«Крысціну білі, калі яна яшчэ ляжала ў ложку». Гісторыя палітзняволенай Крысціны Чаранковай

А сёмай раніцы 23 сакавіка Крысціна і Фёдар Чаранковы спалі ў сваёй кватэры ў Мазыры. Фёдар пачуў грукат у калідоры, а неўзабаве — гукі, якія сведчылі, што дзверы іх кватэры збіраюцца адчыніць з дапамогай перфаратара, зубіла, кувалды і лома.

7076_n.jpg

Сябрам пры затрыманні казалі «вы не з тымі сябруеце»

Ніхто не грукаўся і не патрабаваў адчыніць — відаць, адразу вырашылі ламаць, каб заспець гаспадароў знянацку. Фёдар стаў крычаць, што зараз адчыніць, і як толькі ён гэта зрабіў, на яго накінуліся сілавікі.
— Яго штурханулі так, што ён паляцеў на падлогу. Частка амапаўцаў пабегла да яго, яго білі і крычалі на яго, а другая частка — да Крысціны, — распавядае мама Фёдара Чаранкова спадарыня Алена.
Яна прыгадвае, што ўсяго да сямейнай пары ўварвалася каля дзясятка амапаўцаў, таксама з імі былі двое супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія здымалі ўсё на відэа і пасля апублікавалі яго.  
— Крысціна спала і нават не зразумела, што адбываецца. Да таго ж у яе праблемы са зрокам, яна носіць лінзы. Ноччу, вядома, яна была без іх, таму ёй увогуле цяжка было адрозніць твары людзей і нешта зразумець.
Крысціну білі, калі яна яшчэ ляжала ў ложку. Пазней, калі яе перавялі з ІЧУ Мазыра ў СІЗА Гомеля, быў агляд доктара, які зафіксаваў сінякі (ён мусіў гэта зрабіць). Цяпер праводзіцца праверка па факце пашкоджанняў.
Пару затрымалі, не дазволіўшы нават умыцца. Спачатку Фёдара і Крысціну павезлі на допыт, а потым адправілі ў мазырскі ІЧУ. Праз тры дні Фёдара выпусцілі, а яго жонку — не.
— Сын яшчэ не выйшаў, а мы ўжо ведалі, што Крысціне і іх сяброўцы Ані (палітзняволенай Ганне Пышнік — НЧ) будуць прад’яўляць крымінальныя артыкулы, — гаворыць Алена Чаранкова. — Тады жорстка затрымалі шмат іх сяброў, ім далі па 10 — 15 сутак. Многім з іх казалі «вы проста не з тымі сябруеце», маючы на ўвазе Фёдара і Крысціну.
Паводле ГУБАЗіКа, у той дзень у Мазыры затрымлівалі «анархісцка-экстрэмісцкую групіроўку», гэтую аперацыю распрацоўвалі некалькі дзён. Але ў затрыманых сілавікі нічога не знайшлі. Алена Чаранкова тлумачыць, што сябры былі аб’яднаныя з Фёдарам і Крысцінай не паводле палітычных перакананняў, а паводле культурных — яны музыканты.

Смелая Крысціна

charankova_kr.jpg


Што праўда, сужэнцы не хавалі сваіх поглядаў на тое, што адбывалася ў краіне. Крысціна нават вяла блог у Інстаграме, у якім выказвалася пра актуальныя палітычныя падзеі. Ён быў вельмі папулярны і меў шмат падпісчыкаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Мабыць, з гэтай прычыны інстаграм-старонку Крысціны Чаранковай улады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
— Яшчэ калі гэта было магчыма, у жніўні 2020 года, Крысціна здымала, як яны з мужам ехалі на машыне і іх затрымлівалі амапаўцы. І яна паспела гэта выкласці. Тады іх пратрымалі нядоўга і выпусцілі да суда, дзе далі штрафы.
Пазней да Чаранковых неаднойчы прыходзілі з ператрусамі, тэлефанавалі і запрашалі на «размовы», але Крысціна заўжды адмаўлялася прыходзіць без позвы. Увосені 2021 года следчы прыходзіў да 81-гадовай свекрыві Алены Чаранковай, але яна не ўпусціла яго. Справа ў тым, што спадарыня Алена з мужам вымушаная была з’ехаць з краіны праз пераслед, і следчы цікавіўся, ці яны не вярнуліся. Тады следчы патэлефанаваў Крысціне, і яна досыць смела адказала яму, што яны не дурныя, каб вяртацца.
Увогуле, распавядаючы пра нявестку, Алена Чаранкова часцей за ўсё ў дачыненні да яе ўжывае слова «смелая». Суразмоўца дадае, што дзяўчына ніколі не баялася наўпрост агучваць свае погляды, і калі пачалася вайна ва Украіне, вельмі трапна апісвала тое, што адбываецца.

Сустрэла за кратамі шмат такіх людзей, як яна

Нягледзячы на цікаўнасць з боку дзяржавы, Фёдар і Крысціна адмаўляліся з’язджаць з краіны, бо лічылі, калі з’едуць — значыць, яны здаліся.
— Яны былі гатовыя да таго, што іх могуць арыштаваць — калі да такога можна быць гатовымі, — гаворыць спадарыня Алена. — У нас горад маленькі, і нашу сям’ю і нашую пазіцыю, у тым ліку пазіцыю Крысціны, ведалі. І гэтага было дастаткова, каб ізаляваць яе, бо праўда — тое, чаго цяпер баяцца.

charankova_kryscina_03.jpg

Крысціна Чаранкова да замужжа і пераезду ў Мазыр працавала настаўніцай, і спрабавала знайсці працу па спецыяльнасці на новым месцы. Але змагла ўладкавацца толькі ў дзіцячы садок. Ды й там пратрымалася паўгода.
Яна заўжды нешта туды цягнула, аднойчы ўзімку сама павінна была купіць шуфель. І яна заўжды абуралася: «Чаму ў садочку гэтага няма, чаму я ўсё сама павінна прыносіць?». Сын хадзіў туды, рамантаваў замкі… А потым яна вырашыла быць індывідуальнай прадпрымальніцай, пайшла на курсы, склала бізнес-план, атрымала падтрымку і занялася дэкорам вяселляў. Але з лістапада ўсё пайшло не так: у сына забралі правы, пасадзілі на суткі, звольнілі з працы. Можна сказаць, што яны ў адзін момант засталіся без працы, дакладней, у Крысціны яна была, але ў сына не было машыны, каб дапамагаць вазіць дэкарацыі.
Спадарыня Алена прызнаецца, што ніхто ў сям’і не думаў, што Крысціна апынецца за кратамі. Цяпер Фёдар атрымлівае лісты ад жонкі і гаворыць, што апошнім часам яны не вельмі аптымістычныя. За час зняволення Крысціна змяніла ўжо 10 камер, яе паставілі на ўлік як «схільную да экстрэмізму». Але сама Крысціна ў лістах зазначала, што шмат сустрэла такіх людзей, як яна, і што будзе прыстасоўвацца да новых умоваў жыцця.
— Першыя дні нам было вельмі цяжка. Я ўвесь час была на сувязі з Крысцінінай мамай — яна засталася адна, не магла спаць, і яе трэба было вельмі моцна падтрымліваць. Дапамагло тое, што сын трымаўся, можа, яго стан перадаўся і нам. Хаця калі знаходзішся далёка, то яшчэ цяжэй перажываеш, бо не можаш паехаць і чымсьці дапамагчы. Трохі спакайней стала, калі знайшлі адваката. Таксама дапамагае трымацца тое, што такіх людзей, як Крысціна, шмат. Сядзяць разумныя, таленавітыя, і шматдзетныя мамы, і маладыя, і сталыя. І ўсе трымаюцца. Прыклады такіх жанчын, як Паліна Шарэнда-Панасюк, Наталля Хершэ неяк дапамагалі супакоіцца. Ды й каму будзе лепш, калі мы будзем хвалявацца, плакаць, не спаць? Адзінае, угаворвалі з’ехаць сына, але ён сказаў: «Кім я буду, калі з’еду цяпер, калі не з’ехаў тады? Я застануся і буду рабіць усё магчымае, каб Крысціне было там максімальна камфортна».

285006383_4703240669780238_5505968363146363289_n.jpg

Спадарыня Алена перакананая, што пра палітвязняў трэба казаць. Таму яна пастаянна распавядае пра нявестку, штотыдзень ходзіць з мужам на акцыі салідарнасці беларусаў у горадзе, дзе цяпер жыве. А яшчэ хоча вышыць партрэт Крысціны. Такую акцыю ў падтрымку беларускіх палітзняволеных прапанавала адна мастачка, але самой вышыць столькі партрэтаў ёй складана, таму яна заклікала ахвотных далучацца.

Але цяпер найлепшая падтрымка для Крысціны — гэта лісты. Ёй можна пісаць і дасылаць грашовыя пераводы на адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Чаранковай Крысціне Аляксандраўне.

— Што праўда, лісты часцей усяго не даходзяць, але пасылкі даходзяць усе і ад усіх. Таму можна даслаць Крысціне невялічкую пасылку-бандэроль з шакаладкай, цукеркай... Галоўнае — увага, — дадае Алена Чаранкова.