Baykar бясплатна перадасць Украіне беспілотнік, на які збіралі грошы ў Польшчы

Вытворца "Байрактар" абяцае перадасць беспілотнік Украіне бясплатна. На яго збіралі грошы ў Польшчы. Ёсць там унёсак і беларусаў. Гэтак жа вытворца беспілотнікаў зрабіў раней і з «літоўскім» зборам.

Перадача "літоўскага"  беспілотніка. Сярод прысутных — Фота BNS

Перадача "літоўскага" беспілотніка. Сярод прысутных — Фота BNS

Турэцкая кампанія Baykar перадасць бясплатна "польскі" беспілотнік "Байрактар" Украіне, а сабраныя ў Польшчы сродкі на яго будзе выдаткавана на гуманітарныя мэты. Гэтак жа вытворца беспілонікаў зрабіў і з “літоўскім” беспілотнікам

Журналіст Славамір Серакоўскі, ініцыятар збору сродкаў у Польшчы, апублікаваў ліст ад Рады дырэктараў кампаніі Baykar, у якім тая выказала сваё захапленне ўдзелам сотняў тысяч палякаў у зборы сродкаў, піша "Еўрапейская праўда".

"Мы хочам быць часткай гэтага чалавечага жэсту салідарнасці... Мы перададзім ўкраінцам беспілотнік Bayraktar TB2, каб яны маглі абараняць сваю Радзіму найлепшым чынам", — гаворыцца ў лісце.

Сабраныя ў Польшчы 22,5 мільёна злотых — па ўзгадненні з украінскім і турэцкім бакамі — будуць накіраваныя на гуманітарную дапамогу ўкраінскаму грамадству.

Славамір Серакоўскі сказаў, што кампанія ў Польшчы сабрала нават больш, чым планавала. Таму цяпер гэтыя сродкі будуць пералічаныя на рахунак фонду Узброеных Сіл Украіны ў Нацыянальным банку Украіны.

"Калі падводзіць вынік: усяго ў цэлым наша фінансавая дапамога Украіне складае каля 50 мільёнаў злотых (10,6 млн долараў ЗША)", — дадаў Сераковский.

Акцыю па зборы сродкаў у Польшчы на "Байрактар" для Украіны анансавалі 28 чэрвеня. Сродкі планавалі сабраць за месяц, але забралі хутчэй.

Арганізатары збору адзначылі, што ў Польшчы натхніліся паспяховымі зборамі на беспілотнікі ў Літве і Украіне. Як "літоўскі" беспілотнік, так і тры "ўкраінскія" "Байрактары", на якія ўдалося сабраць сродкі дабрачынцаў, кампанія Baykar вырашыла перадаць Узброеным сілам Украіны бясплатна.


Нагадаем, каля дзесяці тысяч чалавек у пачатку ліпеня сабраліся на авіябазе ў літоўскім горадзе Шаўляй, каб убачыць адпраўку беспілотніка Bayraktar, на які Літва збірала грошы і які кампанія-вытворца пагадзілася перадаць бясплатна. Туды прыехаў Халук Байрактар — кіраўнік кампаніі-вытворцы дронаў Baykar Defence. "Bayraktar стаў сімвалам надзеі і супраціву. І гэтая кампанія пачалася ў Літве. Сотні тысяч людзей далучыліся да гэтай справы. Як кампанія, мы хацелі зрабіць трохі больш, мы не маглі прадаць — таму вырашылі далучыцца да гэтай кампаніі і перадаць Bayraktar у падарунак. Я ганаруся, што я цяпер тут", — сказаў тады ў Літве Халук Байрактар.

Варта згадаць, што ўчора, 27 ліпеня, Рэджэп Таіп Эрдаган абвясціў, што ў "Байрактараў" з'явіліся новыя кліенты. Нібыта на сустрэчы ў Тэгеране Пуцін выказаў жаданне супрацоўнічаць з Турцыяй у вытворчасці баявых беспілотнікаў. Пакуль не паведамляецца пра тое, якое рашэння прынялі на гэты конт у Турцыі. Зрэшты, Халук Байрактар раней казаў, што ніколі не дазволіць продаж "Байрактараў" у Расію. Паводле яго слоў, прычына — падтрымка ўкраінскай барацьбы за незалежнасць.