«Здымаў на тэлефон, у справе — кінуў палку ў АМАП». Пінчука абвінавачваюць у масавых беспарадках

36-гадовага Рамана Багнаўца абвінавачваюць ва ўдзеле масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня. Сам Раман да арышту працаваў маналітчыкам у Мінску, а ў Пінск прыехаў напярэдадні выбараў па сямейных справах: трэба было аформіць дакументы пасля смерці маці. Сястра Рамана распавяла "Вясне", як яе брат аказаўся фігурантам справы аб масавых беспарадках.

Раман Багнавец. Фота з архіву сястры

Раман Багнавец. Фота з архіву сястры

«У нядзелю Рома нікуды не збіраўся. Але 9-га жніўня ў абед адключылі інтэрнэт, таму ён вырашыў прагуляцца ў горад. Як піша Рома цяпер у лістах, з 20:30 да 24:00 ён сядзеў у піцэрыі. Але потым яму стала цікава, што адбываецца ў цэнтры горада, і ён пайшоў да гарвыканкама.
У інтэрнэце ёсць відэа, на якім відаць, што ён проста здымаў тое, што адбываецца на тэлефон. На відэа Раман у чырвонай масцерцы NIKE з капюшонам і ў чырвонай кепцы на 2:06 хвіліне злева здымае на тэлефон падзеі таго вечара. Але ў ягонай крымінальнай справе напісана — кінуў палку ў АМАП».


Калі сястра Рамана пачула каля 12 ночы крыкі на вуліцы Леніна ў Пінску, то адразу патэлефанавала брату, каб пераканацца, што з ім усё добра. Гэта была іх апошняя тэлефонная размова да гэтага часу.
«Я тэлефаную Рому і яшчэ выразней чую скандаванні. Кажу, каб ён хутка ішоў дадому. А ён мне: "Вось даздымаю, што тут пачынае рабіцца, каб потым адправіць гэта ў міжнародны суд". Я так зразумела, што ў той момант яшчэ больш АМАПу пачало падцягвацца туды.
Праз 5 хвілін ён стаў недасяжны.
Па гарачых слядах, пакуль яшчэ дзяжурным у нас у ГАУС не намякнулі, што трэба маўчаць, мне паведамілі, што яго затрымалі. Потым нікому са сваякоў затрыманых на акцыі не давалі наогул інфармацыю».
Раману прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"). Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Баранавічах. Па словах яго сястры, адвакат да яго змог трапіць толькі праз тыдзень — 18 жніўня. Сястры стала вядома, што Рамана моцна збілі пры або пасля затрымання:
"Ён ад таліі да сярэдзіны ікры ўвесь сіні, але ад экспертызы чамусьці адмовіўся".
 Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала 4 верасня Рамана Багнаўца палітычным зняволеным.
"Самае крыўднае, што чалавек павольна, але ўпэўнена ішоў да сваёй мэты. У гэтым годзе павінен быў здаваць дом, аб'ездзіў палову Еўропы, па маладосці ў непрыемнасці не трапляў, а тут родная дзяржава так жорстка ламае лёс", — кажа сястра.
Адрас для лістоў: СІЗА-6, вул. Брэсцкая, 258 у, г. Баранавічы, 225413