Экс-супрацоўнік СБУ пракаментаваў заявы Лукашэнкі наконт Украіны

Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па ягоных апошніх заявах, спрабуе пазбегнуць удзелу сваіх войскаў у вайне супраць Украіны. Такое меркаванне выказаў у эфіры 24 канала экс-супрацоўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg


«Цяпер бачым, што самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка "ўключыў заднюю" і спрабуе саскочыць. Гэта значыць, ціхенька пазбегнуць удзелу ў вайне Расіі супраць Украіны. Маўляў, ён "не ў тэме", не пагружаны ў матэрыял і не ведае планаў Крамля», — адзначыў Ступак.
Паводле яго слоў, тое, што Лукашэнка актыўна і непрыхавана з'язджае з гэтай тэмы — не можа не радаваць. Аднак беларускі дыктатар не павінен расслабляцца, бо атрымае сваё за дапамогу Расіі ў вайне.
Як адзначыў Ступак, Лукашэнку актыўна прымушалі ўступіць у вайну з Украінай. Аднак ён набраўся смеласці, уключыў усю сваю "калгасную хітрасць" і не паддаўся.
«Быў такі момант, калі самалёты заляталі на тэрыторыю Беларусі і бамбілі пасёлкі. Менавіта тады ўсё ішло да вайны, але потым цішком заціхла», — заўважыў экс-работнік СБУ.
Ступак таксама падкрэсліў, што ў кампетэнцыі Лукашэнкі было аддаць загад сваёй арміі. Выходзіць, што ў яго была магчымасць адмовіць расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну і не ўступіць у вайну разам з ім супраць Украіны.
Аднак таксама ў кампетэнцыі Лукашэнкі спыніць запуск ракет з тэрыторыі Беларусі па Украіне. Як патлумачыў Ступак, акрамя расійскіх вайскоўцаў, якія запускаюць ракеты, ёсць яшчэ забеспячэнне (паліва, харчаванне, камунікацыя, сувязь), на якое можа паўплываць Лукашэнка.
«У кожнага чалавека ёсць выбар. Ён можа яго зрабіць — перарэзаць камунікацыі, забараніць пастаўкі ў гэтыя ракетныя ўстаноўкі прадуктаў, вады, боепрыпасаў. І ўсё, тады нічога не будзе. Аднак ён гэтага не зрабіў», — падкрэсліў Ступак.