У Брэсце звольнілі дырэктарку гімназіі, якая на выбарах-2020 вывесіла сапраўдны пратакол галасавання
Пры гэтым на Алену Васільеўну Шкулепа, былую на сёння дырэктарку гімназіі № 4 з мастацкім ухілам, рабілі стаўку як на надзейную старшыню выбарчай камісіі і кіраўніка нізавога звяна.
Меркаваць так ёсць, як мінімум, тры падставы. Першая — гэта прызначэнне яе ў свой час на дырэктарскую пасаду замест Антона Шэлеста, які сваёй прыхільнасцю да дэмакратыі стаў косткай у горле мясцовых «вертыкальшчыкаў». Другое: Алена Шкулепа мае дыпломную спецыяльнасць настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Гэта, пагадзіцеся, такі сабе бонус у вачах русіфікатарскай улады. Трэцяе: менавіта гімназію № 4, дзе месціліся адразу два выбарчыя ўчасткі і дзе старшынёй адной з дзвюх выбарчых камісій была Алена Шкулепа, выбрала ў жніўні 2020 года для перадвыбарчага рэпартажу дзяржаўная абласная газета «Заря».
Але падвяла! Больш за тое: падвяла двойчы. Бо — увага! — на абодвух участках, і № 37, і № 38, вывешаныя ва ўстаноўленым парадку напрыканцы дня выбараў 9 жніўня падпісаныя зводныя пратаколы галасавання паказалі паразу кіраўніка дзяржавы. Лік галасоў на ўчастку № 37 — 543:524, а на ўчастку № 38 — 510:380 на карысць Святланы Ціханоўскай. На ўчастках былі, як правільна адзначыла «Заря», «даже независимые наблюдатели», так што каго там было вінаваціць, хіба люстэрка — усё паводле закона.
Дарэчы, у Берасці гэта быў не адзіны адрозны ад папярэдніх выбараў вынік. Агулам на 11 участках (6 у Маскоўскім і 5 у Ленінскім раёнах) была зафіксаваная перамога Святланы Ціханоўскай. На некаторых яе перавага сягала трох разоў, што красамоўна адцяняла фальсіфікацыі літаральна на суседніх участках, асабліва пры невывешванні пратаколаў і разгоне выбаршчыкаў увечары ў чаканні пратаколаў міліцыяй ды АМАП. Быў яшчэ адзін участак з верагодна нефальшывымі данымі: у пратаколе на карысць Аляксандра Лукашэнкі была зафіксаваная перавага менш за сто галасоў, а гэта, калі ў маштабах краіны, другі тур. Але гэта магла быць і кволая спроба пратэсту выбарчай камісіі. Або спроба кампрамісу з сумленнем — можна і так назваць гэты верагодны сцэнар.
Хто прыйшоў наўзамен
Яшчэ перад Новым 2022 годам сярод брэсцкіх настаўнікаў папаўзла чутка: дырэктарку-франдзёршу здымаюць разам з усімі намесніцамі, якія таксама былі ў выбарчай камісіі і падпісалі сапраўдны пратакол. Прычым, нібыта, здымаюць з папярэджаннем, што ў Брэсце працы сабе яны не знойдуць.
На сайце гімназіі перад Новым годам у раздзеле «адміністрацыя» была толькі адна намесніца дырэктара па малодшых класах, іншыя пяць улучна з пазіцыяй дырэктара зеўралі пусткамі. Тое самае было і 6 студзеня, а сеціўны рэсурс гарвыканкама нават паказваў Алену Шкулепа як дзейную дырэктарку гімназіі № 4.
Праз тыдзень на месцы пацвердзіўся факт звальнення праўдалюбнай Шкулепа і прызначэння замест яе Дзіяны Пятроўны Басалай. Да свайго «ліфта» Дзіяна Басалай працавала намеснікам дырэктара ў новай СШ №11 у мікрараёне Замухавечча.
Інфармацыя пра выгнанне намесніц пацвердзілася часткова. Дзвюх панізілі ў рангу да шараговых настаўніц. Працы ў гімназіі, такім чынам, не пазбавілі. Крыніцы прасілі аб ананімнасці, але разважалі даволі свабодна. Ці звольнілі за выбары? Безумоўна, так. Ці пакінулі былой дырэктарцы гадзіны выкладання? Не.
Што мяркуе сама былая дырэктарка
Удалося дыстанцыйна звязацца з самой Аленай Васільеўнай.
Фармулявала яна асцярожна, што зразумець няцяжка. Ці паабяцалі, што працы не знойдзе? «Наўпрост не сказалі, але адчуваю, што гэта сапраўды так». Намесніц, выходзіць, памілавалі? «Атрымліваецца, што так». Ці была яна ў свой час мэтавай заменай дэмакрату Шэлесту? «Не, яму проста час прыйшоў ісці на пенсію».
На карысць цывілізаванай паставы Алены Шкулепа гаворыць і той факт, што яна распрацоўвала тэарэтычна і брала ўдзел у практычнай імплементацыі трансгранічнай рэгіянальнай супрацы Польшчы, Беларусі ды Украіны ў галіне адукацыі.
Не адзіная звольненая за «нячэсную» праўду
Выпадак з Аленай Шкулепа — гэта запозненая ятра. Амаль адразу пасля выбараў, у верасні 2020-га, звольнілі дырэктарку ясляў-сада № 10 Алену Буглаеву, куды водзяць сваіх дзяцей насельнікі новых шматпавярховікаў мікрараёна Паўднёвы. Як быццам яна вінаватая ў тым, што збольшага маладыя выбаршчыкі прагаласавалі, паводле пратакола, амаль утрая больш на карысць кандыдаткі Ціханоўскай.
Людзі мітынгавалі, пісалі звароты. Афіцыйны адказ быў нават аб'яўлены мітынгоўцам адной з чыноўніц аддзела адукацыі: «Звольнілася па ўласным жаданні». Нібыта дырэктарка нават гатовая была выйсці і пацвердзіць. Зразумела, ніхто ў гэтую версію не верыў.
Ад сябе зафіксую не лішнюю дэталь. Усё прадбачыў спадар Оруэл. І што мір стане вайной, а вайна барацьбой за мір. І што праўду назавуць крыўдай, а крыўду праўдай. У нас цяпер, аказваецца, смела можна надаваць статус героя/гераіні людзям, якія дакладна і сумленна выканалі, што ад іх патрабавалася на нейкай сацыяльнай працы. Але ж у іх, тых з другога боку люстэрка — у іх героі якраз тыя, хто несумленны, каму «не до законов». А ці не прасцей нашаму самалёту ды вярнуцца на роўны, неперакулены курс?
Фота з агульнадаступных крыніц.