1000 дзён вайны: Колькі беларусаў асудзілі за салідарнасьць з украінцамі?
Праваааронцы падлічылі, што як мінімум 200 беларусаў асудзілі па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай. Толькі за першыя паўтара месяца вайны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1500 чалавек.
За 1000 дзён поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны як мінімум 200 беларусаў асудзілі па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай. Людзей каралі і рэальнымі тэрмінамі зняволення аж да 25 гадоў, і рознымі тэрмінамі абмежавання волі, і прымусовым лячэннем у псіхіятрычным шпіталях.
Беларускі рэжым адкрыта пераследуе беларусаў за антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй. Па дадзеных на люты, як мінімум 1671 беларус быў затрыманы за праяву антываеннай пазіцыі — людзей катавалі, трымалі ў нечалавечых умовах, прысуджалі штрафы ці суткі, а таксама вялікія тэрміны зняволення.
Так, беларусы актыўна праяўлялі антываенную пазіцыю: ладзілі пікеты, псавалі чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расійскай ваеннай тэхнікі, дапамагалі ў інфармацыйнай вайне, ваяваліна баку Украіны, нагадваюць праваабаронцы.
Праваабаронцы падлічылі, што толькі за два гады вайны — па стане на 23 лютага 2024 года — у Беларусі налічваецца:
- 13 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 199,5 гадоў няволі.
- За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ на той жа час асуджаныя не меней за 37 асобаў, за намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя як мінімум 15 чалавек.
- Не меней за 38 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі і праяву салідарнасці з Украінай, 14 асобаў асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам.
За жаданне ваяваць на баку Украіны праваабаронцам вядома не меней за 14 асуджаных беларусаў. Гэта Аляксандр Кулікоў, Сяргей Грыбовіч, Андрэй Раптуновіч, Анатоль Міхайлаў, Андрэй Маслаў, Міхаіл Лістападаў, Яўген Карпаў, Сяргей Вайцюк, Аляксандр Айнутдзінаў, Кірыл Балахонаў, Павел Абозны, Ян Папковіч, Максім Стасюк, Васіль Якімаў.
- Грамадзянін Германіі Рык Крыгер быў асуджаны да смяротнага пакарання, аднак змог пазбегнуць яго, бо выйшаў на волю падчас абмену.
- За першыя паўтара месяца вайны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі больш за 1500 чалавек. У нашай краіне да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту.
- Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не меней за 1671 чалавека. З іх 94 асобы асуджаныя паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў. "Вясна" распавядае пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй Беларусі прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года. За два дні ўсілавікамі было затрымана больш за 1100 чалавек.
Удзельнікаў антываенных акцый пераследвалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс “Не вайне” на адзенні, за ўскладанне кветак каля Украінскай амбасады ў Мінску. Беларусы пратэставалі не толькі ў сталіцы, але ў большасці рэгіёнаў Беларусі.
Затрыманыя на акцыях падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна збівалі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі наўпрост у лякарні.
- Дыверсія ў Мачулішчах
На ваенным аэрадроме ў гарадскім пасёлку Мачулішчы пад Мінскам 26 лютага 2023 года прагучалі два выбухі. Пазней стала вядома, што быў падарваны і выведзены з ладу расійскі ваенны самалёт дальняй выведкі ДРЛВ-50, які знаходзіўся на гэтым аэрадроме. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Пасля здзяйснення дыверсіі па Беларусі прайшла хваля затрыманняў, якую сілавікі назвалі "зачысткай". Супрацоўнікі КДБ зладзілі масштабную аперацыю па выкрыццю так званых "дыверсантаў". У дамах дзясяткаў беларусаў ладзілі вобшукі, пасля чаго іх дапытвалі і затрымлівалі. Частку з іх пазней адпусцілі.
- Ціск на каліноўцаў: прызнанне "фармаваннем", крымінальныя справа і пагромы ў кватэрах
Таксама ўлады актыўна пераследуюць тых, хто ўжо далучыўся да палка Каліноўскага. 23 верасня 2022 года МУС прызнала аўдыторыю палка “экстрэмісцкім фармаваннем”. А 11 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага.
У 2022 годзе сілавікі прыдумалі новы спосаб ціску і запужвання тых нязгодных з уладай, хто знаходзіцца за мяжой – граміць кватэры. Сілавікі здымаюць відэа пагромаў, якія затым выкладваюць у сваіх тэлеграм-каналах. Спачатку яны здымаюць стан кватэры да вобшука, затым паказваюць яе стан пасля: раскіданыя рэчы і зламаная імі мэбля, выпатрашаныя шафы. Акрамя гэтага, здымаюць "пакаяльныя відэа" са сваякамі каліноўцаў.
Як мінімум 200 чалавек былі асуджаныя па крымінальных справах за салідарнасць з Украінай — беларусам прысуджалі ад 1 да 25 гадоў абмежавання ці пазбаўлення волі, некаторым прызначалі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Пераслед украінцаў у Беларусі
Ужо два гады ў Беларусі пераследуюць украінцаў па падазрэннях у супрацоўніцстве з украінскімі спецслужбамі. Так, за "агентурную дзейнасць" на карысць Украіны паводле арт. 358-1 КК асудзілі, сярод іншых, Сяргея Бойку, Людмілу Ганчарэнку, Міхаіл Сталярчук, Дзмітрый Гудзік, Купрыенку Паўла.
Некаторых украінцаў не пускаюць у Беларусь і дасканала дапытваюць на мяжы. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", на адным з памежных пунктаў (Беларусь-Польшча) у Брэсце 13 лютага ў краіну беларускія памежнікі не пусцілі каля 10 грамадзян Украіны. Калі ўсе зайшлі ў будынак для праверкі пашпартоў, то зачынілі дзверы і запыталі, ці ёсць сярод прысутных грамадзяне Украіны і ці збіраюцца яны потым ехаць у Расію. Допыты ўкраінцаў цягнуліся да дзвюх гадзін. Прычыны адмовы ўезду ў Беларусь ніяк не растлумачылі. Кіроўцу аўтобуса памежнікі сказалі не чакаць і ехаць.
Праваабаронцы падрыхтавалі спіс усіх людзей, якія сталі фігурантамі крымінальных палітычных спраў у Беларусі за сваю антываенную пазіцыю, дасяжны па спасылцы