МУС агучыла колькасць затрыманых за ланцугі салідарнасці

Каля 270 жыхароў Беларусі былі затрыманыя пасля масавых мерапрыемстваў у ходзе перадвыбарных пікетаў.

intex-press.by

intex-press.by

«У дачыненні да грамадзян складзеныя каля 270 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, у асноўным за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МУС.
Гаворка ідзе пра акцыю, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў Мінску і шэрагу гарадоў Беларусі.
У ведамстве дадалі, што па законе «ўдзельнікі масавага мерапрыемства абавязаны захоўваць грамадскі парадак і выконваць усе законныя патрабаванні арганізатараў праводзiмага масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў i прадстаўнiкоў грамадскасцi, якiя выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку«».
«Звяртаемся да жыхароў і гасцей нашай краіны не парушаць правапарадак і не ствараць канфліктныя, правакацыйныя сітуацыі», — падкрэслілі ў прэс-службе МУС.
У Беларусі 19 чэрвеня ў Мінску, абласных і раённых гарадах прайшлі пікеты салідарнасці ў падтрымку альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта рэспублікі, АМАП і міліцыя затрымалі дзясяткі ўдзельнікаў.
Так, на пікеты выйшлі ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Віцебску, Гродне, Магілёве, Жлобіне, Лідзе, Бабруйску, Салігорску, Баранавічах, Маладзечне, Рэчыцы і іншых беларускіх гарадах. Пры гэтым пра пікеты загадзя не абвяшчалі ні палітычныя і апазіцыйныя дзеячы, ні актывісты ў сацыяльных сетках.
У тым ліку былі затрыманыя журналісты «Радыё Свабода», Reuters, парталаў TUT.BY і Onliner.by і іншых СМІ. Пры гэтым затрыманні праводзіліся людзьмі ў цывільным.
У чацвер у Мінску таксама прайшоў сямігадзінны пікет салідарнасці ў падтрымку альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Удзельнікі пікету сталі ў пяцікіламетровую чаргу ўздоўж галоўнага праспекта Мінска — праспекта Незалежнасці. Вадзіцелі падтрымлівалі ўдзельнікаў пікету сігналамі.
У Беларусі 19 чэрвеня завяршыўся этап збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты. Пікеты па зборы подпісаў, згодна з беларускім заканадаўствам, можна праводзіць без дазволу ўладаў. Сярод альтэрнатыўных кандыдатаў найбольш подпісаў сабраў экс-банкір Віктар Бабарыка. У чацвер ён таксама быў затрыманы, як і яго сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард.
Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаны на 9 жніўня.
interfax.by