«У Абраміхі згарэла хата». Як «рускі свет» прыходзіў з Беларусі ў памежныя ўкраінскія вёскі
Лангрыд «Украінскай праўды» аб тым, як памежныя з Беларуссю ўкраінскія вёскі сустракалі вайну і як мянялася іх камунікацыя з суседзямі па той бок мяжы.
Раніца 24 лютага 2022 года. Яшчэ не зусім развіднелася, але ў памежным
з Беларуссю сяле Копішча небывалы рух. Ледзь не ў кожным доме зборы: людзі
заводзяць трактары, матаблокі, чапляюць прычэпы, запрагаюць коней у калёсы, праграваюць машыны.
Похапкам грузяць цёплыя рэчы, са скляпоў дастаюць кансервацыю, крупы, сала. Бяруць палаткі, коўдры, брызент, дошкі, нагатаваныя для печак дровы. Усё робіцца максімальна хутка, без мітусні.
Жанчыны першымі не вытрымліваюць нервовага напружання,
пачынаюць ціхенька галасіць. Дзеці прыціхлі. Мужчыны сканцэнтраваны. Святло
імкнуцца лішні раз не ўключаць — лепш у паўзмроку вобмацкам. На прычэпах і
павозках па-над скарбам мосцяцца жанчыны і дзеці — пачынаюць рухацца. Сем'і пакідаюць дамы,
цягнуцца ў лес.
Што здарылася? Вайна.
Жыхары вёскі Копішча масава бягуць у лес. Куды менавіта і як
надоўга — яшчэ не ведаюць, але дакладна ведаюць, што трэба ў лес. Лес выратуе — у
капішчан гэта запісана на генным узроўні калектыўнай свядомасці. Захавана
ад 13 ліпеня 1943 года, калі немцы падчас карнай аперацыі знішчылі большасць
жыхароў вёскі — выжылі тыя, хто бег у лес.
Украінцаў і беларусаў у часы СССР называлі «брацкімі
народамі», або «народамі-братамі». Гэта прапагандысцкая
метафара мела некаторы сэнс, асабліва непасрэдна на памежжы. Бо тады межы паміж
саюзнымі рэспублікамі былі ўмоўнымі, а культурная і моўная блізкасць сапраўды
спрыялі цесным кантактам.
Аднак цяпер тое, што беларускі кіруючы рэжым падтрымаў
расійскую агрэсію ва Украіне, стала высокім мурам паміж двума народамі. І на
поўначы Украіна цяпер мае сталую крыніцу напружання: ці пойдуць зноў расійцы праз
гэтую мяжу, ці кіне Лукашэнка войска ў бой, ці размесціць ён на тэрыторыі сваёй
краіны расійскую ядзерную зброю?
Журналісты «Украінскай праўды» адправіліся ў памежныя ўкраінскія вёскі, каб пацікавіцца:
як уварванне 24 лютага 2022-га змяніла жыццё іх жыхароў? Як людзі сустрэлі
«рускі свет» з беларускай зямлі? І якія цяпер маюць зносіны са сваімі
сваякамі па той бок гісторыі?
Журналісты пабывалі ў трох прыгранічных абшчынах Жытомірскай і
Ровенскай абласцей. Выйшлі тры апавяданні — кожнае са сваёй разыначкай.
Чаго няма ў гэтым тэксце — засяроджвання на ўкраінскім войску,
якое, безумоўна, прысутнічае ў памежжы. Блокпасты, праверкі дакументаў, адзнакі
мінных палёў, умацаваныя пазіцыі, інжынернае забеспячэнне — усё гэта ёсць і
добра схавана ад старонняга вока. Таму на гэтую тэму лепш прамаўчаць.
«Пад абед стралялі з футбольнага поля»
Жытомірская вобласць, Народзіцкая аб'яднаная тэрытарыяльная абшчына, прыгранічнае сяло Радча (1,2 км ад Беларусі)
Радчанская старасцінская акруга Народзіцкай АТА — гэта каля 400
чалавек, якія пражываюць у сямі вёсках. Яна мяжуе з зонай адчужэння, адкуль
пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адсялілі жыхароў.
Гэта было 37 гадоў таму. З тых часоў разбурыліся апусцелыя
вёскі, лес схаваў сляды ранейшай чалавечай прысутнасці, а самі перасяленцы
прыязджаюць у родныя мясціны раз на год у памінальныя дні — добраўпарадкаваць
магілы. Урэшце ў адселеных чарнобыльскіх паселішчах «самымі жывымі» з'яўляюцца якраз могілкі.
Жыхарка Радчы 74-гадовая Раіса Дзмітрыеўна Кулак — менавіта з
перасяленцаў. Яна добра ведае, што такое радыяцыя, таму мы спыталі пра яе
стаўленне да пагроз Пуціна і Лукашэнкі размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі
Беларусі.
— Мы ўжо пераканаліся, як рускія «ўмеюць» ваяваць, — іранічна заўважае Раіса Дзмітрыеўна. — У іх ракеты падаюць на іх жа ўласныя
гарады, таму што рукі не з таго месца растуць. А калі гэта ядзерныя ракеты ў
Беларусі, і яны таксама будуць адразу падаць і выбухаць? Вядома, гэта турбуе — не трэба нам яшчэ раз радыяцыі.
Летась Радча пабывала пад расійскай акупацыяй.
— У 4:30 пачалася вайна і нас абстралялі, а ў 9:00 усім
ужо стала зразумела: ні выехаць з вёскі, ні ўехаць — на дарогах расійскія
пасты, — успамінае справавод Радчы Ірына Неўмяржыцкая. — За месяц акупацыі
загінулі трое жыхароў з нашай вёскі і трое атрымалі раненні. Было страшна,
асабліва калі да цябе набліжаўся рускі салдат. Мы не ведалі, чаго ад іх чакаць.
А яшчэ страшна было бачыць ракеты, якія праз мяжу ляцелі ва Украіну.
Недалёка ад Радчы праходзіць дарога ў бок беларускай вёскі
Аляксандраўка. Па ёй, у прыватнасці, заходзілі расійскія войскі. Накіроўваліся
на Іванкоў — горад на поўначы Кіеўскай вобласці — і далей на Кіеў.
Тры дні было чуваць, як бесперапынна тарахцела цяжкая
ваенная тэхніка. У Радчы і суседнім сяле Грэзля расійцы пакінулі гарнізон, які
ўвесь сакавік вёў пазіцыйныя баі — пераважна артылерыйскія двубоі з УСУ. Грымелі
гарматы, прылятала па вёсках, гарэлі дамы.
Але гэта быў, можна сказаць, пачатковы перыяд вайны, калі расійцы яшчэ актыўна карысталіся прапагандысцкімі клішэ накшталт «мы нясём мір — прыйшлі вас абараніць». Пра зверствы ў Бучы і Марыупалі свет будзе казаць пазней.
Раіса Дзмітрыеўна вяла дзённік. На 12-ці старонках
вучнёўскага сшытка сціснутым тэлеграфным стылем апісаны ўсе 36 дзён акупацыі
Радчы і вайны на ўкраінскім Палессі — якой яе можна было ўбачыць і пачуць у
вёсцы. Вось некалькі фрагментаў з дзённіка:
«5 сакавіка. Раніцай лёталі самалёты. У 10:30 у сяло
заехалі танкі, абстралялі, а затым ударылі «Грады». Патрапілі Лене
Сцепурэнка ў хлеў, разарвалі парася, карова засталася жывая, хлеў патушылі. У
Абраміхі згарэла хата. Вакол падалі снарады».
«14 сакавіка. Білі з танкаў па скрыжаванні. Многія
людзі пакінулі вёску днём і ноччу».
«26 сакавіка. Стралялі рэдка. Пахавалі Таню.
Даведалася, што забілі Люду і Юру «Будулаеў». У Радчы іх закапалі
асобна, ніхто не ведаў, што было...»
«30 сакавіка. З самай раніцы пачалі біць і вельмі
моцна. Затым выпусцілі яшчэ да 20 ракет у бок Карасценя, а затым верталёты
лёталі і стралялі, і білі аўтаматы, і танкі. Усе грымела, быў невялікі
перапынак, а ўвечары зноў тры разы білі «Градамі» і з танкаў у бок
Народзіч. Быў пажар...»
У многіх жыхароў Радчы ёсць сваякі ў Беларусі. Як яны
адрэагавалі на вайну? Па-рознаму. Ад «зомбарэплік» у стылі «ў вас ва Украіне
грамадзянская вайна — вы ваюеце самі з сабой, а Пуцін — святы чалавек». Да
адчайнага «на каленях буду маліцца за вас» і «лепш у турму, чым са
зброяй на братоў-украінцаў».
— Мая родная сястра жыве ў Беларусі, дык мы з ёй пасварыліся
праз вайну, — распавядае фельчар Радчы Галіна Буткоўская. — Яна назвала мяне
бандэраўкай, сказала, што хто супраць Пуціна — усе бандэраўцы. І гэта родная
сястра, якая нарадзілася ва Украіне. Яна верыць тэлевізару больш, чым мне! Але
вось мае беларускія сябры — яны нас падтрымліваюць, у першы ж дзень
патэлефанавалі, выбачаліся, што нічога не могуць для нас зрабіць.
Яшчэ мы разгаварыліся з двума мужчынамі з Радчы — Уладзімірам і
Аляксандрам. Яны ўспаміналі, як прыйшла вайна, як яны хаваліся ад абстрэлаў і
не ведалі, што ў свеце дзеецца, а толькі «чыталі» пра вайну на небе,
калі бачылі самалёты, верталёты і белыя палосы ад ракет у напрамку Украіны.
Яны ж сказалі, што паводка гэтай вясной шляхетная — гадоў
дзесяць такой высокай вады не было. Рэкі выйшлі з берагоў, залілі лугі, падтапілі
палі і агароды.
— Калі спадзе вада, я скончу зямлянку ў канцы агарода, — чамусьці амаль шэптам сказаў Уладзімір.
— Зямлянку? Навошта яна вам? — пытаемся.
— Дык вайна ж! А ну як яны зноў прыйдуць? А калі дом
спаляць?
А Аляксандр дадаў:
— Вялікая вада — гэта добра: балоты напоўняцца, і рускія
гарантавана не палезуць на нас праз Беларусь. Калі, вядома, яны не поўныя
ідыёты.
Красамоўная дэталь: у Радчы сёння пражывае крыху больш за
200 чалавек. Да акупацыі ў вёсцы было чатыры каровы і свінні амаль у кожным
двары. Цяпер засталася адна карова і амаль не стала свіней. «Даваенныя» пайшлі на мяса ці загінулі. Затое з-за акупацыі,
бежанства і шокавага стану людзі ўпусцілі час, калі трэба было купляць маладых
парсючкоў на адкорм.
Вайна выбіла сяло са звыклай жыццёвай каляіны. Як хутка
вернецца яно да ранейшага ўкладу? Ці вернецца?
Выжыўшыя беглі ў лес
Жытомірская вобласць, Олеўская тэрытарыяльная абшчына, прыгранічнае сяло Копішча (0,5 км ад Беларусі)
Сяло Копішча «абмываецца» Беларуссю з трох бакоў.
З распадам СССР і з'яўленнем памежных застаў, дазораў і мытнага кантролю
пераходзіць і пераязджаць на тэрыторыю суседняй краіны мясцовым жыхарам
дазвалялася ў спрошчаным рэжыме — «пад запіс» і да канца сутак
абавязкова вярнуцца назад.
Любое памежжа заўсёды жыве ўзаемнай выгадай у гандлі, калі
можна нешта купляць у суседняй краіне танней або якасней. Да прыкладу, украінцы
шанавалі беларускую «малочку». Беларусы ж любілі ўкраінскую «кандытарку», канцтавары і школьныя прылады — тут яны таннейшыя. І,
кажуць, раскуплялі мясцовую школьную форму, асабліва дзявочую — каляровыя жакеты і
сімпатычныя спадніцы, таму што ў Беларусі тады выпускалася школьная форма
састарэлага ўзору.
Ці зайздросцілі адзін аднаму? Так, не без гэтага, бо заўсёды
ў суседа ёсць нешта, лепшае за тваё.
— Мы заўсёды адзначалі добрыя дарогі ў беларусаў. Яны ж
зайздросцілі нашым свабодным эканамічным адносінам, — успамінае сельскі
стараста Копішча Міхаіл Міхалец. — У іх, па сутнасці, захавалася савецкая
калгасная практыка: даводзяцца планы пасеваў, колькі і чаго сяло павінна здаць
дзяржаве. У нас — прыватнае фермерства, якога яны не маюць.
У Копішчы — больш за сотню трактароў у асабістых
гаспадарках; яны пра такое і марыць не могуць. Затое ў іх вёсцы, якая за два
кіламетры ад нас па прамой, за дзяржаўны кошт пабудавалі шыкоўны дом
культуры — тут ужо мы пра такое і не марым.
Гадоў з дзесяць таму жыхары Копішча ў зносінах з беларусамі
пачалі заўважаць іх прыгнечанасць, нейкую боязь.
— Неяк, было, на рыбалцы сябар юнацтва, беларус, усё
маўчаў-маўчаў, а потым раптам узяў свой і мой тэлефон, аднёс да машыны, зноў
спусціўся да ракі і ўжо тады разгаварыўся, стаў адкрытым. Я смяюся, кажу:
«Што з табой?». Але ён цалкам сур'ёзна кажа: «А што, як нас будзе
падслухоўваць КДБ?». Гэта, кажа, можна рабіць нават праз выключаны
тэлефон, — распавядае Аляксандр Адамовіч, жыхар суседняй вёскі Хочына, якога мы сустрэлі ў Копішчы.
Пандэмія рэзка абарвала і без таго аслабелыя кантакты блізкага памежжа. Пункты мясцовага пропуску зачыніліся. А потым замест кавіда
прыйшло маштабнае ўварванне, абстрэлы ўкраінскіх гарадоў расійскімі самалётамі,
якія ўзлятаюць з беларускіх аэрадромаў, і ядзерны шантаж.
— А чаму беларусы не выступаюць супраць ядзерных ракет на
сваёй тэрыторыі? — пытаемся.
— Дык яны наогул ужо ні супраць чаго не выступаюць, — упэўнены Аляксандр Адамовіч. — Паспрабавалі ў 2020 годзе, але Лука адбіў жаданне пратэставаць — яны прыціхлі. Але ядзерных ракет не хочуць, як і
мы. Разумеюць, што Украіна і так на іх злосная за пропуск расійскіх войскаў. Баяцца,
што мы маўчым-маўчым, але калісьці ж адкажам. І разбірацца не будзем, хто там
расіец, хто беларус.
Цікавая гістарычная дэталь з часоў Другой сусветнай вайны: у
1943 годзе ў Копішчы гітлераўцы падчас карнай аперацыі жыўцом спалілі 2887
чалавек, у тым ліку 1347 дзяцей, з тагачасных чатырох тысяч жыхароў.
Выратаваліся пераважна тыя, каго паспелі папярэдзіць партызаны.
Агрэсію 2022 года Копішча сустрэла з насельніцтвам каля
тысячы чалавек. Памежнікі папярэдзілі жыхароў вёскі аб маючым адбыцца ўварванні
расійскіх войскаў з Беларусі за гадзіну да яго пачатку, калі і самі атрымалі
загад эвакуявацца далей ад мяжы.
Убачыўшы, што выязджаюць памежнікі, мясцовыя жыхары і самі не гублялі часу — хутка спакавалі ўсё, што лічылі неабходным, і збеглі сем'ямі ў
лес. Дзе ведаюць усе сцежкі, раўчакі, балоты: ён іх корміць, ён іх і
прытуліць.
Выразнага плана ў людзей не было — проста ўцячы далей ад
дарог, якія пры нападзе становяцца найбольш небяспечнымі. Думалі пераседзець у
лесе некалькі дзён: везлі з сабой дровы, рыдлёўкі, палаткі, цёплыя рэчы. Вялікім
лагерам не станавіліся, гуртаваліся маленькімі групкамі, палілі вогнішчы, спалі,
вартавалі. Тэлефонная сувязь станавілася ненадзейнай, таму «цыганскай
поштай» даставалі інфармацыю аб ходзе вайны. І... лічылі над галавой
расійскія самалёты і ракеты.
Прабылі ў лесе хто тры дні, хто чатыры. І калі ўжо
зразумелі, што штурму вёскі як такога не адбудзецца, што асноўныя сілы вораг
кінуў на Кіеў, вярнуліся ў дамы. Акупацыі Копішча не зведала, гармат і
кулямётаў не чула.
Як растлумачыць калектыўныя паводзіны капішчан, іх імклівыя ўцёкі ў лес? Вясковы стараста згаджаецца з маёй здагадкай: тут варта казаць пра «генную памяць» абшчыны. Бо, паўторымся, у Другую сусветную
выратаваліся тыя, хто ўцёк у лес. Пра гэта ведалі ўсе, і... амаль усе
пацягнуліся да лесу і гэтым разам.
Выпала нам пагутарыць і з пажылымі мужам і жонкай — Фёдарам і
Марыяй Баўкунамі.
Ён — 1937 года нараджэння, яна — 1940-га. Абодва перажылі
трагедыю 1943 года. Фёдару Герасімавічу тады было шэсць гадоў, і ён памятае, як на
кані прыскакаў яго дзядзька — партызан з атрада Сабурава. Толькі і крыкнуў: «Збірайцеся і ўцякайце!» і вярнуўся назад у лес. А Марыі Юркаўне тады
яшчэ не было трох гадоў, яна толькі ведае з апавяданняў бацькоў, што ў лес яе
на руках несла цётка — малодшая сястра мамы.
Гэтай вайной Фёдар і Марыя ў лес не пайшлі. Кажуць, старыя
ўжо, сілы і спрыту няма — хаваліся ў склепе.
Шматдзетныя вёскі Палесся
Ровенская вобласць, Бярозаўская абшчына, прыгранічнае сяло Познань (стаіць на самай мяжы з Беларуссю)
Ад крайняга ўкраінскага сяла на тэрыторыі Бярозаўскай
абшчыны да бліжэйшага беларускага — 7 км напрасткі. Цікавая гульня назваў гэтых
двух населеных пунктаў: украінскае сяло з'яўляецца цёзкай польскага горада
Познань; беларускае ж сяло з'яўляецца цёзкай 200-тысячнага горада Дзяржынск у
Расіі. Гэткая падказка на эзопавай мове: каму з Еўропай, каму з Расіяй...
Абедзве вёскі — два крайнія населеныя пункты прыгранічных
тэрыторый розных краін.
Сёння беларускі Дзяржынск прыходзіць у заняпад — шмат
закінутых дамоў, насельніцтва старэе. Тады як украінская Познань разбудоўваецца.
Канкурэнцыю старым невялікім хатам-зрубам складаюць новыя, нетыповыя для
глыбінкі катэджы, якіх з года ў год становіцца больш.
Амаль усё насельніцтва Познані — гэта шматдзетныя сем'і. У сярэднім тут 6-8 дзяцей на сям'ю. Але ёсць і рэкардсмены: у трох познанскіх
сем'ях па 17 дзяцей.
У класах пабудаванай у 2010 годзе школы можа быць па 5-7 і
больш дзяцей з адным прозвішчам. Ды яшчэ пры гэтым некалькі поўных цёзак,
напрыклад — двое Калодзічаў Іванаў Пятровічаў. Настаўніца ў такім выпадку
кажа: «Ваня Калодзіч-першы — да дошкі».
Як распавялі ў мясцовай адміністрацыі, Познань і
суседняе сяло Гліннае называюць рэкардсменамі па тэмпах прыросту насельніцтва
за кошт нараджальнасці. У Глінным сёння пражывае 3816 чалавек, у Познані — 2380. Для параўнання: па даных перапісу 2001 года, у Глінным пражывала 2257
чалавек, у Познані — 1375.
Чым тлумачыцца гэты феномен? Верагодна, рэлігіяй: людзі
пераважна вернікі. Акрамя праваслаўных, тут дзейнічаюць абшчыны евангельскіх
хрысціян, традыцыі якіх заахвочваюць шматдзетнасць.
У самім сяле працоўных месцаў мала, зарабляюць галоўным
чынам на выездах, пераважна на будаўніцтве. Раней ездзілі ў Расію і Беларусь,
цяпер — у Еўропу. Часта працуюць сямейнымі брыгадамі.
Паводле слоў пазнанчан, з беларускага боку па вёсках «адны пенсіянеры і чорныя дамы стаяць». Але там больш лесу і пашы. Таму яшчэ з
савецкіх часоў украінцы мелі магчымасць заходзіць на беларускую тэрыторыю — у грыбы-ягады, быдла пасвіць, паставіць свае вуллі на летні медазбор.
Але са з'яўленнем дзяржаўнай мяжы і мытнага кантролю ўсё
гэта сышло ў мінулае. Уласнаручна сабраны і перанесены праз мяжу мёд станавіўся
прадметам экспарту і павінен быў абкладацца мытным зборам. Гэтак жа і малако ад
украінскіх кароў, якія пасвіліся на беларускіх землях.
Доўгі час выгадным для пазнанчан бізнесам на «тым
баку» заставалася ўборка і продаж нарыхтоўшчыкам грыбоў і лясных ягад.
Ліцэнзія каштавала 130 долараў за сезон, «адбівалася» яна хутка.
Дасведчаная сямейная брыгада збіральнікаў з некалькіх чалавек у сезон на
грыбах-ягадах зарабляла да 4000 даляраў.
Але і гэта спынілася пасля 24 лютага 2022-га.
Як распавёў адзін з працаўнікоў Глінненскай
старасцінскай акругі, у якую ўваходзіць і Познань, летась, калі ва Украіне ўжо
ішлі баі, беларускія ўлады прапаноўвалі ўкраінскім сялянам прыходзіць у ягады, як
раней. Але ніхто не пагадзіўся — людзі баяцца правакацый: да прыкладу, ты
прыйдзеш у ягады, а цябе схопяць і назавуць дыверсантам.
Паміж памежнікамі абедзвюх дзяржаў да поўнамаштабнага
ўварвання былі цалкам нармальныя адносіны, часта нават сяброўскія. Калі два
нарады выходзілі на дзяжурства і сустракаліся, то ішлі паралельна па два бакі
мяжы, размаўлялі, дзяліліся навінамі. А цяпер, кажуць, калі перасякуцца, не вітаючыся, паварочваюць у розныя бакі. Ніякіх кантактаў.
Познань, як і Копішча, не ведала акупацыі і чула вайну
толькі здалёк. Вядома, таксама «чытала» жудасныя маскоўскія «аўтографы» — белымі палосамі ракет на шэрым небе.
Цяпер мяжа закрыта з абодвух бакоў. Мясцовыя распавялі, што ў
Познань днямі прыехаў мужчына з беларускага Дзяржынска. Ён — тутэйшы ўкраінец, але
шмат гадоў таму перабраўся жыць у Беларусь да жонкі. А цяпер прыехаў на
памінальныя дні.
Шлях яго быў доўгі — праз усю Брэсцкую вобласць Беларусі ў
Польшчу, праз Польшчу ў Валынскую вобласць Украіны, з яе — у суседнюю Ровенскую
вобласць, у родную Познань. Дарога праз дзве дзяржаўныя межы заняла двое сутак.
А ў 2018-м, дакавідным, годзе на падобны даезд на радзіму ў памінальны тыдзень
ён траціў не больш за гадзіну — напрасткі роварам…
...Мы пакідалі Палессе, якое прачнулася ад зімы і распускаецца
зелянінай. Паўнаводнае Палессе з бясконцымі грудамі дроў, з вузкімі дарогамі,
дзе грузавікоў-лесавозаў больш, чым легкавікоў. З разгалістымі вёскамі, дзе падлеткі гойсаюць эскадронамі на матацыклах.
Мы шмат чулі пра паўночныя ўкраінскія вёскі, як пра дзікі край — забітую глыбінку, дзе могуць не назваць прозвішча дзеючага ўкраінскага
прэзідэнта, бо ў іх лепш ловіцца беларускае тэлебачанне, і яны ведаюць толькі
Лукашэнку.
Але цяпер бачна, што «дзікунства» палешукам дамалявана штучна. Тут сучасныя людзі, на новых машынах і з новымі гаджэтамі. І ўсе яны разумеюць, хто каму сябар і вораг. З пачаткам вайны
цэрквы былі перапоўнены — людзі, як тут кажуць, маліліся за Украіну. І ваююць
за яе на ўсходзе краіны гэтак жа, як жыхары іншых рэгіёнаў.
Але, верагодна, што ўкраінскім палешукам усведамляць здрадлівую калабарацыю беларускай і расійскай улады больш балюча, чым любым іншым украінцам. Таму што тут паняцце «браты-беларусы» было не пра патэтычную рыторыку, а пра жыццё — не метафарай, але рэальнасцю.