Загадкі ўсходняй палітыкі

Цікава было ў мінулы чацвер 4 чэрвеня назіраць за дыялогам беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў і віцэ-прэм’ера Ізраіля Авігдора Лібермана, які наведаў нашу краіну ў суправаджэнні свайго дарадцы, былога амбасадара Ізраіля ў Беларусі Зеева Бен-Ар’е.
 



d840cc5d906c3e9c84374c8919d2074e.jpg

Цікава было ў мінулы чацвер 4 чэрвеня назіраць за дыялогам беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў і віцэ-прэм’ера Ізраіля Авігдора Лібермана, які наведаў нашу краіну ў суправаджэнні свайго дарадцы, былога амбасадара Ізраіля ў Беларусі Зеева Бен-Ар’е.
 
У выказваннях Аляксандра Лукашэнкі, трансляваных афіцыйнымі беларускімі СМІ, гучалі і “настальжы па савецкай эпосе: “Мы нарадзіліся ў адной дзяржаве (Ліберман, як вядома, выхадзец з Малдовы, якую пакінуў у 1978-м, у 20-гадовым узросце). І хваласпевы на адрас утворанай у студзені 1999 года Ліберманам пасля выхаду з “Лікуду партыі “Наш дом Ізраіль (“Мы сачылі за апошнімі выбарамі і жадалі вашай партыі поспехаў).
Вядома, што партыя НДІ атрымала 15 месцаў у Кнесеце, заняўшы 3-е месца на выбарах 10 лютага 2009 года, непасрэдна пасля апошняй вайны, аперацыі “Літы свінец у сектары Газа. Яна фінішавала пасля “Кадзімы Цыпі Ліўні з 28 і “Лікуда Беньяміна Нетаньяху з 27 абранымі прадстаўнікамі. І стварыла кааліцыйны ўрад з “Лікудам, “Авадой Эхуда Барака, партыямі “Шас і “Байт Йегудзі. У цэлым кіруючая кааліцыя ў палітычным спектры зрабілася больш правай. А пазіцыі самой НДІ многімі разглядаюцца як скрайне нацыяналістычныя.
Пацвярджаюць гэта і выказванні Лібермана пасля прызначэння міністрам замежных спраў у красавіку 2009 года. У іх прагучалі спробы рэвізіі як сусветнай палітыкі па стварэнні самастойнай арабскай дзяржавы ў Палесціне, так і прынцыпаў глабальных міжнародных дачыненняў. Больш няма “Вестфальскага міру, сістэмы дамоўленасцяў паміж суверэннымі дзяржавамі, якая вызначала дыпламатычныя правілы гульні ў свеце тры з паловай стагоддзі. Ёсць “дзяржавы, паўдзяржавы і ірацыянальныя ўдзельнікі. Да ліку апошніх побач з “Аль-Каідай Ліберман адносіць Іран. Больш няма прынцыпу “дзвюх дзяржаў для двух народаў у Палесціне, які падтрымліваў папярэдні ўрад Эхуда Ольмерта (пагадненні пры пасярэдніцтве ЗША ў Анапалісе ў 2007-м). Ёсць толькі “гарантыі бяспекі самому Ізраілю паводле “дарожнай карты, дыпламатычнай ініцыятывы 2003 года “Кадзіма Цыпі Ліўні, папярэдняй міністра замежных спраў і прыхільніцы ўсё ж хутчэйшага замірэння з арабамі, ва ўрадавую кааліцыю сёння не ўваходзіць.
Затое сярод прыярытэтаў знешнепалітычнага ведамства Лібермана — невяртанне Сірыі Галанскіх высотаў (“мір з Дамаскам у абмен на проста мір), блакаванне дзейнасці ХАМАС у Палесціне і “Хезбаллы ў Ліване, і найперш супрацьдзеянне ядзернай праграме Ірана. Менавіта гэтыя тэмы ставіліся ў парадак дня падчас візіту Лібермана ў Маскву, што непасрэдна папярэднічаў яго прыезду ў Мінск, і сустрэчы з расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым. Прынамсі, ідэю шырокай канферэнцыі па блізкаўсходняму ўрэгуляванню ў Маскве, якую высоўвае Расія, Ліберман ухваліў толькі без удзелу вышэйзгаданых арганізацый.
Гэта ж датычыцца і супрацоўніцтва з Іранам, што асабліва выразна прагучала ў Мінску. Падпісаўшы пагадненні пра супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры, ушанаваўшы ахвяр другой сусветнай вайны на плошчы Перамогі і Халакосту ля мемарыялу “Яма, пахваліўшы беларускія ўлады за вялікую ўвагу да святкавання 60-годдзя Ізраіля і “збалансаванасць пазіцыі беларускіх СМІ падчас вайны ў Газе, Ліберман вярнуўся да іранскай тэмы. Тут і былі выказаны парады асцярожней ставіцца да сяброўства з краінай, якая “пагражае сцерці Ізраіль з твару зямлі і адмаўляе Халакост, калі Беларусь мае жаданне палепшыць свае адносіны пры дапамозе Ізраіля не толькі з Еўропай, але і з ЗША. І паабяцаныя ў якасці перніка ізраільскія інвестыцыі ў 0,5 мільярда долараў ЗША ў беларускі праект парку высокіх тэхналогій. У дадатак, для ідэалагічнага забеспячэння сяброўства, выказана патрабаванне асаблівай увагі да забароны “рэвізіі ацэнак другой сусветнай вайны і пытанняў калабарацыі. Ва ўмовах Беларусі — фактычна парада не спрабаваць бачыць рознабаковую праўду пра мінулае. Як у часы кандовай савецкай гістарыяграфіі: Вацлаў Іваноўскі, мінскі бурмістр часоў акупацыі — выключна здраднік, а не патрыёт, што ратаваў горад ад галоднай смерці і заслужыў любоў землякоў. Толькі таму што бурмістр. А яўрэйскі партызанскі атрад Бельскіх у Налібоках, як у нядаўна знятым галівудскім фільме “Выклік — выключна героі супраціву. Толькі таму, што партызаны.
І падобна, што славутай “шматвектарнасці беларускай палітыкі, асабліва распрацаванай пасля візіту прэзідэнта Ірана Ахмадзінежада ў Мінск у маі 2007 года, таксама канец? Бывайце, іранскія фінікі, лекі, “Саманды, сабраныя на “Юніоне ў Апчаку, бывай экспарт калійных угнаенняў, сінтэтычных вырабаў, МАЗаў з агульным таваразваротам на 140 мільёнаў долараў у 2008 годзе (і станоўчым сальда для Беларусі $73,5 мільёна) і супрацоўніцтва ў нафтавай сферы?
Але не ўсё так проста ў ідэалогіі, а тым больш у эканоміцы. Прапануем фінальны акорд, які прымусіць тэму гучаць іначай. Звернем увагу на наступныя акалічнасці візітаў Авігдора Лібермана ў Беларусь. Перадапошні адбыўся ў сярэдзіне другой дэкады лютага 2009 года, адразу пасля паспяховых для яго партыі НДІ ізраільскіх выбараў, але насіў яшчэ неафіцыйны характар. Цяжка сказаць, ці абмяжоўваўся тады Ліберман кантактамі з яўрэйскай абшчынай і падмацаваннем яе сувязяў з ізраільцянамі — выхадцамі з былога СССР, асновай электарату яго партыі на новай радзіме. Або ўсё ж неафіцыйна закранаў далікатную тэму пастаўкі тэхналогій ці зброі непрыязным Ізраілю арабскім краінам і Ірану. Але дэ-факта ў тыя ж дні ў Беларусі пабываў міністр гандлю Ірана Масуд Мір-Каземі. І 14 лютага ў яго сумеснай заяве з беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім прагучала аптымістычная нота пра “магчымае давядзенне ўзаемнага таваразвароту да 1 мільярда долараў.
Што ж адбылося адразу пасля недвухсэнсоўных заклікаў наконт Ірана спадара Лібермана, ужо міністра замежных спраў Ізраіля, 4 чэрвеня? Увечары 8 чэрвеня 2009 года іранскае агенцтва Iran News (ІРНА) паведаміла пра сустрэчу беларускага пасла ў Іране Віктара Рыбака з намеснікам міністра гандлю і кіраўніком Арганізацыі развіцця гандлю Ірана Мехдзі Газанфары. Апошні заявіў пра планаванае падпісанне дамовы пра свабодны гандаль паміж двума краінамі з мэтай павелічэння таваразвароту і ўмацаванне гандлёвых сувязяў. Застаецца правесці перамовы і абмяняцца ўзгодненымі спісамі тавараў. Беларускі міністр таксама ўсяляк вітаў развіццё кантактаў.
У палітыцы няма сяброў — ёсць інтарэсы. У якую катэгорыю па класіфікацыі Лібермана — “дзяржавы, паўдзяржавы і ірацыянальныя ўдзельнікі, — агучанай ім падчас інагурацыі міністрам замежных спраў сённяшняга ўрада Ізраіля ў красавіку 2009 года, трапляе Беларусь на фоне абмаляваных падзей? Праўда, Ліберман — далёка не апошні аўтарытэт, лічаць многія палітыкі нават у самім Ізраілі. Дэпутат ад апазіцыйнай зараз партыі “Кадзіма Нахман Шай перакананы, што Ліберман “памыліўся міністэрствам, і з яго заявамі яму больш падыходзіла б міністэрства абароны, чым замежных спраў, бо “МЗС пестуе мір, а не вайну.