«У войска я зараз дакладна не пайду, лепш у лес». Беларусам, якія адслужылі, рассылаюць позвы з ваенкаматаў
Позвы пачалі прыходзіць пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны. Іх атрымальнікі звязваюць гэта з магчымым удзелам Беларусі, піша Свабода.
Ураджэнец аднаго з райцэнтраў у Магілёўскай вобласці Андрэй (імя змененае. — РС) адслужыў у беларускім войску ў 2008 годзе. Атрымаў вайсковы білет, з часам пераехаў у Мінск, кватэра ў райцэнтры засталася пустой. За ўсе гады, што прайшлі са службы ў войску, яго ні разу не турбавалі з ваенкамату. Не выклікалі на зборы, не прасілі прайсці медкамісію. Так працягвалася больш за 10 гадоў. Да пачатку вайны Расіі супраць Украіны.
«Я прыйшоў галасаваць на рэферэндуме 27 лютага, прыехаў у свой райцэнтр з Мінску, — расказвае Андрэй. — Мне далі бланк, я прагаласаваў. І ўжо калі выходзіў, адна жанчына з камісіі паспрабавала пайсці за мной, падыходзіла з паперкай у руках. Падышла і кажа: „Вось вам позва з ваенкамату“. Так і сказала. Я спытаў, што за позва. Адказала, што хочуць нейкія дэталі ўдакладніць, нешта ім ад мяне трэба. Спытала, ці я жыву па адрасе, дзе зарэгістраваны. Адказаў ёй, што нічога не ведаю. Не стаў яе слухаць і проста пайшоў».
Андрэй прызнаецца, што на самой справе добра ведаў, чаго яго шукаюць людзі з ваенкамату. За некалькі дзён да 27 лютага яму пазваніў былы саслужывец і папярэдзіў, што яны абодва зноў могуць трапіць на службу ў войска.
«Папраўдзе, я адразу зразумеў, у чым справа, — расказвае Андрэй. У мяне ёсць сябар-аднагодка. Ён таксама ў Мінску цяпер жыве, але зарэгістраваны ў нейкай вёсцы. Я дакладна не памятаю, як яна называецца. Гэты сябра мне пазваніў літаральна за 2-3 дні да рэферэндуму і расказаў, што ягоным бацькам званілі з ваенкамату. Распытвалі, дзе ён. Хацелі позву даць».
З выпадку на ўчастку для галасавання прайшло больш за два тыдні. Андрэй пакуль не званіў у ваенкамат, каб даведацца, навошта яго шукаюць. У кватэры ў невялікім райцэнтры, дзе ён зарэгістраваны, ніхто не жыве. Паштовую скрыню таксама няма каму праверыць. Хлопец гаворыць, што сябру, які расказваў Андрэю пра цікаўнасць з боку ваенкамату, таксама паспрабавалі ўручыць позву на ўчастку для галасавання на рэферэндуме. Ён адмовіўся.
«Мы з ім разам служылі, — кажа Андрэй. — Яго пасля дэмабілізацыі адзін раз ужо прызывалі ў рэзерву. А мяне ніколі не турбавалі. Я не маю афіцэрскага звання, проста шараговы. У мяне вайсковая спецыяльнасць — пантанёр. Мы павінны ва ўмовах вайны наладжваць пераправы праз рэкі. Але ў рэальнасці я ў асноўным займаўся абслугоўваннем вайсковай тэхнікі. Аўтамабілямі, іншымі машынамі».
Ужо пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны афіцыйна Міністэрства абароны Беларусі паведамляла, што ў наступныя месяцы плануе прызваць на тэрміновыя зборы каля 150 афіцэраў запасу. Вайсковыя чыноўнікі сцвярджаюць, што гэта ніяк не звязана з вайной ва Украіне, а прызыў рэзервістаў у Беларусі — звычайная з'ява.
Як стала вядома Свабодзе адразу з некалькіх крыніц, ваенкаматы ў розных частках Беларусі спрабуюць выклікаць з рэзервы не толькі афіцэраў. Позвы прыходзяць і тым, хто жыве зараз у Беларусі, а таксама тым, хто даўно з'ехаў за мяжу.
«Я выехаў з Беларусі таму, што знайшоў у паштовай скрыні позву з ваенкамату, — расказаў Свабодзе мянчук, які перабраўся ў Літву з Мінску ў першыя дні сакавіка. — Планаваў гэта раней зрабіць, меў ужо візу. Але выехаў тэрмінова, калі мне і маім знаёмым пачалі прыходзіць позвы ў войска. Не ведаю, навошта іх рассылаюць. З'ехаў адразу, калі пабачыў яе ў скрыні, нават не забіраў яе адтуль».
«Я не супраць абараняць сваю Радзіму»
Позвы з ваенкаматаў прыходзяць тым, хто ўжо адслужыў у войску, мае вайсковую спецыяльнасць і прызнаны годным для службы ў мірны час. Суразмоўцы Свабоды звязваюць нечаканую цікавасць да сябе з боку Мінабароны з апошнімі падзеямі ва Украіне.
«Я не супраць абараняць сваю радзіму, але ісці бараніць інтарэсы старых хворых людзей? Мне гэтага не трэба, — кажа суразмоўца. — Увогуле думаю пра тое, каб з'ехаць зь Беларусі. Даўно хацеў гэта зрабіць, але цяпер, відаць, трэба паскорыцца. Толькі невядома, як гэта зрабіць цяпер. Становіцца ўсё складаней і складаней. У армію я дакладна не маю намеру зараз ісці, лепш у лес».
Па словах Андрэя, разам з сябрам праз знаёмых у ваенкамаце яны паспрабавалі даведацца, куды насамрэч іх хочуць выклікаць позвамі.
«Як нам расказалі, зараз у войску займаюцца раскансервацыяй тэхнікі, — гаворыць суразмоўца. — Выганяюць яе з так званых „зон захоўвання“. І як быццам ім не хапае спецыялістаў для абслугоўвання гэтай тэхнікі. Таму патрэбны людзі. А я акурат у частцы займаўся гэтым. Хоць у мяне спецыяльнасць у „ваенніку“ пазначаная як „пантанёр“, на самой справе я працаваў на абслугоўванні грузавых аўтамабіляў, іншых розных».
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускія вайскоўцы не бяруць удзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Прадстаўнікі Узброеных сіл Украіны і краін NATO паведамляюць пра дзясяткі пускаў ракет па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Паводле іх звестак, расійскія самалёты вылятаюць бамбаваць украінскія гарады з беларускіх вайсковых аэрадромаў у Баранавічах і Лунінцы, а паветраная прастора Беларусі выкарыстоўваецца расійскай авіяцыяй для ажыццяўлення выведкі. Паводле міжнароднага права і канвенцый ААН, такія крокі прыраўноўваюць Беларусь да статусу краіны-агрэсара.