«Адпраўляюць на вайну супраць роднай краіны»
Расійскія акупацыйныя ўлады пачалі пераследаваць крымскіх татараў адразу пасля анексіі паўвострава ў 2014 годзе і працягваюць рабіць гэта да сённяшняга часу. Адных затрымліваюць паводле абвінавачання ў «экстрэмізме», іншых вымушаюць з'язджаць з Крыма. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну іх становішча стала яшчэ больш складаным — мясцовыя праваабаронцы параўноўваюць ход восеньскай мабілізацыі на паўвостраве з генацыдам цэлага народа.
Выданне «Медуза» апісвае, як дзевяць гадоў расійскай акупацыі змянілі жыцці крымскіх татараў і як Расія адпраўляе іх на вайну з краінай, якую яны лічаць сваёй.
Супрацьстаянне
26 лютага 2014 года, менш чым за месяц да анексіі Крыма, ля будынка крымскага парламента ў Сімферопалі сустрэліся дзве прыкладна аднолькавыя па колькасці групы — усяго больш за дванаццаць тысяч чалавек. Першая — прыхільнікі прарасійскай партыі «Рускае адзінства» пад кіраўніцтвам Сяргея Аксёнава, тады дэпутата Вярхоўнага Савета Крыма, а сёння кіраўніка анексаванай рэспублікі — выступала за правядзенне рэферэндуму аб статусе паўвострава. Другая група — іх праціўнікі, якія падтрымліваюць меджліс крымскататарскага народа — прыйшла, каб не даць парламенту Крыма правесці пасяджэнне, на якім планавалася абмеркаваць выхад рэспублікі са складу Украіны.
Сутыкненні паміж удзельнікамі мітынгу ўсё ж пачаліся. Падчас іх каля трыццаці чалавек былі паранены, двое загінулі: у 21-гадовага Ігара Поснага падчас акцыі здарыўся сардэчны прыступ, а пенсіянерку Валянціну Корневу затаптаў натоўп. Абодва выступалі за ўваходжанне Крыма ў склад Расіі. Пры гэтым ніводны ўдзельнік пратэстаў не быў затрыманы. Праз чатыры гады прэзідыум парламента анексаванага Крыма пасмяротна ўзнагародзіў Поснага і Корневу медалямі «За абарону Рэспублікі Крым».
Прынята лічыць, што з мітынгу 26 лютага пачаўся супраціў крымчан расійскай акупацыі. У той дзень пасяджэнне парламента так і не прайшло — з-за адсутнасці кворуму. А 27 лютага расійскія вайскоўцы без апазнавальных знакаў захапілі ўрадавыя будынкі ў Крыме. Сяргея Аксёнава (фармальна — рашэннем крымскага парламента) прызначылі старшынёй Савета міністраў Крыма. Менш чым праз месяц — 17 сакавіка — ён стаў кіраўніком рэгіёна. З таго часу жыццё крымскіх татараў ператварылася ў пастаяннае сутыкненне з расійскімі рэпрэсіямі.
З крымчанамі, якія прынялі бок расійскіх улад, праўкраінскія афіцыйныя асобы рэгіёна ніяк не кантактуюць. Прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў Крыме Таміла Ташава называе іх «калабарантамі», якія не заслугоўваюць дыялогу. Яна лічыць, што гэта «адна з формаў дэманстрацыі грэблівага стаўлення».
Першыя пераследы
Цягам года пасля лютаўскіх падзей у Сімферопалі за ўдзел у мітынгу каля парламента затрымалі васьмярых крымскіх татараў. Сярод іх быў намеснік кіраўніка меджліса Ахтэм Чыйгоз — яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Амаль тры гады ён правёў у СІЗА Сімферопаля, а ў 2017-м яго і яшчэ аднаго кіраўніка меджліса Ільмі Умерава, асуджанага на два гады за «заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі», выдалі Турцыі, якая на працягу многіх гадоў падтрымлівае крымскіх татараў і лічыць іх суайчыннікамі з цюркскімі каранямі. Вызвалення Чыйгоза і Умерава, як распавядаў праўкраінскі лідар крымскіх татараў Мустафа Джэмілеў, дамогся сам Рэджэп Эрдаган. Па адной з версій, крымскіх татараў абмянялі на дваіх расійцаў, абвінавачаных у шпіянажы. Прэзідэнт Турцыі не каментаваў гэты абмен.
Чыйгоз і Умераў выйшлі на волю, калі меджліс ужо быў аб'яўлены ў Расіі «экстрэмісцкай арганізацыяй» — гэта рашэнне Вярхоўны суд Крыма прыняў у красавіку 2016 года. На адным з пасяджэнняў Наталля Паклонская — на той момант галоўны пракурор рэспублікі — назвала кіраўнікоў меджліса «марыянеткамі ў руках вялікіх заходніх лялькаводаў», якія выкарыстоўваюць крымскататарскі народ «як разменную манету». На думку Паклонскай, меджліс быў «нацэлены выключна на антырасійскую дзейнасць».
Пасля аб'яўлення арганізацыі «экстрэмісцкай» расійскія сілавікі атрымалі поўную свабоду ў пераследах крымскіх татараў. Так, па даных першага намесніка меджліса Нарымана Джалялава, з 2016 года былі выкрадзены паўтара дзясятка актывістаў арганізацыі — нікога з іх да гэтага часу не знайшлі. У Следчым камітэце Крыма сцвярджаюць, што «масавых знікненняў крымскіх татараў на паўвостраве няма».
Справа аб падрыве газаправода
Сувязь Кіева з Крымам дапамагаюць падтрымліваць тыя, хто, нягледзячы на расійскія рэпрэсіі, вырашыў застацца ў Крыме. Сярод іх быў першы намеснік кіраўніка меджліса Нарыман Джалялаў. Па словах Тамілы Ташавай, ён падтрымліваў палітвязняў, наведваў суды. «У 2021 годзе, пасля таго як ён [Джалялаў] наведаў саміт Крымскай платформы ў Кіеве і вярнуўся дадому, расійскія сілавікі арыштавалі яго і абвінавацілі ў арганізацыі дыверсіі», — узгадвае Ташава.
У канцы верасня 2022 года Вярхоўны суд Крыма асудзіў Нарымана Джалялава да 17 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў дыверсіі на газаправодзе 23 жніўня 2021-га ў вёсцы Перавальнае на паўднёвым усходзе Крыма. Тады крымскае МУС, не раскрываючы падрабязнасцей, паведаміла аб «пашкоджанні» мясцовага газаправода, а 4 верасня па абвінавачанні ўжо ў «падрыве» былі затрыманы актывісты, браты Азіз і Асан Ахтэмавы — а з імі і Нарыман Джалялаў. У той дзень 60 крымскіх татараў выйшлі на мітынг да будынка УФСБ па Крыме ў Сімферопалі. Сорак з іх затрымалі, большасці далі адміністрацыйныя арышты.
Расійска-ўкраінскі адвакат Мікалай Палазаў, які прадстаўляў інтарэсы Нарымана Джалялава ў судзе, падкрэслівае, што ў справе не было ніводнага пераканаўчага доказу. Па версіі следства, Джалялаў арганізаваў кантрабанду выбуховага ўстройства і план «дыверсіі», а браты Ахтэмавы заклалі ўзрыўчатку пад газаправод і падарвалі яго.
Абвінавачанне абапіралася на скаргі жыхароў вёскі Перавальнае, якія заявілі аб рэзкім адключэнні газу ў сваіх дамах і чулі гукі выбуху. Таксама ў якасці доказу бок абвінавачання прывёў прызнанні братоў Азіза і Асана Ахтэмавых у падрыве газаправода — праўда, крыху пазней высветлілася, што супрацоўнікі ФСБ катавалі іх электрычным токам. Усяго, як сцвярджае Палазаў, вядома аб катаваннях васьмі чалавек, звязаных з гэтай справай. Сілавікі заявілі, што «не аказвалі ціску на падсудных» і што тыя самі «актыўна і жыва адказвалі на пытанні праваахоўнікаў».
Акрамя таго, сакрэтныя сведкі, якія давалі паказанні супраць падсудных, блыталіся ў версіях. Так, адзін з іх заявіў, што быў кіроўцам мікрааўтобуса, на якім, паводле версіі следства, браты Ахтэмавы ездзілі з Крыма ў Херсон на сустрэчы з арганізатарамі дыверсіі (іх імёны ў судзе не называлі). Пры гэтым «кіроўца», які прапрацаваў, паводле яго слоў, восем гадоў на гэтым маршруце, не мог адказаць на пытанне адваката падсудных, дзе ў Херсоне знаходзяцца пашпартны стол і «Макдональдс», хоць менавіта каля іх ён рэгулярна «высаджваў» пасажыраў.
У сваім апошнім слове Нарыман Джалялаў казаў:
«Крымінальны пераслед у дачыненні да мяне — актывіста крымскататарскага нацыянальнага руху, дэлегата курултая і першага намесніка старшыні меджліса крымскататарскага народа — мае на мэце абвясціць па-за законам, навесіць цэтлік «тэрарызму» на ўсю сістэму прадстаўнічых органаў крымскіх татараў. І тым самым адкрыць шлях да масавых рэпрэсій у дачыненні да карэннага народа Крыма».
З тым, што ў агляднай будучыні расійскія ўлады могуць абвясціць меджліс ужо не «экстрэмісцкай», а «тэрарыстычнай арганізацыяй», згодны і адвакат Мікалай Палазаў:
«Меджліс — гэта не толькі некалькі дзясяткаў чалавек, абраных у якасці кіраўнікоў органа. Гэта сістэма, якая ўключае і рэгіянальныя аддзяленні, і гарадскія, і пасялковыя — гэта некалькі тысяч чалавек, якія ў выпадку прызнання меджліса «тэрарыстычнай арганізацыяй» будуць абвешчаны «тэрарыстамі».[Поўнамаштабная] вайна некалькі зблытала гэтыя планы, але на працу рэпрэсіўнага апарата не паўплывала».
На думку адваката, справа аб забароне меджліса была сфабрыкавана з адной мэтай — узмацніць ціск на крымскіх татараў, якія з самага пачатку акупацыі Крыма не былі лаяльныя Крамлю. Паралельна з гэтым у Крыме пачалі масава заводзіць крымінальныя справы, звязаныя з яшчэ адной ісламскай арганізацыяй, у адрозненне ад меджліса, ужо абвешчанай у Расіі «тэрарыстычнай» — «Хізб-ут Тахрыр». Дзясяткі крымскіх татараў, якія, на думку расійскіх улад, былі яе актыўнымі членамі, абвінавацілі ў тэрарызме і прыгаварылі да 19 гадоў калоніі строгага рэжыму.
«Жаночыя» вуліцы
Масавыя пераследы з боку расійскіх улад, якія пачаліся пасля анексіі Крыма, закранулі і крымскататарскіх жанчын. У 2018 годзе юрыст грамадскай арганізацыі «КрымSOS» Анастасія Майсеева назвала гэта «новым трэндам у Крыме». Так, у жніўні 2018-га паэтку Алію Кенжаліеву абвінавацілі ў «рэабілітацыі нацызму» за верш, у якім яна асуджае вайну на Данбасе. Праз некалькі дзён яе адпусцілі з-за адсутнасці складу злачынства.
Часцей за ўсё крымскататарскіх жанчын абвінавачваюць у «распальванні нянавісці альбо варожасці». Напрыклад, супраць журналісткі і дачкі фігуранта ялцінскай справы «Хізб-ут Тахрыр» Мусліма Аліева Гульсум Аліевай у тым жа 2018-м распачалі крымінальную справу за пасты ў фэйсбуку: Аліева асвятляла судовыя слуханні супраць палітвязняў, а затым размяшчала артыкулы на старонцы аб'яднання сваякоў «Крымская салідарнасць». У студзені 2019 года справа была закрыта, але пасля Аліеву яшчэ не раз затрымлівалі па тым жа 282-м артыкуле.
Але большасць крымскататарскіх жанчын пацярпелі ад расійскіх рэпрэсій інакш. Пасля арыштаў мужчын іх сем'і застаюцца без бацькоў, мужоў, братоў і сыноў — і часцей за ўсё без сродкаў да існавання. «Так, у Фатмы Ісмаілавай у турме спачатку апынуўся муж, а затым брат і бацька», — прыводзіць прыклад праваабаронца Афізе Карымава. Яна дадае, што ў месцах кампактнага пражывання крымскіх татараў з'яўляюцца цэлыя «жаночыя» вуліцы.
Пра тое, як змяніліся іх жыцці з-за расійскіх рэпрэсій, распавялі тры крымскія татаркі, чыіх мужоў асудзілі па справе «Хізб-ут Тахрыр». Усе імёны зменены па просьбе гераінь.
Эмінэ ўзгадвае, што найбольш арышт яе мужа ў 2020 годзе адбіўся на здароўі ягоных бацькоў. У лютым 2023-га яе свёкар ужо другі раз лёг у лякарню — лекары не могуць паставіць яму дакладны дыягназ. А ў свякрухі абвастрыўся цукровы дыябет. Па словах Эмінэ, жанчына з цяжкасцю пераносіць дарогу да Растова, дзе праходзяць суды над яе сынам.
«Мы вельмі доўга хацелі дзіця, бегалі па лекарах, — успамінае жанчына. — Калі наша мара нарэшце спраўдзілася [і я зацяжарала], да нас у хату ўварваліся супрацоўнікі ФСБ. З-за стрэсу я страціла малога. Муж даведаўся пра гэта толькі падчас кароткага спаткання ў СІЗА». Цяпер муж Эмінэ чакае прысуду ў Растове-на-Доне.
Мужа іншай жанчыны, Дыляры, суд прыгаварыў да 17 гадоў калоніі строгага рэжыму ў 2021 годзе. З таго часу яна вымушана ў адзіночку забяспечваць чацвярых дзяцей — клапаціцца пра малодшых маці дапамагаюць старэйшыя. Свёкар Дыляры пасля арышту сына цяжка захварэў.
«Калі арыштавалі мужа, малодшай дачцэ не было і года. Да таго дня я займалася выхаваннем дзяцей і домам, а муж зарабляў. У астатні час імкнуўся па максімуме мне дапамагаць. Пасля арышту звыклая карціна абвалілася: чацвёра дзяцей на руках, клопат пра мужа ў зняволенні, заробак, пажылыя бацькі [і мае, і мужа], якіх трэба падтрымліваць», — узгадвае Дыляра.
Паводле яе слоў, спачатку «бясконцы цэйтнот» не даваў ёй страціць надзеі, але ад стомленасці яна часам нават засыпала за стырном. Перш сям'я шмат укладвала ў адукацыю дзяцей, але пасля таго, як мужа арыштавалі, прыйшлося адмовіцца ад большай часткі гурткоў. Дзецям давялося вельмі хутка пасталець.
Жонка яшчэ аднаго зняволенага, Фаціма, расказвае, што пасля арышту мужа па справе «Хізб-ут Тахрыр» у 2019 годзе яе дачка «загарэлася жаданнем» стаць адвакатам і паступіла ў юрыдычны каледж. Сын мужа Фацімы ад першага шлюбу пасля дзявятага класа не змог паступіць у каледж і стаў шукаць працу, каб дапамагаць сям'і, аднак знайсці яе не ўдалося. Аднак ён захапіўся журналістыкай і пачаў хадзіць на працэсы крымскіх татараў, якіх судзяць па тых жа артыкулах, што і яго бацьку. Гэтыя справы ён здымае для «Крымскай салідарнасці».
Усе тры жанчыны кажуць, што ўвесь час акупацыі Крыма і масавых рэпрэсій крымскія татары падтрымліваюць адзін аднаго і асабліва жанчын, якія засталіся ў адзіноце з дзецьмі — маральна, матэрыяльна і юрыдычна. Для клопату аб дзецях «Крымская салідарнасць» запусціла асобны кірунак працы — праект «Крымскае дзяцінства». Яго валанцёры дапамагаюць дзецям палітвязняў, якія растуць без бацькоў: іх возяць на адпачынак, ладзяць для іх творчыя гурткі і майстар-класы.
Масавы прызыў
Сейдамет Мустафаеў — 49-гадовы выкладчык псіхалогіі і крымскататарскі актывіст з Сімферопаля. Яшчэ ў 2014 годзе ён страціў працу ўніверсітэцкага выкладчыка з-за сваёй праўкраінскай пазіцыі, але ўсё ж застаўся ў Крыме. Мустафаеў распавядае, што на працягу ўсіх гадоў расійскай акупацыі ён атрымліваў пагрозы — «не толькі крымінальнага пераследу, але і фізічнай расправы».
«У асноўным [пагрозы паступалі] ад ботаў у сацсетках. Але была сітуацыя, калі да мяне пад'ехалі нейкія людзі. Адкрылася акно [аўтамабіля], з яго выглянуў чорт і паабяцаў, што [мяне] «заваляць», калі не заткнуся», — успамінае крымчанін.
Застаўшыся без працы ва ўніверсітэце, Мустафаеў заняўся прыватнай псіхалагічнай практыкай і актыўна вёў старонку ў фэйсбуку — паводле яго слоў, ён стараўся атачаць сябе аднадумцамі, якія таксама былі незадаволены анексіяй. З'язджаць з Крыма Мустафаеў не жадаў: ён, як і шматлікія іншыя крымскія татары, вярнуўся на сваю зямлю з Узбекістана, куды ў 1944 годзе былі дэпартаваны яго продкі.
Але падзеі 2022 года вымусілі яго пакінуць Крым. Улетку яму і яго 21-гадоваму пляменніку першы раз прыйшлі позвы ў ваенкамат на медкамісію — яны праігнаравалі іх і засталіся ў Сімферопалі. Але калі 21 верасня Пуцін абвясціў у Расіі мабілізацыю — афіцыйна «частковую», але на самой справе масавую — Мустафаеў разам з пляменнікам збеглі з Крыма і праз Казахстан і Узбекістан дабраліся да Германіі.
«Калі даведаўся, што магу адправіцца гарматным мясам на вайну з роднай для мяне краінай, не стаў чакаць новай позвы. Яшчэ і пляменніка выцягнуў. Яго б дакладна забралі, ён па ўсіх параметрах падыходзіў», — распавядае Мустафаеў.
Крымчанін падкрэслівае, што падчас мабілізацыі позвы атрымалі практычна ўсе яго знаёмыя — крымскія татары. «Спрабавалі забіраць нават 60-гадовых, але ў адвакатаў атрымалася іх абараніць. Бацькам сяброў позвы прыходзілі», — удакладняе Мустафаеў і дадае, што большасць яго знаёмых паспелі «своечасова з'ехаць». Праз некалькі дзён пасля пачатку мабілізацыі выбрацца з Крыма стала практычна немагчыма з-за паліцэйскіх праверак на дарогах.
Расійскія ўлады не раскрываюць дакладных даных аб колькасці мабілізаваных у Крыме, але мясцовыя праваабаронцы сцвярджаюць, што крымскім татарам было выдадзена непрапарцыйна больш позваў, чым славянскаму насельніцтву Крыма. Прарасійскія ўлады Крыма, зрэшты, паспяшаліся абвергнуць гэтую інфармацыю і назваць яе «ўкраінскім укідам». 24 верасня крымскі ваенкам Яўген Кутузаў заявіў наступнае:
«Уся інфармацыя датычна прызыву ў Крыме грамадзян толькі адной нацыянальнасці ілжывая і ўкідваецца Украінай. Прызыў у рамках частковай мабілізацыі праходзіць згодна з ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі, якія патрабуюцца ў войсках. Нацыянальны склад прызыўнікоў, якія атрымалі позвы, у прапорцыі прыкладна такі ж, як і склад насельніцтва паўвострава».
Праз два дні пасля гэтай заявы губернатар Севастопаля Міхаіл Развазжаеў паведаміў, што ў Крыме і Севастопалі з запасу паклікалі дзве тысячы чалавек, якія служылі ў войску «яшчэ пры Украіне».
Аднак, паводле падлікаў праваабаронцаў «КрымSOS», каля 90% позваў у Крыме прыйшлі менавіта крымскім татарам. Колькі з іх адправіліся на фронт — невядома.
Пра тое, што мабілізацыя сярод крымскататарскага насельніцтва масавая, кажа і прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў Крыме Таміла Ташава. Паводле яе даных, у месцах кампактнага пражывання татараў у розных частках паўвострава «для і без таго нешматлікага крымскататарскага народа такія крокі акупантаў могуць стаць фатальнымі». «Каб пазбегнуць мабілізацыі, людзі хаваюцца ці з'язджаюць з Крыма ў іншыя краіны», — распавядае Ташава.
Тое, што ў Крыме могуць пачацца сутыкненні паміж расійскім і ўкраінскім войскам, выклікае трывогу ў крымчан. Праваабаронца Афізе Карымава падкрэслівае, што, нават жадаючы вяртання Крыма ў склад Украіны, «нельга ўспрымаць вайну ні з натхненнем, ні з энтузіязмам».«Баявыя дзеянні на тэрыторыі паўвострава будуць азначаць вялікія чалавечыя страты. Снарады не выбіраюць людзей на падставе палітычных і грамадзянскіх поглядаў, не зыходзяць з таго, як хто ўспрымаў анексію Крыма», — кажа Карымава.
Аднак, на яе думку, толькі пасля вызвалення Крыма могуць пачацца рэальныя перамены — як для крымскататарскага народа, так і для іншых жыхароў Крыма, «якія з'яўляюцца грамадзянамі Украіны і рэгулярна падвяргаюцца ціску з боку расійскіх улад».