Адзін з стваральнікаў платформы «Голас» Павел Лібер: маштабы фальсіфікацыяў абсалютна драматычныя
На кожным трэцім выбарчым участку ў Беларусі выяўлены фальсыфікацыі, агучаныя ЦВК выніковыя звесткі значна разыходзяцца з афіцыйнымі звесткамі ўчастковых пратаколаў, на ўчастках зафіксавана больш за 6700 парушэнняў, сцвярджаюць аўтары дасьледаваньня, падрыхтаванага анлайн-платформай «Голас» пры дапамозе супольнасці «Честные люди» і платформы Zubr.in.
«Голас» быў створаны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў для дакладнага ўліку галасоў на ўчастку. Выбарнік у дзень галасавання меў зрабіць фота абодвух бакоў бюлетэня і адправіць у чат-бот «Голасу». Такім чынам стала магчымым падлічыць галасы і зразумець рэальную карціну галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.
Сямёра ўдзельнікаў «Голасу» цяпер знаходзяцца ў СІЗА. Адзін з галоўных распрацоўнікаў платформы, вядомы беларускі ІТ-спецыяліст Павел Лібер з’ехаў у Кіеў яшчэ да выбараў — дзеля бяспекі.
Карэспандэнтка «Настоящего времени» Юлія Жукава паразмаўляла з Паўлам пра маштабы фальсіфікацыяў на выбарах, у якіх, паводле афіцыйных дадзеных, Аляксандр Лукашэнка набраў 80% галасоў.
«Усе, хто не выехаў за мяжу, або затрыманыя, або аштрафаваныя»
— Да нядаўняга часу ўсё, што мы ведалі пра платформу «Голас», — што гэта грамадская ініцыятыва. Хто стаіць за ёй, было незразумела. І тут раптам у дзень выніковых справаздач вы пішаце пост у Фэйсбуку пра тое, што адзін з распрацоўнікаў — гэта вы. Чаму вырашылі выйсці з ценю?
— Мы вельмі шмат часу інвеставалі ў гэтую платформу і ўсё роўна сустракалі нейкі элемент недаверу ў грамадстве: відаць, абсалютна ананімнай платформе складана давяраць. І паколькі хадзіла шмат чутак, што гэта замежная распрацоўка, інтрыгі «замежных агентаў» (як толькі дзяржаўныя СМІ на нас ні нападалі), мы вырашылі, што фінальная справаздача — вельмі важная рэч у жыцці платформы. Таму варта ўсё ж такі выходзіць з ценю, паказаўшы ўсім, што гэта рабілі ў Беларусі беларускія айцішнікі, што ўся гэтая ананімнасць была выключна для бяспекі праекту і для нашай уласнай фізічнай бяспекі.
Усе, хто не змог выехаць за мяжу, альбо затрыманыя, альбо аштрафаваныя. Гэта значыць, увагі да гэтай платформы з боку дзяржавы было вельмі шмат, менавіта негатыўнай увагі.
— Вы адчувалі ціск?
— Калі нас было паўмільёна, то, у сутнасці, ціску не было, нас яшчэ не ўспрымалі ўсур’ёз. Але дзесьці за тыдзень да выбараў, калі лічыльнік ўжо падыходзіў да мільёна, нас пачалі вінаваціць у тым, што мы злачынны праект, што мы — «ценевая ЦВК», што мы распальваем масавыя беспарадкі, а гэта крымінальная адказнасць у Беларусі. І, уласна, хлопцаў і дзяўчат, якія засталіся ў Мінску, затрымалі і выставілі ім той жа самы артыкул з крымінальнай адказнасцю, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што мы прынялі правільнае рашэнне, захоўваючы ананімнасць максімальна.
— Затрыманых людзей з вашага праекту вызвалілі?
— Не, яны арыштаваныя. Прычым гэта людзі, якія нават не ўдзельнічалі ў распрацоўцы платформы. Гэта людзі, якія дапамагалі нам адміністраваць сацыяльны сеткі, чаты. Менавіта таму яны не выязджалі, таму што не займаліся нічым нелегальным. Але «Голас» атрымаў велізарную ўвагу перад выбарамі, і нас стараліся зачыніць, абліць брудам. Пра нас пісалі на першых палосах дзяржаўных СМІ, маўляў, гэта ўсё для таго, каб разгайдаць грамадства. Гэта значыць, нападкі былі вельмі моцныя.
— Хакерскія атакі адчувалі?
— Гэта цікавая гісторыя. У сам дзень выбараў беларускія ўлады паспрабавалі нашу платформу падмяніць. Мы прасілі дасылаць нам фатаграфіі бюлетэняў. Жыхары і выбаршчыкі павінны былі рабіць гэта праз чат-боты, з якімі яны працавалі да гэтага. Але пры гэтым унутры Беларусі на ўзроўні нашага дзяржаўнага тэлекамунікацыйнага аператара зрабілі так, што жыхары Беларусі, адкрываючы нашу платформу, траплялі на фальшывы сайт, сайт-заглушку, які прапаноўваў ім запампаваць свае бюлетэні туды.
Мы дастаткова хутка гэта вызначылі і зачынілі. Але сам факт вельмі цікавы, паколькі атрымліваецца, што любы жыхар Беларусі, заходзячы на любы сайт з Беларусі, не можа быць упэўнены, што ён заходзіць на сапраўдны сайт. Паколькі дзяржава валодае ўсім трафікам і тэлекам-правайдэрам, адпаведна, на ўзроўні дзяржавы гэта можна падмяніць.
«Маштабы фальсіфікацый абсалютна драматычныя»
— Адна з вашых галоўных высноваў — пра тое, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Ацэніце маштабы фальсіфікацый.
— Маштабы абсалютна, я б сказаў, драматычныя. Напэўна, асноўная выснова нашай справаздачы — вынікі нашай ЦВК не сыходзяцца нават з афіцыйнымі пратаколамі, якія запаўняліся афіцыйнымі старшынямі выбарчых камісій.
Самы яскравы прыклад: ЦВК афіцыйна агучыла Святлане Ціханоўскай у Мінску каля 126 тысяч галасоў, а ў тых няпоўных пратаколах па Мінску, якія аказаліся ў нас у руках, іх ужо было 132 тысячы. Гэта значыць, яшчэ нават не даходзячы да платформы «Голас», мы бачым, што ЦВК проста намалявала нейкія выніковыя лічбы.
А ўжо калі мы бярэм платформу «Голас», то мы бачым, што на кожным трэцім участку ў нас адбыліся фальсіфікацыі, то-бок, гэта значыць, што на канкрэтных участках фатаграфій бюлетэняў было загружана больш, чым афіцыйных галасоў за гэтага кандыдата.
— Колькі, паводле вашых дадзеных, прагаласавала за Святлану Ціханоўскую і Аляксандра Лукашэнку?
— Мы не ставілі задачу падлічыць дакладную колькасць галасоў. Калі выбары сфальсіфікаваныя, гэта немагчыма. Мы ставілі задачу пракантраляваць факты фальсіфікацый на асобна ўзятых участках. Паводле дадзеных, якія мы сёння бачым, мы можам казаць, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма электаральнага большасці, гэта значыць 50%. Але ў дакладныя лічбы мы не можам трапіць, таму што мы разумеем, што ў нас ёсць не ўсе пратаколы, і кожны старшыня камісіі дамалёўваў нейкую колькасць ад сябе.
— Што вы збіраецеся рабіць з гэтымі дадзенымі далей? Ці будзеце аспрэчваць у судзе вынікі выбараў?
— Вынікі ўжо перадаваліся ў Вярхоўны суд, які даў адмову, паведаміўшы, што калі Цэнтрвыбаркам адмовіўся прызнаць выбары несапраўднымі, то Вярхоўны суд нічога не можа зрабіць. Таму зараз мы працуем у плоскасці далейшай кансалідацыі грамадства, калі людзі самі абыходзяць сваіх суседзяў, свой раён, збіраюць фізічныя подпісы, хто з іх прагаласаваў, напрыклад, за Ціханоўскую.
У нас ужо ёсць цікавыя выпадкі, калі мы бачым, што афіцыйна на нейкім участку за яе 80 галасоў, у «Голасе» — 800 бюлетэняў, а людзі пайшлі і за два дні сабралі 650 чалавек, якія падпісаліся, што так, я сапраўды галасаваў на выбарах за Ціханоўскую. Мы перакладаем гэта ўсё з лічбавай плашчыны ў фізічную, калі грамадзяне могуць пераканацца, што фальсіфікацыя сапраўды была, што «Голас» не хлусіць.
Вось яны бачаць усе гэтыя подпісы, яны разумеюць, што сапраўды іх груба падманулі. Менавіта таму ў нас адбываюцца ўсе гэтыя пратэсты, страйкі — таму што людзей, па сутнасці, падманулі.