У Пецярбургу на вайну мабілізуюць бяздомных
У пецярбургскую арганізацыю «Начлежка», якая дапамагае бяздомным людзям, на днях прыйшоў чыноўнік з адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада, распавяло выданне «Ратонда».
«Прапаноўваў раскласці ўлёткі аб тым, што клічуць людзей на службу па кантракце. Дзяжурны раскладваць улёткі не дазволіў, адправіў да кіраўніцтва. Але да кіраўніцтва ніхто не прыйшоў», — сказаў суразмоўца.
У адміністрацыі Фрунзенскага раёна гэту інфармацыю
пацвердзілі. Там растлумачылі, што галоўная мэта — данесці інфармацыю аб службе
па кантракце да ўсіх, да каго магчыма. Там, праўда, падкрэслілі, што гэта
асабістая ініцыятыва чыноўнікаў, такога распараджэння кіраўніцтва раёна не
аддавала.
Прачэсваць горад у пошуках добраахвотнікаў заключыць кантракт на ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне, улады Пецярбурга
пачалі ў канцы ліпеня. Тады ў горадзе стварылі тры «імянныя батальёны». Разнарадку шукаць людзей, якія захочуць у
гэтыя батальёны ўступіць, у жніўні атрымалі ад чыноўнікаў муніцыпальныя
дэпутаты і кіраўнікі прадпрыемстваў.
Мяркуючы па ўсім, патрэбную колькасць людзей пакуль не
набралі, нягледзячы на ўмовы: акрамя звычайнага заробку ўдзельнікам «імянных
батальёнаў» абяцаюць адразу выплаціць па 300 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту.
У групе Мінабароны, прысвечанай набору добраахвотнікаў, нядаўна напісалі, што
разгледзяць і тых, каго ў мінулым звольнілі з войска праз парушэнне ўмоў
кантракту. А яшчэ аб'яўляць аб наборы кантрактнікаў сталі і ў аўдыёрэкламе,
якая гучыць у Пецярбургскім метро.