Сенат ЗША ўхваліў рэзалюцыю наконт прызнання Расіі спонсарам тэрарызму

Сенат ЗША аднагалосна ўхваліў рэзалюцыю, якая заклікае дзяржсакратара Энтані Блінкена абвясціць Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму за яе дзеянні ў Чачні, Грузіі, Сірыі і Украіне.

d86471f_united_states_capitol690.jpg

Аналагічны дакумент быў прадстаўлены ў Палаце прадстаўнікоў, дзе спікер Нэнсі Пэласі, як чакаецца, будзе рашучым прыхільнікам яго прыняцця. Пра гэта паведаміла выданне The New York Times, піша "Еўрапейская праўда".

Аднак права абвяшчаць дзяржаву спонсарам тэрарызму належыць Дзяржаўнаму дэпартаменту.

Прыняцце рэзалюцыі Сенатам аказвае яшчэ большы ціск з боку Кангрэса на адміністрацыю Байдэна, каб яна дадала Расію ў спіс дзяржаў-спонсараў тэрарызму. Спіс гэты невялікі і з 1979 года туды трапляла не так і шмат краін. Цяпер туды ўваходзяць Куба, Паўночная Карэя, Іран і Сірыя.

Урад Расіі абвінавацілі ва ўжыванні сілы супраць цывільных асоб падчас Другой вайсковай кампаніі ў Чачні і ў падтрымцы з 2014 года "сепаратыстаў" на Данбасе, адзначае ТАСС.

"Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі здзейснілі шматлікія пакаранні мірных жыхароў і паспрабавалі схаваць свае злачынствы масавымі пахаваннямі па ўсёй Украіне", — гаворыцца ў дакуменце Сената.

У спіс спонсараў тэрарызму могуць быць унесеныя дзяржавы, якія, "неаднаразова аказвалі падтрымку актам міжнароднага тэрарызму". Мінфін ЗША можа прымаць меры супраць тых юрыдычных і фізічных асоб, а таксама дзяржаў, якія вядуць гандаль з краінамі, якія знаходзяцца ў спісе. Унясенне той ці іншай дзяржавы ў гэты спіс можа мець значныя наступствы ў плане ўвядзення далейшых абмежавальных мераў.

Раней спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі звярнулася да дзяржсакратара Энтані Блінкена з заклікам абвясціць Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму, інакш гэта зробіць Кангрэс.

Прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава назвала гэтыя ініцыятывы "мерай ідыятычнага характару" і прыгразіла адказнасцю.

Як пісаў НЧ, днямі партыя "Справядлівая Расія" падрыхтавала законапраект з прапановай прызнаць Украіну "тэрарыстычнай дзяржавай". У дакуменце вызначаецца парадак прызнання дзяржаў тэрарыстычнымі і спонсарамі тэрарызму, і ёсць згадка пра тое, што да "тэрарыстычных дзяржаў" належыць Украіна. Згодна з прапановай дэпутатаў РФ, Расія можа прызнаць спонсарам тэрарызму краіну, якая пастаўляе тавары ваеннага прызначэння ва Украіну. Маёмасць грамадзян такіх краін на тэрыторыі РФ прапануюць канфіскаваць.

Паводле www.pravda.com.ua, ТАСС