Навошта абаронцаў Айчыны паказваюць «тэрарыстамі»

Па справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» затрымана ўжо 27 чалавек. Збольшага гэта былыя чальцы «Белага легіёну» ды нядаўнія абаронцы Курапатаў. Вынікі падобнай палітыкі для дзяржавы могуць быць фатальнымі: ваяваць за сваю зямлю ў выпадку рэальнай, а не надуманай, пагрозы, наўпрост не будзе каму.

''Ваяр'' — прысяга ў Слуцку

''Ваяр'' — прысяга ў Слуцку

Нагадаем, затрыманні колішніх «легіянераў» пачаліся 21 сакавіка. Тады адразу па заканчэнні літаратурнай прэміі «Дэбют» затрымалі Алеся Яўдаху, які займаўся гандлем кнігамі беларускіх аўтараў. Міраслава Лазоўскага, памочніка дырэктара кніжнага выдавецтва «Кнігазбор», наўпрост выцягнулі з машыны, калі ён ехаў па Мінску.

На памежным пункце з Украінай затрымалі Андрэя Дундукова, які разам з сям’ёй адпраўляўся на адпачынак. Тры-пяць-сем-дзевяць… Колькасць затрыманых расла штогадзіны.

На наступны дзень пачаліся затрыманні сяброў «Маладога фронту». Спачатку ўзялі Дашкевіча, Леўчанку ды Пальчэўскага ў той час, калі хлопцы збіралі мэблю ў кватэры пісьменніка Уладзіміра Арлова. Пазней іх паплечнікаў — Васільева, Крэменецкага і Яроменку.

Артыкул абвінавачвання для ўсіх быў адзін: 293 частка 3 («падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Пакаранне па артыкулу — ад 6 месяцаў арышту да 3 гадоў зняволення. Пасля «Плошчы–2010» удзельнікам вешалі іншыя часткі таго ж артыкулу: арганізацыю ды ўдзел у масавых беспарадках, што максімальна цягнула на 15 гадоў за кратамі. Чаму гэтым разам «падрыхтоўка»? Усё проста: паводле сведчанняў блізкіх і знаёмых затрыманых, тыя скептычна ставіліся да ініцыятывы Мікалая Статкевіча і ніякага актыўнага ўдзелу ў падзеях 25 сакавіка браць не збіраліся. Таму пасля 25-га іх і браць не было б за што.

 

main1.jpg

Сцягі, мадэлі аўтаматаў, рыдлёўкі… а дзе экстрэмізм?

Ва ўсіх затрыманых, якіх паспяшаліся запісаць у «Белы легіён», былі праведзеныя ператрусы. У дадзеным выпадку гэта не толькі абавязковая юрыдычная працэдура, але яшчэ і важны момант дзяржпрапаганды: кадры з вобшукаў трапілі пазней на БТ ды СТВ. Што ж знайшлі аператыўнікі? Страйкбольныя аўтаматы Калашнікава, вучэбныя гранаты (некаторыя адмыслова пафарбаваныя ў белы колер), зарэгістраваныя і цалкам легальныя паляўнічыя стрэльбы, бел-чырвона-белыя ды ўкраінскія сцягі, шаўроны…

Варта прызнаць, што раскладзеныя на падлозе кватэры альбо ў спартовым зале элементы такога рыштунку сапраўды выглядаюць пагрозліва. Але толькі на першы погляд. Уся зброя — вучэбная альбо легальная. Нажы, як і камуфляж, падсумкі ды разгрузкі наогул не патрабуюць ніякай рэгістрацыі — іх можна купіць шмат дзе свабодна. З такім жа поспехам сілавікі маглі «браць» любы школьны пакой дапрызыўнай падрыхтоўцы альбо кропку па продажы камуфляжу ды вайсковых рыдлёвак на рынку ў Ждановічах.

Знойдзеныя кнігі, якія залічылі ледзьве не да экстрэмісцкіх, прадаюцца ў любой кнігарні: варта зайсці і пераканацца, што такой інфармацыі ў адкрытым доступе зараз поўна. Шаўроны ды сімволіка — гэта наогул калекцыйны матэрыял: у сваёй хаце не на бачным месцы з калекцыйнымі мэтамі паводле закону ў нас можна захоўваць нават прадметы, звязаныя з Трэцім Рэйхам.

Дарэчы, ніякага «фашызму» ў затрыманых так і не знайшлі. Бо калі б знайшлі — абавязкова паказалі б. Больш за тое, карціна з людзьмі ў масках, за плячыма якіх дыміцца невядомы будынак, паказаная ў адным з рэпартажаў, сведчыць пра адваротнае: пад нагамі ў аднаго з намаляваных байцоў акурат растаптаная свастыка альбо «калаўрат», які раней выкарыстоўвалі чальцы фашыстоўскага «Рускага Нацыянальнага Адзінства».

 

Міраслаў Лазоўскі на кніжным кірмашы

Міраслаў Лазоўскі на кніжным кірмашы

1937–2017: ноч — машына — няма чалавека…

Уразіў фармат затрыманняў. Міраслава Лазоўскага, да прыкладу, дадому прывезлі ў крыві, пасля чаго пасадзілі на зэдліку тварам да сцяны. Са словаў чальцоў групы затрымання, той «аказваў супраціў». Нявеста Лазоўскага Святлана, якая прысутнічала падчас вобшуку, была ў стане шоку.

У кватэры іншага затрыманага, Віктара Данілава, службоўцы ў масках ды поўным рыштунку наогул выламалі металічную дзвярную каробку. Пры гэтым самога Данілава ў гэты момант нават у хаце не было, там заставаліся дзве жанчыны, у прыватнасці ягоная маці і нявеста Юля. Заўважым, што вобыск цягнуўся 20 гадзін. Пасля чаго знясіленую маці Віктара павезлі яшчэ на вобшук гаражу, дзе наогул нічога не знайшлі.

Каб выцягнуць з машыны абаронцу Курапатаў Сяргея Пальчэўскага, сілавікі разбілі шкло. Дашкевіча і Леўчанку выводзілі з кватэры з мяхамі на галовах ды звязанымі рукамі… Ператрус у хаце Дашкевіча, дарэчы, наогул прайшоў у той час, калі яго жонка Наста шукала Змітра па ўсіх РУУС. Зніклі грошы, а перапужаны кот гаспадароў наўпрост збег.

Такім чынам, і фармат затрыманняў, і фармат ператрусаў падаецца неадэкватным, чарговым элементам запалохвання грамадства. Маўляў, памятайце, 1937 год не за гарамі. Ноч — машына — няма чалавека… Усё паўтараецца зноў.

'Ваяр'' на вышкале

'Ваяр'' на вышкале

Стандарты спецназу і традыцыі войска ВКЛ

Што ж такое «Белы легіён» і чаму менавіта зараз на яго звярнулі ўвагу? Калі звяртацца да перадгісторыі, то арганізацыя вырасла з «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» — суполкі патрыятычных афіцэраў, якая дзейнічала на пачатку 1990-х. Знакамітая прысяга на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года была адной з акцыяў згуртавання. У тыя часы там яшчэ верхаводзіў Мікалай Статкевіч.

У далейшым шляхі Статкевіча і легіянераў разышліся. Першы пайшоў у палітыку, другія — працягвалі займацца дапрызыўнай падрыхтоўкай моладзі, мацуючы фізічную сілу ды патрыятызм у сваіх шэрагах. Профіль працы быў цалкам звычайны для любога спартова-патрыятычнага клубу ва Украіне ці Расіі, дзе падобных арганізацыяў сотні: фізічныя выпрабаванні, базавыя навыкі выжывання, экзамены па нацыянальнай гісторыі.

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага берэта»

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага берэта»

Варта адзначыць, што ўзровень легіянераў быў вышэйшы за сярэдні: як адзначаў у адным з інтэрв’ю Сяргей Чыслаў, адзін з кіраўнікоў арганізацыі, нарматывы на здачу «сталёвага берэта» легіянераў былі падобнымі да нарматываў «крапавікоў» (спецназаўцаў, якія здаюць не «крапавы берэт»). Адзінай розніцай была адсутнасць на трэнінгах легіянераў баявой зброі, каб не ствараць нагодаў да арыштаў.

Акрамя фізічных навыкаў, «Белы легіён» даваў сваім прыхільнікам і моцны духоўны падмурак. Падчас спарынгаў, напрыклад, музыка побач адмыслова граў на дудзе, падтрымліваючы старадаўнія традыцыі войска ВКЛ ды ствараючы атмасферу пэўнай вайсковай медытацыі. Прысяга ды здача на «сталёвы берэт» зазвычай праходзіла ў памятных гістарычных месцах, напрыклад, Мірскім ці Нясвіжскім замку, суправаджалася экскурсіямі. «Легіянеры» таксама часцяком прымалі ўдзелы ў раскопках на тэрыторыі Беларусі.

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага берэта»

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага берэта»

 «У сваім доме мы вогнішча не распальваем»

У 1990-х гадах «Белы легіён» заслужыў славу «кулакоў апазіцыі». Сцягі арганізацыі луналі падчас «Мінскай вясны–1996», калі пратэстоўцы пераварочвалі машыны міліцыі.

Сябры арганізацыі ўдзельнічалі ў «Маршы Свабоды» 1999-га, вядомага бойкамі з міліцыяй і каменяпадам. Збольшага легіянеры акурат ахоўвалі мітынгі ды супрацьстаялі правакацыям. Байцам УНА-УНСО у 1996-м, калі тыя збіраліся рыхтаваць на акцыю «кактэйлі Молатава», Чыслаў строга паставіў умову: «У сваім доме мы вогнішча не распальваем», астудзіўшы пыл прыехаўшых з поўдня актывістаў. Дарэчы, у 1997 годзе супраць «БЛ» былі арганізаваны шэраг правакацый, у тым ліку жорсткае збіццё яго лідара Сяржука Чыслава — той трапіў у шпіталь са шматлікімі пераломамі.

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага берэта»

Сябры «Белага легіёну» здаюць іспыт на атрыманне «сталёвага берэта»

Структура супрацоўнічала з рознымі апазіцыйнымі палітыкамі, але ў выніку канчаткова расчаравалася ў дзеячах апазіцыі. Больш як 10 гадоў «легіянеры» не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці, займаліся больш практычнымі для патрыётаў справамі: распаўсюдам беларускай літаратуры, дызайнам нацыянальнай вопраткі і г.д. Арганізацыя фактычна спыніла сваё існаванне, застаўшыся колам сяброў, кожны з якіх умацоўвае патрыятызм на сваім месцы: ад вайсковай часткі да кнігарні.

Апошнім разам пра БЛ гучна гаварылі ў 2008-м, калі Лазоўскага, Чыслава і Корсака затрымалі па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту ў Мінску на дзень незалежнасці. У хуткім часе, праўда, усіх выпусцілі, аб’явіўшы невінаватымі. Атрымліваецца, што нават пасля згортвання арганізацыі, спецслужбы ўвесь час сачылі за яе чальцамі, каб у патрэбны момант наўпрост падняць старыя архівы ды паказаць кіраўніку Беларусі ды тэлегледачам «злосных ворагаў дзяржавы». Выходзіць, час надышоў.

 

Сцяг «Белага легіёну»

Сцяг «Белага легіёну»

«Ваяр» ствараўся насуперак казацкім прарасійскім летнікам

У адрозненні ад «Белага легіёну», «Малады фронт» заўжды дзейнічаў публічна ў рамках палітычнага поля, не выходзячы за канцэпцыю «негвалтоўнага супраціву» Джына Шарпа. Профілем МФ была агітацыя, вулічныя акцыі са сцягамі ды воклічамі, графіці ды ўлёткі. Зрэшты, сяброў арганізацыі ўжо арыштоўвалі па справе аб «масавых беспарадках» пасля выбараў 2010 года. Тады, праўда, ні пра камуфляж, ні пра адмысловую падрыхтоўку гаворкі не было: хапіла карцінкі разбітых дзвярэй Дома Ураду.

Змены ў «Маладым фронце» можна было канстатаваць ад 2014 года. Пасля падзеяў ва Украіне і масавага выкрыцця праваслаўных казацкіх летнікаў на тэрыторыі Беларусі, якія надзвычай нагадвалі аналагічныя ў цэнтральнай ды ўсходняй Украіне, актывісты вырашылі пачаць самастойную падрыхтоўку, каб у выпадку чаго бараніць незалежнасць. Так быў створаны клуб «Ваяр», які ладзіў заняткі для моладзі ў тым жа спартова-патрыятычным ключы. Але — карцінка ўжо была створаная: маладзёны ў камуфляжы з мадэлямі аўтаматаў бегаюць па лясах. Хлопцаў у чарговы раз узялі ў абарот спецслужбы, чакаючы зручнага часу для «хапуна».

У дадзенай сітуацыі сімвалічна, што МФ толькі што скончыў кампанію з намётавым мястэчкам у Курапатах. На працягу двух тыдняў хлопцы абаранялі межы нацыянальнага некропаля ад будаўніцтва бізнес-цэнтру, вынікам чаго стала перамога: будоўля была спыненая. Больш за тое, на сітуацыю вакол Курапатаў звярнулі ўвагу дзяржаўныя медыя, а кіраўнік краіны загадаў «разабрацца» ды пабудаваць на месцы сталінскіх рэпрэсіяў капліцу. У параўнанні з колішняй пазіцыяй і абставінамі супрацьстаяння на Курапатах у 2001-м годзе, сітуацыя абсалютна фантастычная.

__vajar_____prysjaha_u_slucku.jpg


Зноў жа, на МФ улады даўно трымалі крыўду за смелыя, часам «самазабойчыя», пратэсты. Але пасадзіць хлопцаў «за палітыку», мабыць, не выпадала, таму трэба было выкарыстаць нешта іншае, напрыклад, падрыхтоўку «мецяжу». Справа з «баевікамі» і «мецяжом» для ўладаў аказалася вельмі зручнай. Пра гэта сведчыць і заява прадстаўніка МЗС Мірончыка, які патлумачыў прадстаўнікам Захаду сітуацыю ў кантэксце тэрарыстычнай пагрозы, прывёўшы прыклады тэрактаў у Парыжы, Ніцы ды Берліне. Маўляў, усе арышты былі праведзеныя, каб прадухіліць падобнае ў Беларусі.

 

''Ваяр'' на вышкале

''Ваяр'' на вышкале

Хто застанецца, каб бараніць незалежнасць?..

Сяброў «Белага легіёну» і «Маладога фронту» аб’ядноўвае паміж сабой адно — патрыятычная пазіцыя. Усе трэніроўкі ладзіліся на выпадак патрэбы абароны незалежнасці, а не для змены ўлады, як гэта нехта хоча падаць. Лазоўскі неаднаразова казаў: «Для мяне не мае значэння прозвішча прэзідэнта, галоўнае — незалежнасць». Нават вядомы сваімі радыкальнымі выказваннямі Дашкевіч некалі прызнаў, што рады, што апазіцыя не перамагла ў свой час на выбарах, бо яе лідары не змаглі б адстаяць краіны ў крытычны момант. Галоўнае — зберагчы краіну, палітыка — другаснае.

Апрача тактычных момантаў, звязаных з падзеямі «рэвалюцыйнай вясны 2017-га», затрыманні патрыётаў — гэта яшчэ і чыстка нацыянальнага актыву ў сітуацыі перманентнай расійскай пагрозы. Выглядае, што сілавікі звяраюць гадзіннікі ўсё ж такі па Маскве, а не па Мінску. І гэта можа мець значна горшыя наступствы, чым ужо звыклыя для Беларусі арэлі «лібералізацыяў» ды «пахаладанняў» на палітычным полі.

Лазоўскі і Дашкевіч падчас лекцыі ў клубе імя Вітаўта Вялікага

Лазоўскі і Дашкевіч падчас лекцыі ў клубе імя Вітаўта Вялікага

Затрыманні «чароўным чынам» супалі з візітамі першых асобаў Беларусі ў Расію і могуць быць рэверансам у бок Масквы. Маўляў, глядзіце, «Майдану» мы не дапусцім, усю «бандэраўшчыну» выкаранім, АДКБ, інтэграцыя і Саюзная дзяржава — перадусім! Такім чынам афіцыйныя ўлады ў чарговы раз даюць зразумець сваім грамадзянам, што патрыятызм можа быць толькі «правільным», кантраляваным, у стылі суботнікаў БРСМ на Лініі Сталіна.

Ніякіх высноваў з падзеяў ва Украіне, калі чальцы патрыятычных арганізацыяў першымі сталі на абарону незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а службоўцы МУС ды СБУ разбегліся ці пайшлі да сепаратыстаў, кіраўнік краіны, на жаль, так і не зрабіў. Вынікі падобнай палітыкі для дзяржавы могуць быць фатальнымі: ваяваць за сваю зямлю ў выпадку рэальнай, а не надуманай, пагрозы, наўпрост не будзе каму.

 

Фота «Радыё Свабода» і з архіву аўтара