Ці можа Лукашэнка сысці?
Калі выбары выбары не былі законнымі, свабоднымі і сумленнымі паўнамоцтвы прэзідэнта павінны часова перайсці да Рамана Галоўчанкі. Пра тэрміны паўнамоцтваў Лукашэнкі Міхаіл Пастухоў распавёў Intex-press.
Як маглі б развівацца падзеі пасля 6 лістапада бягучага года, калі б апошнія выбары былі прызнаныя несапраўднымі або не адбыліся і ці ёсць верагоднасць таго, што Лукашэнка ўсё ж такі сыдзе? Пра гэта разважае доктар юрыдычных навук, прафесар, а ў мінулым — суддзя першага складу Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў.
Па словах Міхаіла Пастухова, дата 6 лістапада 2020 года носіць фармальны характар і пазначае заканчэнне чарговага тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта: “6 лістапада 2015 года Лукашэнка прыносіў чарговую прысягу на вернасць Канстытуцыі. Гэта значыць, што да 6 лістапада бягучага года ён валодае паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы, а з 7 лістапада на пасаду павінен уступіць новы прэзідэнт”, — кажа Пастухоў.
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда адзначае, што калі б выбары 9 жніўня ў Беларусі былі прызнаныя незаконнымі, несапраўднымі або не адбыліся, меліся б падставы прызначыць новыя. Але гэтага не адбылося, бо ЦВК прызнаў ашаламляльную перамогу Лукашэнкі.
— Выключна фармальна яму ўручылі пасведчанне прэзідэнта, правялі інаўгурацыю, і Лукашэнка можа лічыць сябе чарговым прэзідэнтам, — лічыць Пастухоў.
Дык ці можа Лукашэнка сысці?
Міхаіл Пастухоў разважае: калі ўсё ж такі зыходзіць з таго, што выбары не былі законнымі, свабоднымі і сумленнымі, то тады, згодна з артыкулам 89 Канстытуцыі, паўнамоцтвы прэзідэнта павінны часова перайсці да прэм'ер-міністра. “Але такое, верагодна, не адбудзецца, зрухаў у гэтым кірунку не відаць, заяваў прадстаўнікоў уплывовых дзяржаў з гэтай нагоды таксама пакуль няма”, — кажа Пастухоў.
Пры гэтым праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што ў выпадку актыўнага знешняга ціску з боку Еўропы, Расіі і ЗША Лукашэнка можа сысці ў адстаўку — і перадаць свае паўнамоцтвы прэм'ер-міністру Раману Галоўчанка. Новыя выбары ў такім выпадку павінны адбыцца цягам 70 дзён.
“Такі варыянт пакуль не выключаецца. Калі ж Лукашэнка ўсё ж такі не саступіць сваю пасаду, не перадасць паўнамоцтвы, то ў выпадку, калі пасля выбары будуць прызнаныя несапраўднымі і незаконнымі, будуць усе падставы лічыць, што ён незаконна ўтрымлівае ўладу”, — адзначае Міхаіл Пастухоў.
Паводле www.intex-press.by