Расія і размовы пра «брудную бомбу Украіны»

Днямі расійскія прапагандысты, а таксама міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, пачалі распаўсюджваць «інфармацыю» пра нібыта наяўнасць ва Украіны «бруднай бомбы». Украінскі бок запрасіў МАГАТЭ дзеля праверкі чутак.

43379715471_a6a66b24fb_b.jpg

Украіна сёння, 24 кастрычніка, запрасіла экспертаў МАГАТЭ, каб праверыць абвінавачванні РФ у стварэнні «бруднай бомбы». Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба па выніках размовы з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі і заявіў, што МАГАТЭ прынялі запрашэнне Украіны, піша korrespondent.net.

Нагадаем, у Расіі пачалі распаўсюджваць заявы аб нібыта падрыхтоўцы Украінай правакацыі з выкарыстаннем «бруднай бомбы». Шайгу сказаў аб гэтым у размовах з калегамі з Турцыі, Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Заходнія краіны асудзілі заявы Расіі пра бомбу і назвалі іх ілжывымі.

Аднак распаўсюд расійскага наратыву пра бомбу не спыніўся. Гэтым разам далучыўся прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Ён кажа, што гэта справа заходніх краін — верыць у бомбу ці не.

«Справа ў тым, што іх недавер да інфармацыі, якая была перададзеная расійскім бокам, не азначае, што перастае існаваць пагроза ўжытку такой «бруднай бомбы». Пагроза ў наяўнасці. Гэтая інфармацыя была даведзеная да ведама суразмоўцаў міністрам абароны, далей ужо іх справа — верыць ці не верыць», — так Пяскоў пракаментаваў заяву ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі аб тым, што яны не вераць словам міністра абароны РФ Сяргея Шайгу аб пагрозе прымянення Украінай «бруднай бомбы».

Як мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW), гэтымі заявамі Расія спрабуе запаволіць або спыніць заходнюю вайсковую дапамогу Украіне і аслабіць NATO.