 180 градусаў і фактычна пакаялася.

«Я ўсе гады вялася на расійскую інфармацыю, — напісала яна. — Паддавалася «дэзе» рускіх і лічыла, што яны разумныя людзі. Я заўсёды была ўпэўненая, што не магу памыляцца і для мяне ўсё відавочна. Але цяпер бачу адваротнае і ведаю цяпер, што яны заліваюць крывёю мірныя гарады і пачнуць забіваць цывільных. Гэта проста жэсць. Але ўсім уласціва памыляцца. І вось нарэшце да мяне дайшло».

Тэлевядучая, якую ва Украіне называюць адной з самых эпатажных, запэўніла, што прызнае сваю памылку, раскайваецца і просіць прабачэння ва ўкраінцаў, спадзяецца, што хутка вайна скончыцца.

«Расія хутка расстраляе ўвесь боезапас і нарэшце наступіць цішыня. Я спадзяюся, што ўсё вырашыцца хутка. Я не прывыкла прасіць прабачэння, але сёння хачу гэта зрабіць! Прабачце, што я падтрымала агрэсію! Прабачце, што была сляпая і глухая! Прабачце, што была памагатай забойства, хаосу і панікі! Я стаю на каленях перад усім украінскім народам!» — падсумавала Сняжана Ягорава.

1076226_1_w_590.jpg

Не ўсе паверылі шчырасці тэлезоркі, бо, па дзіўным супадзенні, як раз у тыя дні украінскае МЗС анулявала замежны пашпарт жанчыны і членаў яе сям’і. Гэта аўтаматычна азначала, што Ягоравай і яе блізкім трэба тэрмінова пакінуць Турцыю, дзе яны ўсе жылі. Вось такая непрыемнасць, маўляў, і прымусіла вядоўцу перагледзець свае палітычныя перакананні. Ці так яно было, ці інакш — хто ведае.