Найлепшае інтэрвію з Паўлам Латушкам

Па просьбе шэф-рэдактара НЧ зьмяшчаю тут найлепшае інтэрвію з Паўлам Латушкам, запісанае мной на адкрыцьці Міжнарожнага менскага кніжнага кірмаша 10 лютага і  апублікаванае тыдзень таму ў маім прыватным блогу.



cee8d6b7ce52554fd70354e37bbf44a2.jpg

Па просьбе шэф-рэдактара НЧ зьмяшчаю тут найлепшае інтэрвію з Паўлам Латушкам, запісанае мной на адкрыцьці Міжнарожнага менскага кніжнага кірмаша 10 лютага і  апублікаванае тыдзень таму ў маім прыватным блогу.

Незалежным журналістам у Беларусі не даюць. Камэнтароў, інтэрвію, інфармацыі. Не даюць чыноўнікі дзяржструктураў - прычым не па загадзе зьверху, а па загадзе зьнізу - загадзе органа ўласнага арганізму, які дбайна пільнуе, "абы чаго ня выйшла". Спачатку яны пытаюцца, ад якой вы газэты, потым (калі размова ўжывую) глядзяць на ваш бэйдж - а потым не даюць. Мне-та зазвычай пофіг, бо ў сфэры культуры ў нас зазвычай даюць усе і ўсім, а пішу я збольшага пра культуру. А вось у Волі Хвоін аднойчы дыктафон забралі.
Паколькі мне зазвычай пофіг, то рэдкая патрэба ўзяць для пушчай убядзіцельнасьці камэнтар у чыноўніка ніколі ня ставіць мяне ў тупік. Я радасна знаходжу тэлефон і тэлефаную. І я шчыра веру, што "адна прэс-канфэрэнцыя ўжо была, а другая хутка будзе, але мы яшчэ не знаем калі, тэлефануйце заўтра". І я слухмяна тэлефаную заўтра - а "другая прэс-канфэрэнцыя ўжо была". Ну а паколькі разьбіваць лбом бэтонную сьцяну я сэнсу ня бачу, на гэтым мой імпэт "узяць камэнтар" зазвычай заканчваецца.
Але падчас кніжнага кірмаша я вырашыла ісьці да канца. Я прыйшла на адкрыцьцё, каб хоць каму-небудзь задаць наступнае пытаньне: "Прыватныя выдавецтвы ня могуць браць удзелу ў гэтым кірмашы празь непамерную арэндную плату. Між тым менавіта прыватныя выдавецтвы друкуюць найбольшую колькасьць літаратуры на беларускай мове. Ці плянуе дзяржава нейкія праграмы падтрымкі прыватнага кнігадруку?"
Мяне паслалі два прадстаўнікі "Макбелу", прамыя адрасаты гэтага пытаньня. Праляскоўскі - як тая Галгота - быў ачэплены двайным ачапленьнем. Ён то хадзіў па кірмашы са сьвітай падначаленых і прымаў парад, то эманаваў на камэры і дыктафоны высокадухоўнасьць - а маё пытаньне было маленькае і вельмі канкрэтнае.
Страціўшы ўсялякую надзею на "голас другога боку" я роспачна крутанулася на абцасах пасярод кірмаша - і... Проста перада мной стаяў Павал Латушка.
Глеб Лабадзенка вядомы як чалавек, які ўзяў ПЕРШАЕ інтэрвію ў міністра культуры Паўла Латушкі. Дык вось, гэта фігня. Я думаю, што я ўвайду ў гісторыю айчыннай прэсы, як чалавек, які ўзяў у Латушкі ЛЕПШАЕ інтэрвію. 
Адразу зазначу, што ў мяне назіраецца поўная адсутнасьць інстынкту самазахаваньня ў беларускім грамадзтве. Напрыклад, экзамэнатара ў ДАІ я, сядаючы за стырно, папярэдзіла, каб ён паводзіўся добра, бо я зьбіраю фактуру для рэпартажа ў незалежную газэту. Вось і да Латушкі я падыйшла з ультыматумам.
- Добры дзень, спадар міністр, - сказала я Латушку. - У мяне праблема. Калі вы зараз не адкажаце на маё пытаньне, мне давядзецца напісаць у маёй незалежнай газэце, што афіцыйныя ўлады ад камэнтара адмовіліся.
- У якой такой газэце? - узьняў брыво Латушка. Як вы разумееце, гаварыла я вельмі хутка, да таго ж, была пасьля трох касмэтычных салёнаў - толькі што не бляндынкай.
- У газэце "Новы час"! - з гонарам заявіла я, памахаўшы ў яго пад носам бэджыкам.
- Ніколі ня чуў, - пахваліў Павел Латушка.
- Ну, ёсьць такая газэта, але гэта няважна... Калі ласка, пракамэнтуйце маю праблему... Усяго адно пытаньне.
- Дакладна адно?
- Дакладна.
- Дык давайце, запісвайце.
- Я запісваю.
Латушка зь недаверам пазірае на нататнік і асадку.
- У дыктафоне батарэйка села, - тлумачу я. А сама дыктафон дома пакінула. Бо ў Волі Хвоін аднойчы дыктафон забралі, а мне мой дарагі як памяць пра добрыя заробкі. 
Далей, уласна, поўны тэкст інтэрвію. 
- - - - -
Марыйка:"Прыватныя выдавецтвы ня могуць браць удзелу ў гэтым кірмашы празь непамерную арэндную плату. Між тым менавіта прыватныя выдавецтвы друкуюць найбольшую колькасьць літаратуры на беларускай мове. Ці плянуе дзяржава нейкія праграмы падтрымкі прыватнага кнігадруку?"
Латушка: Мой адказ будзе такі. Мы ўсе павінны намагацца чытаць больш. На любой мове. Беларускія кнігі - па-беларуску. Вось у нас на кірмашы ганаровы госьць Францыя - то і па-французску. Ведаеце, сёлета мы сьвяткуем 80-годзьдзе Ўладзіміра Караткевіча. І я магу пажадаць кожнаму перачытаць Караткевіча і атрымаць асалоду ад сьпеўнасьці, багацьця беларускага слова.
- - - - - 
Я паказвала гэтае інтэрвію тром мудрацам.
- Я бачу ў гэтых словах прыпавесьць. Намёк на вальнадумства, нязгоду, бунтарства Гервасія Вылівахі, - сказаў першы.
- Цнота вучонага мужа адказаць не толькі на пытаньні, якія былі зададзеныя, - але і на тыя, якія не прагучалі, - сказаў другі.
- Ён завучыў адну мантру і ганяе беса па коле, - сказаў трэці.
А я там была, я яго бачыла, я вось што скажу. У маім жыцьці была жанчына, якая, увайшоўшы ў салён прыгараднага аўтобуса "Брузгі - Горадня", сказала пасажырам: "Людзі, аткройце люкі, я віжу сіні дым".
Дык вось, Павал Латушка бачыць сіні дым. Гэта абсалютна дакладна.
 

Таксама па тэме:

«Няма каго байкатаваць»: беларускія прыватныя выдаўцы не супраць аб’яднацца

Касметычны рамонт у Храме Кнігі