Сяргей Дубавец: Хто такі рускі? Як адно слова можа распаліць вайну

Калісьці я спытаўся ў Васіля Быкава: з чаго пачынаецца фашызм?
Фота www.biblija.by

Фота www.biblija.by

На двары быў самы пачатак 1980-х, я быў студэнтам і, натуральна, меў на ўвазе нямецкі фашызм першай паловы ХХ ст. «Ён пачынаецца з узвышэньня адной нацыі над іншымі», — сказаў Быкаў, прыгадвае Сяргей Дубавец у блогу на Св*бодзе.

З таго інтэрвію мінула сорак гадоў. Расея напала на Ўкраіну, загаварылі пра рускі фашызм. І вызначэньне Быкава, быццам зусім простае, трапляе ў самую кропку. Расейцы — ня з шэрагу іншых, не адныя з многіх, не такія, як усе. Яны звышнацыя, што значыць, і ня нацыя ў звыклым разуменьні слова. Але хто яны? І ўвогуле — хто такі рускі?

Напэўна, усё пачалося даўно, тады, калі маскавіты, масква, маскалі пачалі называць сябе рускімі. Фактычна адабралі, прысвоілі чужую саманазву, сказіўшы яе сэнс. І пачалася блытаніна. Гэты новы рускі ўзвысіўся над усімі ўсякімі «жыдамі», «хахламі», «бульбашамі», «пшэкамі», «лабусамі»... Спрадвечныя рускія (гэта быў толькі прыметнік, назоўнік — русіны), то-бок зусім не маскалі, а славянамоўныя сярэднія эўрапейцы, назваліся іншымі імёнамі і здолелі стварыць сябе нацыямі ў разуменьні адной з нацый. А новаабвешчаныя рускія (учорашнія маскавіты, масква, маскалі), ня стаўшы адной з нацый, а ўявіўшы сябе звышнацыяй, сталі па сутнасьці неданацыяй. Пры гэтым яны прыхапілі з сабой «братоў сваіх меншых» (сапраўдных рускіх) — маларосаў і беларусаў, якія праз тое таксама ня сталі аднымі з нацыяў, але ня сталі і звышнацыяй, то-бок сталі неданацыямі.

Вядома, мы з усіх сілаў імкнуліся быць, як усе — ад «Лістоў з-пад шыбеніцы» Каліноўскага і «Прадмовы» Багушэвіча дэкляравалі сябе ў шэрагу іншых — да сёньняшняга надпісу на транспаранце «Belarus is not Russia». Новыя рускія тым часам нас русыфікавалі, даводзячы да таго, што адзін беларус казаў другому «что ты как нерусский»? Бо для новых рускіх наша «як усе» — нэанацызм, што заслугоўвае фізычнага вынішчэньня народаў. І зразумець гэты «рашызм» немагчыма, пакуль няма адказу на ключавое пытаньне — хто такі рускі?

Падобна, што калега Андрэй Скурко за кратамі думае пра тое самае — пра апавяданьне Максіма Гарэцкага «Рускі»:

«„Рускі“ забіў „аўстрыяка“ таксама са страху быць абсьмяяным таварышамі, асуджаным начальствам: „які ж я ваяка“. І ўсьведамленьне таго, што сьледаваньне фальшывым, навязаным каштоўнасьцям змусіла яго зрабіць непапраўную жыцьцёвую памылку, так яго зламала. Разуменьне прыйшло, калі „аўстрыяк“ сказаў пра дзяцей. „Рускі“ яшчэ нават спрабаваў працягнуць „сьвецкую размову“: „А колькі ж іх у цябе?“ — нібы яму хацелася, каб усё гэта было „панарошку“, не насамрэч.

Цікава яшчэ: „аўстрыяк“ называе „рускага“ ўвесь час адным словам (рускі), а пасьля стрэлу — іншым (маскаль). І зь першым словам нібыта сам быў гатовы асацыявацца: „Вядзі мяне да Русіі“. Ці Гарэцкі ўжывае тут слова „рускі“ ў значэньні нашых 16–18 стагодзьдзяў?»

Калі хто ня ведае, «рускі» ў Гарэцкага — беларус, які ваюе на баку расейскай арміі, а «аўстрыяк» — украінец з процілеглага боку. Колькі ўсё ж сэнсаў у гэтым геніяльным малюпасенькім апавяданьні! І вось гэтае «распрананьне» рускага ў маскаля...

Згадваецца заўсёдная крыху зьбянтэжанасьць, калі думаеш, што Скарынава кніга называецца «Біблія руска». А тут — рускі фашызм. Што паміж імі агульнага? Ці ня тут схаваны пяньковы кнот «Трэцяй сусьветнай»?

Хто ж такі рускі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: