Вываз РФ нарабаванага суданскага золата, прызнанне дзяржавай-тэрарыстам і помста «Азова»

Пасля відавочнай паразы на поўначы Украіны Масква вырашыла змяніць планы і сканцэнтраваць удар на ўсходзе і поўдні. У РФ спрабуюць дзеля гэтага сабраць 30 тысяч «добраахвотнікаў». Украіна ладзіць абавязковую эвакуацыя людзей з Данбаса. Пра гэта і іншыя сённяшнія моманты ўварванне Расіі ва Украіну чытайце ў нашым аглядзе.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Чаму трэба прызнаваць Расію дзяржавай-тэрарыстам

Зяленскі патлумачыў, навошта прызнаваць Расію дзяржавай-тэрарыстам: «Фармальнае юрыдычнае прызнанне Расіі дзяржавай-тэрарыстам, у прыватнасці прызнанне ад Дзярждэпу Злучаных Штатаў, трэба не як палітычны жэст, а як дзейсная абарона вольнага свету. Такое рашэнне аўтаматычна ўскладніць існаванне для дзяржавы-тэрарыста, аўтаматычна разарве розныя палітычныя і бізнес-сувязі, якія ў адваротным выпадку Расія будзе захоўваць. І гэта ўсё адбудзецца стопрацэнтна. Гэта прыйдзецца рабіць — пытанне толькі ў часе і ў фармаце прыняцця гэтага рашэння. І чым хутчэй гэта здарыцца, тым менш зла Расія паспее зрабіць».



Абавязковая эвакуацыя з Данбаса

З падкантрольных Украіне раёнаў Данецкай вобласці ўлады арганізуюць абавязковую эвакуацыю насельніцтва. Украінскае заканадаўства дазваляе праводзіць эвакуацыю ў абавязковай форме.

Гэта рашэнне ўкраінскае кіраўніцтва тлумачыць тым, што ў Данецкай вобласці абсалютна адсутнічае газазабеспячэнне, няма належнага электразабеспячэння. Так што цяпла ў Данецкай вобласці зімой не будзе. А 33-ці артыкул Кодэкса аб грамадзянскай абароне насельніцтва кажа менавіта пра такую форму эвакуацыі як абавязковую.

Украінскі прэзідэнт у вячэрнім відэазвароце падкрэсліў неабходнасць эвакуявацца з Данбаса: «Урадавае рашэнне аб абавязковай эвакуацыі з Данецкай вобласці ёсць, усё арганізуецца. Поўнае суправаджэнне, поўная дапамога — і лагістычная, і выплаты. Трэба толькі рашэнне ад саміх людзей, якія да гэтага часу яго не прынялі для сябе. Едзьце, мы дапаможам».

Зяленскі заклікаў усіх, хто мае магчымасць гаварыць з людзьмі на Данбасе, пераконваць іх з'ехаць, а па магчымасці — дапамагаць перасяленцам.


ЗША ў ААН: Расія хоча сцерці Украіну з карты свету

Расія мае намер «цалкам сцерці Украіну з карты свету». Пра гэта заявіла на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН амбасадарка ЗША ў ААН Лінда Томас-Грынфілд. Паводле яе слоў, з'яўляецца ўсё больш прыкмет таго, што Крэмль закладвае аснову для спробы анексіі ўсіх усходніх украінскіх абласцей, а таксама паўднёвых — Херсонскай і Запарожскай — «у мэтах правядзення фіктыўных рэферэндумаў» або ўказаў аб далучэнні да Расіі.


ААН таксама заявіла, што гатовая накіраваць экспертаў для расследавання гібелі ўкраінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы. Пра гэта сказаў намеснік афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара арганізацыі Фархан Хак: «У сувязі з нядаўняй трагедыяй у калоніі ў Аленаўцы мы гатовыя накіраваць групу экспертаў, здольных правесці расследаванне з дазволу бакоў».

30 тысяч расійскіх «добраахвотнікаў» збіраюць на вайну

На ўсёй тэрыторыі Расіі фарміруюцца добраахвотніцкія батальёны для адпраўкі на вайну ва Украіну. Паводле ацэнак аналітыкаў, больш за 30 тысяч чалавек могуць быць мабілізаваныя, пры гэтым ваенны вопыт не патрабуецца, паведамляе CNN. З 30 тысяч мабілізаваных каля траціны плануюць кінуць на Данбас.

«Азоў» абяцае жорстка адпомсціць за забойства палонных

Полк «Азоў» апублікаваў афіцыйную заяву камандзіра Мікіты Надточыя з нагоды масавага забойства ўкраінскіх ваеннапалонных у калоніі Аленаўцы: «Мы расцэньваем удар па Аленаўцы як акт публічнага смяротнага пакарання. Расія здзейсніла яго ад беспакаранасці. Яны прывыклі, што іх ніхто не прыцягне да адказнасці, нават за адкрытае парушэнне законаў і звычаяў вайны. Таму мы, Азоў, Украіна як дзяржава і ўвесь цывілізаваны свет балюча дадзім жорсткі і балючы адпор, каб Расія запомніла гэта раз і назаўжды. Мы ўжо высвятляем імёны выканаўцаў і арганізатараў пакарання, ужо маем папярэднюю інфармацыю».


З Судана РФ тонамі вывозіць нарабаванае золата

Расія вывозіць нарабаванае золата з Судана для фінансавання вайны ва Украіне, гаворыцца ў расследаванні CNN. Журналісты высветлілі, што праз некалькі дзён пасля ўварвання РФ ва Украіну расійскі грузавы самалёт незаконна вывез са сталіцы Судана прыкладна тону золата. Золата схавалі пад скрынкамі з печывам.

CNN піша, што гэта быў адзін з як мінімум 16 расійскіх рэйсаў кантрабанды золата з Судана, пра якія стала вядома. У абмен на золата РФ аказвае падтрымку ўсё больш непапулярнаму вайсковаму кіраўніцтву Судана, якое жорстка душыць прадэмакратычны рух у краіне.