Здзіўленыя, што Bayraktar насамрэч меншы, чым здавалася, — тысячы літоўцаў праводзілі беспілотнік
Тысячы літоўцаў сабраліся на авіябазе, каб праводзіць Bayraktar, які перададуць Украіне. Цяпер беспілотнік ужо ў дарозе

Фота BNS
Каля дзесяці тысяч чалавек у сераду сабраліся на авіябазе ў літоўскім горадзе Шаўляй, каб убачыць адпраўку беспілотніка Bayraktar, на які Літва збірала грошы і які кампанія-вытворца пагадзілася перадаць бясплатна, піша "Еўрапейская праўда" са спасылкай на літоўскі тэлеканал TV3.
На авіябазе прысутнічаў і кіраўнік кампаніі-вытворцы дронаў Baykar Defence Халук Байрактар — зяць турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана.

Фота BNS
"Bayraktar стаў сімвалам надзеі і супраціву. І гэтая кампанія пачалася ў Літве. Сотні тысяч людзей далучыліся да гэтай справы. Як кампанія, мы хацелі зрабіць трохі больш, мы не маглі прадаць — таму вырашылі далучыцца да гэтай кампаніі і перадаць Bayraktar у падарунак. Я ганаруся, што я цяпер тут, і я здзіўлены такой увагай", — сказаў Халук Байрактар.

Фота BNS
Літоўцы, якія сабраліся на авіябазе, каб убачыць, як беспілотнік адпраўляюць Украіне, кажуць, што "вельмі шчаслівыя", жадаюць Украіне поспеху — і здзіўленыя, што Bayraktar у жыцці выглядае меншым, чым здавалася.
Нагадаем, журналіст Андрус Тапінас 25 траўня пачаў кампанію збору сродкаў на Bayraktar для Украіны.

Ужо на наступны дзень сабраная сума была большай за тры мільёны долараў. Збор удалося закрыць праз тры дні. Пасля гэтага турэцкая кампанія-вытворца заявіла, што ўражаная салідарнасцю літоўцаў і таму вырашыла падарыць беспілотнік, а сабраныя сродкі можна будзе накіраваць на іншыя патрэбы Украіны.