Беларусь адмяніла контрсанцыі на польскія яблыкі, і іх зноў стала шмат
Экспарт польскіх яблыкаў у Беларусь расце другі месяц запар, паведамляе польскі сельскагаспадарчы партал sad24.pl са спасылкай на звесткі польскай інспекцыі аховы насення і раслін.
Па дадзеных партала, чэрвень стаў другім месяцам, якія
паказваюць рост. У параўнанні з чэрвенем мінулага года, экспарт яблыкаў у
Беларусь павялічыўся на 33 працэнты. Усяго ж у чэрвені 2022 года Польшча
паставіла ў Беларусь 10 тысяч тон яблыкаў. У траўні 2022 года Польшча экспартавала
ў Беларусь 14 448 тон свежых яблыкаў, гэта самы высокі паказчык за сезон
2021-22 года.
Нагадаем, Беларусь ўвяла харчовае эмбарга ў дачыненні да прадукцыі з Еўрасаюза. Праз чатыры месяцы са спісу выключылі шэраг прадуктаў, у тым ліку — яблыкі.
Ад самага пачатку эксперты казалі, што контрсанкцыі больш нашкодзяць Беларусі, чым ЕС. Выглядае, што так і адбываецца.
Чаму беларуская сельская гаспадарка, нягледзячы на гучныя заявы Лукашэнкі пра імпартазамяшчэнне, не ў стане забяспечыць сябе нават яблыкамі, якія спрадвек былі нацыянальным прадуктам, — пытанне асобнае, але цікавае.