Неанацыст і крымінальнік. Стала вядома пра чарговага беларуса, які загінуў за Расію
Сотні беларусаў змагаюцца ва Украіне супраць крамлёўскай агрэсіі. Разам з тым час ад часу становіцца вядома і пра тых, хто ваюе на баку расійскіх акупантаў.
Ігнату Даніловічу было 33 гады, піша «Наша Ніва». Родам ён з Полацка, імаверна, з праблемнай сям'і — ягоны бацька быў асуджаны за разбой, калі хлопец быў зусім малы. Сям'я пераехала ў Рэчыцу, дзе Ігнат атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Праўда, мяркуючы па базах «Кіберпартызанаў», у Беларусі ён афіцыйна нідзе не працаваў, акрамя калоній.
Даніловіч прытрымліваўся неанацысцкіх праімперскіх поглядаў. Усе ягоныя сацсеткі забітыя сімваламі рускіх неанацыстаў, а мужчына на некаторых фота паказвае нацысцкае вітанне.
Даніловіч атрымаў першую судзімасць у 2004-м, калі яму было 16 гадоў. Быў вызвалены па амністыі. Напрыканцы таго ж года зноўку сеў за краты за крадзеж і рабаванні на два гады, быў вызвалены датэрмінова.
Па вызваленні ён паехаў у Расію і працягнуў красці ў Сочы. Агулам атрымалася каля дзесяці эпізодаў, у снежні 2005-га яму прысудзілі два гады пазбаўлення волі і адправілі ў выхаваўчую калонію. Вызваліўся Даніловіч у сакавіку 2007-га.
Чым ён займаўся, незразумела, але ў 2009-м зноўку сеў за крадзеж, толькі ўжо ў Наўгародскай вобласці. Яму прысудзілі два гады. Выйшаў Даніловіч у кастрычніку 2011-га і паехаў на радзіму.
Прадказальна, у Беларусі ён працягнуў красці і атрымаў яшчэ дзве судзімасці — у маі 2012-га і ў кастрычніку 2013-га.
У 2015-м мужчына вызваліўся з калоніі №20 у Мазыры. Пасля гэтага ён паехаў у Расію і здзейсніў некалькі дзясяткаў крадзяжоў, разбойных нападаў і рабаванняў у шэрагу гарадоў Расіі, а таксама ў Беларусі. За гэта яму прысудзілі дзесяць з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму. Вызваліцца мужчына мусіў у 2029-м годзе.
Але ён выбраў іншы шлях — завербаваўся на вайну. Але атрымаць амністыю не атрымалася, бо Даніловіч загінуў у 2022-м годзе пад украінскай Аўдзееўкай.
У 2022-м сілы так званых «ЛНР» і «ДНР» пры падтрымцы расійскай арміі некалькі разоў спрабавалі штурмаваць горад, але штораз цярпелі паразы і адступалі з вялікімі стратамі. У адной з такіх хваляў і загінуў Даніловіч.
Расіяне здолелі захапіць Аўдзееўку толькі ў 2024-м —
ужо без Даніловіча. А яго пасмяротна ўзнагародзілі медалём. Пахавалі беларуса
на Старарускіх могілках у Рэчыцы.