Даінтэграваліся і прагазаваліся

Тэма так званай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй у «саюзную дзяржаву» ўжо выйшла за рамкі прыстойнасці сярод тых, хто ўзгадвае пра гэтую аморфную і штучную структуру, якую калісьці пачалі ствараць кіраўнікі дзвюх краінаў не з эканамічных і перспектыўных нагодаў ды дзеля пэўных агульных выгодаў для народаў гэтых дзяржаваў, але выключна з момантавай палітычнай мэтазгоднасці.

Здымак TASS

Здымак TASS


Усе размовы пра “шчырае братэрства”, агульныя інтарэсы, “перспектыўныя” супольныя праекты і гэтак далей зараз выглядаюць проста смешна на тле таго, што насамрэч адбываецца ў двухбаковых стасунках. Падаецца, што ніколі канфлікты паміж беларускім і расійскім кіраўніцтвам не былі такімі шматлікімі і “якаснымі” па сваіх наступствах, як у апошні я паўтары гады. І агучаная надоячы пазыцыя расійскага боку наконт цаны на газ для Беларусі ставіць калі не ўсе кропкі над “і”,то вельмі шмат пра што сведчыць.
Высвятляецца, што, нягледзячы на дэманстратыўна-аптымістычныя заявы высокіх беларускіх чыноўнікаў пра нейкае дасягненне з іх расійскімі калегамі дамовы пра вырашэнне пытання наконт коштаў на газ для Беларусі ды магчымае ўрэгуляванне праблемы з пастаўкамі расійскае нафты на беларускія НПЗ, гэта зусім не так.
Стала вядома, што расійскі газ для нашае краіны ад 1-га студзеня стаў яшчэ больш дарагі параўнальна з мінулым годам. Калі летась паводле падпісанага раней кантракту беларускі бок мусіў плаціць 132 долары за тысячу кубаметраў, то цяпер кошт на блакітнае паліва складае 141,1 долараў. 132 долары Беларусь і летась не плаціла, бо, паводле меркаванняў тутэйшых урадоўцаў, справялівы кошт на газ мусіў быць 73 долары за тысячу кубоў. У сваю чаргу, кіраўнік Беларусі на пачатку бягучага году паведаміў свету, што ягоная краіна плаціла 107 долараў.
Паводле расійскіх крыніцаў, цяпер беларуская запазычанасць за газ перавысіла 600 мільёнаў долараў. Расія ў асобе міністра энергетыкі Аляксандра Новака катэгарычна заяўляе, што ніякіх размоваў пра перагляд коштаў ці кампрамісу не можа быць да поўнае выплаты газавага доўгу за 2016 - пачатак 2017 году. Пры гэтым Беларусь ужо страціла мільярды долараў ад недапаставак расійскае нафты, выкліканых газавым канфліктам. І праблема паставак і іх памеры таксама пакуль не будуць абмяркоўвацца. Зноў жа, да выплаты доўгу за газ, на чым Масква настойвае безумоўца.  
Трэба ўзгадаць яшчэ і мяса-малочную вайну паміж дзвюма “братэрскімі дзяржавамі”. Сяргей Данкверт, кіраўнік  Рассельгаснагляду (Аляксандр Лукашэнка сёлета распарадзіўся завесці на яго крымінальную справу за нанясенне ўрону беларускай эканоміцы), ужо прыгразіў забараніць пастаўкі ялавічыны ў Расію не толькі з Мінскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў нашай краіны. Апроч таго, Данкверт ужо паабяцаў забараніць пастаўкі на расійскі рынак прадукцыі Ашмянскага сыраробнага заводу, Лідскага малочна-кансервавага камбіната і Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната. Не будзем удавацца ў падрабязнасці, бо гэта тэма для іншай размовы.  
А яшчэ прыпомнім праблемы з памежжам, з кантролем грузавікоў на расійска-беларускай мяжы ды іншыя цікавыя моманты, расійскае незадавальнне з адменай на пяцідзённы тэрмін беларускіх візаў для грамадзянаў  80 краінаў свету і гэтак далей.
Вось такая цікавая ў нас атрыміліваецца “інтэграцыя” пры рэжымах, якія зместава падобныя адзін на аднаго, але стваральнікі якіх з’яўляюцца далёка не асабістымі сябрамі, як тое спрабуе падаць прынамсі афіцыйны беларускі кіраўнік.
І яшчэ адзін момант. Як і прагназаваў “Новы Час”, сваёй дзесяцідзённай засадай у Сочы першая асоба Беларусі так і не змагла дамагчыся сустрэчы са сваім расійскім візаві. Хаця, як аказалася, Пуцін усё ж прыязджаў туды акурат падчас лукашэнкаўскага, паводле словаў прэс-сакратара ўладара Крамля Дзмітрыя Пяскова, “прыватнага візіту”. Так што, як мы і прадбачылі, “пацалаваў прабой”.
Сапраўдныя сябры заўжды знойдуць час, каб сустрэцца, якія б высокія пасады яны не займалі і якімі б занятымі яны не былі. Тым больш калі яны знаходзяцца тэрытарыяльна побач адзін з адным. Паводзіны Пуціна напоўніцу абвяргаюць словы Лукашэнкі, сказаныя ім падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам” 3 лютага. Ніякі Пуцін яму не сябр. І не трэба вешаць локшыны на вушы мільёнам беларускаў і расіянаў. Ствараецца ўражанне, што хутка мы станемся сведкамі яшчэ шмат чаго цікавага ў дачыненнях паміж Расіяй і Беларуссю. Толькі пра “саюзную дзяржаву”, можна меркаваць, будзе ўзгадвацца ўсё менш і менш. Калі ўвогуле.