Прафэсія: бомж

Учора позна ўвечары на аўтобусным прынынку я пачувалася адным цэлым са сваім народам.



063e26c670d07bb7c4d30e6fc69fe056.jpg

Учора позна ўвечары на аўтобусным прынынку я пачувалася адным цэлым са сваім народам.

Зрэшты, кампанія ў нас там падабралася даволі аднаплянавая: жанчыны рознага ўзросту, якія не маглі або не хацелі доўга шпацыраваць пад ільдзяным дажджом. Жанчына з кійком, чатыры школьніцы пасьля тэатру :"Афігееееенскі спэктакль, ваашчэ!" - у тонкіх панчохах і на высачэхных шпільках кожная; стомленая кандуктарка пасьля зьмены і я, - не кандуктарка і не пасьля зьмены, але таксама вельмі стомленая. Стаім, чакаем 29-га або 44-га, каб пераехаць празь Ерусалімскі мост да цывілізаванага транспарту. А яны традыцыйна ня едуць.

Людзей на прыпынку было бітма, але ядро нянавісьці да Мінсктрансу складала нашая пярэстая групка. Загоншчыцамі былі школьніцы. "Толькі не Навінкі, толькі не Навінкі!!!" - пачынаюць хорам рагатаць школьніцы, як толькі бачаць на даляглядзе зялёны аўтобус. Але дзе там - аўтобус нязьменна аказваецца 18-м. І можа адвесьці іх у вар'ятню. Або манастыр. Але не на раён. На раён едзе 29-ты, але гэтай сукі няма ўжо сорак хвілінаў, як і 44-га. Мы астатнія стаім, дасылаем Мінсктрансу промні нянавісьці. Найбольш годна ў гэтай сытуацыі паводзілася кандуктарка, якая ўзяла на сябе функцыю Акудовіча грамадзкага дарожнага руху. З аднаго боку адчуваючы сябе адным цэлым з Мінсктрансам, яна не магла не ўздымаца па-над палатном, праводзячы абагульненьне з свайго досьведу. "Я сама кандуктар, я вам патлумачу, чаму ён ня едзе!" - казала яна. І сапраўды рацыянальна тлумачыла ўсё, што адбываецца.
І тут да прыпынка падыйшлі два хлопцы, сталі каля слупа з раскладам, і сказалі: "Пара!" - "Даўно пара!!!" - хорам адрэагавалі мы. "Ды не "пара", а парад!" - сказалі хлопцы і паказалі на Ерусалімскі мост.
Як выялілася, увесь прыпынак пяліўся ў бок, АДКУЛЬ мусілі прыехаць аўтобусы, не заўважыўшы, як у тым баку, КУДЫ яны мусілі ехаць, перакрылі рух, наставілі ДПС-нікаў, і ўвогуле 9 мая па поўнай праграме. Найбольш шкада было кульгавую жанчыну. Кандуктарка замітусілася з праклёнамі. Школьніцы пачалі вызвоньваць бацькоў і пацаноў з раёна з машынамі. Я, сама не свая ад злосьці, выправілася дадому пешкі, балазе халодны дождж скончыўся.
Па дарозе краем вока я заўважыла, як кандуктарка, ваяўніча размахваючы парасонам, спрабуе адшукаць пацераную совесьць батальону ДПС, што перакрыў мост для транспарту.
Але пік маёй злосьці прыйшоўся на скрыжаваньне праспэкту Машэрава і праспэкту Машэрава. Рух быў перакрыты, бо атрад байцоў поўзаў па мокрым асфальце, сушыў яго гарэлкай і наносіў разьметку: белыя кропачкі, па якіх, відаць, на парадзе будуць шпацыраваць войскі. Але нават гаварыць сілаў не было, ня тое што кінуцца і рукамі перадушыць - хаця б іх начальства.
Дык вось, калі я стаяла на халоднымі прыпынку, чакаючы аўтобусаў, я сагравала сабе ўяўленьнем, што я ўжо ўнутры такога зялёнага МАЗУ і еду. І тады згадалася сцэнка з Новага году, калі наконадні я ехала кудысьці па сваім квартале на 63-м аўтобусе,а ў яго зайшоў Навагодні Дзед.
Навагодні Дзед быў клясычным, эталённым, пастаральным, кінэматаграфічным бамжом. На ім быў старамодны тулуп да пятаў, з-пад якога вытыркаліся джынсы, дзед меў на сабе аблавух і пацяганы шалік. Самае цікавае, што ад бамжа ня пахла: думаю, менавіта гэта адразу напаўняла людзей навокал прыязнасьцю да калярытнага фрукта. З-пад аблавуха тырчэлі сівыя пасмы. Фрукт быў ужо добра даты. Не знайшоўшы вольнага месца ў аўтобусе, ён сеў на прыступку паміж бакавымі сядзеньнямі зь непасрэднасьцю нямецкага студэнта на экскурсіі па Беларусі. Экскурсію ён, уласна, і распачаў.
- Тут я радзіўся, тут я хрэсьціўся, тут я сьпіўся! - зьвярнуўся ён да ўсіх і ні да каго адразу, зрабіўшы кола рукамі. - Што тут было? Гароды былі! Татарскія гароды. Цыбуля во! Буракі во. А гэтага ўсяго не было. Голае поле. А цяпер - во!
 У апошняе "во!" ён уключыў адразу 5-15 будынкаў, што сапраўды атачалі аўтобус, пакуль мы ехалі паўз Палац Спорту. Крыху памаўчаўшы, дзед зьмяніў тон прамовы на элегічны. Цяпер у яго зьявіўся адрасат - калені жанчыны, што сядзела насупраць. Але з кантэксту можна было здагадацца, што размаўляе ён зь нядаўна згубленым сабакам.
- Ах ты гаротная мая, бедная! Я ж цябе любіў, я ж цябе карміў, апошняе аддаваў... А як нас бралі, то нас разлучылі... Мяне ў Валадарачку на сутачкі, а цябе куды, мая сучачка? Ніхто мне потым не сказаў, куды цябе дзелі. Я на Гурскага быў-быў, усё клеткі абхадзіў-абхадзіў - няма цябе! Ці жывая ты, ці здаровая? Сумуеш па мне, родная...
Пасьля ён пачаў сьпяваць песньню накшталт "Нам водка строіць і жыць памагает..." Нікога ў аўтобусе гэта не раздражняла. Выглядала ўся карціна мірна, бяскрыўдна і сапраўды па-навагодняму - за вокнамі сыпаў пухнаты сьняжок, і магчыма, менавіта так мусіў выглядаць ён, беларускі Зюзя. Бомж у тулупе зь сівымі пасмамі з-пад аблавуха, з сабакам, якога адабралі злыя мянты, і таму Зюзя расстроіўся, і Новы год у Беларусі не наступіў, а ўсё яшчэ цягнецца 2009-ты.
Ну, вы разумееце, якія ідэі завяліся ў мяне ад сузіраньня ўсёй сцэны. Я адразу пачала думаць пра матэрыял у газэце "Новы час": даўно меркавала рабіць для рубрыкі "Асоба" партрэты калярытных апушчэнцаў... І тут Зюзя выявіў здольнасьць чытаць чужыя думкі. Ён пажаваў сківіцамі, відаць, мяняючы канал, і выдаў у паўцемру 63-га аўтобуса наступнае:
- Тэлеканал "ЛАД" сьнімаў. "Вячэрні Мінск" інтэрвію браў. Какіе-та підары малалетнія зь мікрафонам запісвалі. КАГДА ЭТА КОНЧЫЦЦА?
Пасьля чаго ўстаў і выйшаў на Нямізе. Застаўшыся для мяне вечна загадкавым Навагоднім Дзедам.