«Пуцін, сціснуўшы кулакі, будзе на баку Лукашэнкі», — расійскі апазіцыянер пра наймітаў і мітынгі ў Беларусі
Пуцін хацеў бы атрымаць у Мінску
больш згаворлівага лідара, але ёсць больш небяспечная для яго рэч, чым
незгаворлівы Лукашэнка. Гэта змена ўлады знізу ўверх з масавым удзелам народу, — распавёў расійскі апазіцыйны палітык
Уладзімір Мілоў «Свабодзе».
Расійскі апазіцыйны палітык Уладзімір Мілоў не выключае драматычнага развіцця падзей у Беларусі. Ён мяркуе, што для Пуціна лепш Лукашэнка, чым змена ўлады праз народны пратэст, і называе Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкалу «будучыняй Беларусі».
«Пакуль гэта выкарыстоўваюць для таго, каб зрабіць перашкоды з допускам людзей на мітынгі»
— Уладзімір, у той момант, калі мы з вамі размаўляем, у Мінску праходзіць агітацыйны мітынг кандыдаткі на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. У сувязі затрыманымі ў Беларусі наёмнікамі ЧВК «Вагнер», якія, як заявілі беларускія спецслужбы, прыбылі ў Беларусь дэстабілізаваць абстаноўку напярэдадні выбараў, улады ўвялі на мітынгу беспрэцэдэнтныя захады бяспекі. Як вам бачыцца з Масквы, што цяпер адбываецца ў Беларусі? З чым гэта можна параўнаць?
— Я вельмі ўважліва сачу за сітуацыяй апошнія месяцы. Многія з нас вельмі сімпатызуюць барацьбе беларусаў за свабоду ад гэтай дыктатуры, якая надакучыла і струхлела. Мы падтрымліваем адзінага кандыдата ад народу Святлану Ціханоўскую і жадаем ёй поспеху. Мы паміж сабой усё гэта абмяркоўваем і чакаем вельмі нервовага развіцця падзей.
Лукашэнка, з аднаго боку, разумее, што ён цалкам згубіў папулярнасць у краіне. Для гэтага дастаткова паглядзець на беспрэцэдэнтныя акцыі ў падтрымку Ціханоўскай па ўсёй краіне апошнія тыдні. З другога боку, ён зусім не мае намеру аддаваць уладу, пра што і гаворыць. Таму такая дылема, і, на жаль, не абыдзецца без таго, што Лукашэнка пойдзе на жорсткія захады.
Па тым энтузіязме, з якім беларусы выходзяць падтрымліваць перамены, я таксама бачу, што яны не збіраюцца здавацца, на шчасце. Адзінае, што гэта можа прывесці да драматычных сцэнараў. Вельмі складана прадказаць, што гэта будзе.
З гісторыі з «вагнераўцамі» бачна, што Лукашэнка гатовы на абсалютна ідыёцкія схемы. Шчыра кажучы, я не зразумеў, навошта ён гэта ўсё задумаў. Мы ўсе, калі пайшлі паведамленні пра затрыманні «вагнераўцаў», думалі, што гэта стане падставай для адмены ці пераносу выбараў. Кшталту — спроба перавароту з замежным удзелам. Але пакуль гэта выкарыстоўваюць для таго, каб зрабіць перашкоды з допускам людзей на мітынгі. Паглядзім.
Мы чакаем вельмі складанага супрацьстаяння бліжэйшым часам. На жаль, бачна, што ўпарты дыктатар гатовы ісці на многае і не хоча сыходзіць. не хочацца рабіць змрочных прагнозаў, але я думаю, што далей сітуацыя можа развівацца па даволі жорсткім сцэнары.
«Адзінае рацыянальнае тлумачэнне — гэта нейкі “договорняк” з Крамлём»
— Перад выбарамі або падчас масавых пратэстаў спецслужбы ў Беларусі раскрываюць змовы — то дохлых пацукоў апазіцыя ў водаправод хоча падкінуць, то Лукашэнка заяўляе ў 2017 годзе, што праз мяжу прарваўся ўкраінскі джып, а потым арыштоўваюць дзясяткі чалавек па справе арганізацыі, якая спыніла існаванне вельмі даўно. Цяпер у Беларусі арыштавалі баевікоў ПВК «Вагнер», і упершыню перад выбарамі беларускія спецслужбы знаходзяць расійскі след. Якая ваша ацэнка?
— Я знаходжу гэтаму адзінае рацыянальнае тлумачэнне — гэта нейкі «договорняк» з Крамлём. Так публічна тузаць Расію за нібыта спробу вайсковага ўмяшання ў суседняй краіне... І гэта не проста суседняя краіна. Расія дэманструе асаблівыя адносіны з Беларуссю як вянец свайго геапалітычнага поспеху. Не тое што кажуць пра магчымае паглынанне Беларусі, на цяперашняй стадыі лічыцца, што ў нас ёсць адна краіна, якая нам сябар заўсёды, нягледзячы ні на што. Гэта вельмі сур’ёзны ўдар па іміджы Крамля, што яны паслалі нібыта наймітаў.
І тое, што расійскі бок гэты трывае, на маю думку, сведчыць пра тое, што гэта, найхутчэй, папярэдняя дамоўленасць. Я адчуваю, што гэтых «прыгожынцаў», «вагнераўцаў» ужо выкарыстоўваюць не толькі як гарматнае мяса на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, імі пачалі ўжо гандляваць... Хлопцы, хочаце намаляваць вайсковы пераварот, каб скасаваць выбары, — давайце мы вам падкінем нашых хлопчыкаў, вы іх арыштуеце, пасадзіце, і яны будуць ляпіць «переваротчыкаў». У мяне адчуванне, што група «Вагнер» перайшла на зараблянне яшчэ і такім спосабам.
Я не вельмі веру, што Лукашэнка можа з такімі рэзкімі рэчамі выступаць без папярэдняга абмеркавання з Пуціным і Масквой. І рэакцыя Масквы вельмі спакойная. У нас жа ўзбуджаюцца ў адказ на абсалютна мінімальныя рэчы. Нехта ў брытанскай газеце артыкул пра Сталіна і пакт Молатава–Рыбентропа напісаў, а расійскі МЗС бяжыць і пачкамі робіць заявы. А тут такая гісторыя — і нічога. Гэта першая прыкмета, што яны ў курсе і не збіраюцца нічога рабіць. Я думаю, што за гэтым стаіць пэўная дамоўная аснова.
«Крэмль не проста хоча, але і відавочна ўмешваецца ў беларускія выбары»
— Уладзімір, як вам бачыцца, ці збіраецца Крэмль неяк уплываць, умешвацца ў выбары прэзідэнта Беларусі? У Беларусі практычна нацыяналізаваны газпромаўскі банк, былы старшыня рады дырэктараў якога, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта цяпер у турме. Якой вам бачыцца пазіцыя Крамля? Вельмі невыразная пакуль...
— Я абсалютна перакананы, што Крэмль не проста хоча, але і відавочна ўмешваецца ў беларускія выбары, таму што Пуціна, безумоўна, дастаў Лукашэнка. Ён хацеў бы атрымаць больш згаворлівага лідара, больш слабога лідара ў Мінску. Але ёсць больш небяспечная для Пуціна рэч, чым незгаворлівы Лукашэнка. Гэта змена ўлады знізу ўверх з масавым удзелам народу, калі народ выходзіць і заяўляе: «Я тут гулец, я вырашаю, хто будзе лідарам, не нейкія закулісныя дамоўленасці ўнутры эліты ці паміж Мінскам і Масквой, а вось мы, беларускі народ, вырашым, хто будзе краінай кіраваць».
Гэта для Пуціна страшная сітуацыя, страшэнная атрута. І пры ўсім тым негатыве, які існуе ў Пуціна да Лукашэнкі, вядома, ён хацеў бы неяк сітуацыяй скарыстацца, каб яго змяніць, але чаго Пуцін не гатовы рабіць — гэта мяняць Лукашэнку шляхам народнай рэвалюцыі. Гэта горшая опцыя, чым калі Лукашэнка застаецца на месцы.
— Усе, хто ўдзельнічае ў гэтых выбарах, і тыя, хто не змог удзельнічаць, не з’яўляюцца антырасійскімі кандыдатамі. І Віктар Бабарыка, і Валер Цапкала на пытанне «Чый Крым?» ніколі не давалі адказу, што Крым украінскі...
— Безумоўна, ніхто з кандыдатаў не
настроены сварыцца з Расіяй, якая з’яўляецца галоўным эканамічным партнёрам.
Амаль палова беларускага экспарту ідзе ў Расію. Беларуская залежнасць каласальная.
Але размова не пра кандыдатаў на прэзідэнта, размова пра тое, што для Пуціна
нават унутрыпалітычна вельмі небяспечная ў бліжэйшай краіне змена ўлады праз
народную рэвалюцыю. Нават калі разглядаць варыянт розных камбінацый, пры якіх
Лукашэнка проста ціха сыдзе з улады — там Крэмль быў бы гатовы пагуляць. Але
калі выбіраць паміж Лукашэнкам і народнай рэвалюцыяй, тут Пуцін, сціснуўшы
кулакі, будзе граць на баку Лукашэнкі. Народныя рэвалюцыі для Пуціна — самы
страшэнны вораг, які б слабы і арыентаваны на Расію палітык ні прыйшоў у выніку
да ўлады.
«Абʼяднанне адбываецца, калі з’яўляецца рэальная сіла, за якой відаць падтрымка народу»
— У сераду апазіцыйная расійская партыя ПАРНАС у адкрытым звароце падтрымала грамадзян Беларусі ў іх барацьбе за перамены, падкрэсліла, як важная для расійскіх дэмакратычных сілаў незалежнасць Беларусі, і нават сказала, што «і нам бы павучыцца ад вас» у плане абʼяднання. Барыс Нямцоў часта казаў, што Беларусь раней за Расію стане дэмакратычнай краінай. Наколькі ўважліва расійскія дэмакратычныя сілы сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі? Памятаю часы, калі расійскія апазіцыянеры прыязджалі на мітынгі ў Мінск.
— Мы вельмі ўважліва сочым. Я хацеў бы сказаць вельмі простую рэч. Мы пабачылі, што абʼяднанне адбываецца, калі з’яўляецца рэальная сіла, якая мае падтрымку народу. Вельмі здорава, заслугоўвае вялікай павагі і апладысментаў, што знятыя кандыдаты без усялякіх умоваў абʼядналіся са штабам Святланы Ціханоўскай у адзіную кампанію. Але гэтаму папярэднічала тое, што з’явіўся муж Святланы, Сяргей Ціханоўскі, з якога ўсё і пачалося, ягоны суперпапулярны youtube-канал, які расказваў праўду пра тое, што ў краіне адбываецца. Ён ездзіў па краіне, размаўляў з людзьмі, гэта ператварылася ў нацыянальны феномен. І гэта стварыла базу для такога абʼяднання.
Я ў тым ліку і расійскім многім сваім калегам па апазіцыі хачу сказаць — вельмі просты выбар, які мы бачым на прыкладзе Беларусі — проста падтрымлівайце моцных, тых, хто працуе з людзьмі, не спрабуйце сабе вытаргаваць месца за нейкім сталом у «палітбюро», як у нас многія «старыя» дэмакраты прывыклі рабіць. У вас вялікая гісторыя апазіцыі ў Беларусі, вы зразумееце, пра што я. Калі з’яўляецца новая, моцная сіла, якую падтрымлівае народ, падтрымайце яе.
Многія палітыкі ў Беларусі знайшлі ў
сабе мужнасць і сілы гэта зрабіць, і мы бачым вельмі моцную прэзідэнцкую
кампанію Святланы Ціханоўскай. Я сваім расійскім калегам кажу — бярыце прыклад
з гэтага, і мы будзем рухацца па тым жа шляху, як Беларусь, якая, як я лічу,
рэальна знаходзіцца на перадавым краі барацьбы за перамены на дыктатарскай
постсавецкай прасторы.
«Гэты вобраз новай Беларусі ўжо нікуды не сыдзе і будзе натхняць людзей яшчэ гады наперад»
— Аляксандр Лукашэнка з дзяўчатамі са службы пратаколу ці жанчынамі, якія аддана служаць на важных пасадах, кшталту Лідзіі Ярмошынай, — гэта патрыярхальная карцінка, з аднаго боку, і тры смелыя, адважныя, цудоўныя жанчыны — абсалютна іншая карцінка, з другога. Ці слушна гэтым жанчынам сыходзіць, калі яны дасягнуць пастаўленай мэты — пераменаў, новых выбараў і вызвалення палітвязняў?
— Гэта проста неверагодная карцінка. Ваша будучыня — гэта, а не калгасная наменклатура з нанятым эскортам, не гэтыя «ражаныя» фельдмаршалы, якія, акрамя карупцыйных, ніякіх іншых войнаў не вялі. Вось гэта ваша будучыня. Тут пытанне не ў тым, ці застануцца яны ў палітыцы. Яны ўжо ўвайшлі ў гісторыю як сімвал новай Беларусі і беларускага грамадства, якое хоча развівацца, хоча свабоды, хоча быць сучасным, перадавым, еўрапейскім.
Гэтая карціна, гэты вобраз новай Беларусі ўжо нікуды не сыдзе і будзе натхняць людзей яшчэ гады наперад. Спадзяюся, што падзеі пойдуць па лепшым сцэнары. Таму тут пытанне не ў тым, хто канкрэтна будзе ўдзельнічаць у палітыцы, а што канкрэтна ўдалося зрабіць беларусам падчас гэтай кампаніі — паказаць усім новы вобраз будучыні і вобраз краіны. Гэта здорава. Гэта фантастыка. Я перакананы, што мы хутка пабачым Беларусь такой, а не «ражанай», калгаснай, якой яе спрабуе зрабіць Лукашэнка.
«Мы ведаем, як гэта баліць, на сваім прыкладзе, і мы адчуваем гэты боль у вас»
— Ваш блог на youtube «Обнимашки с диктаторами» апошнім часам вы часта прысвячаеце Беларусі. У свой час вы ўдзельнічалі ў спецыяльным праекце «Белсату». Ці звязвае вас што-небудзь з Беларуссю, акрамя прафесійнай цікавасці?
— Я чалавек глабалісцкіх поглядаў. З маімі еўрапейскімі калегамі мы называем сябе «1989 kid», дзіця 1989 года, калі былі аксамітныя рэвалюцыі, знеслі Берлінскі мур. Мы ўсе марым пра адзіную еўрапейскую прастору свабоды, праўды і прагрэсу, дзе ўсім будзе месца. Калі мы бачым суседнюю краіну, дзе мы часта бывалі, вельмі любім цудоўных людзей, якія там жывуць, з якіх здзекуецца мафіёзная дыктатура, якая цягне іх у мінулае, — мы заўсёды падтрымліваем барацьбу гэтай краіны за свабоду. Ці гэта Ўкраіна, ці гэта Беларусь... У Арменіі нядаўна былі падобныя падзеі, і мы вельмі падтрымлівалі тыя перамены, якія прынёс Нікол Пашыньян.
Гэта не нешта ўнікальнае, проста мы хочам жыць з усімі нашымі суседзямі на раўнапраўных умовах у агульным еўрапейскім доме ва ўмовах свабоды і прагрэсу. І нас вельмі раздражняе, калі з’яўляецца такая дыктатура і мафія, якія гэты прагрэс і свабоду стрымліваюць. Мы ведаем, як гэта баліць, на сваім прыкладзе, і мы адчуваем гэты боль у вас. І заўсёды будзем падтрымліваць вашу барацьбу за свабоду. Жыве Беларусь!
Хто такі Мілоў
48-гадовы Уладзімір Мілоў — расійскі апазіцыйны палітык, грамадскі дзеяч, блогер.
У 2012–2015 гадах узначальваў партыю «Дэмакратычны выбар».
Разам з Барысам Нямцовым апублікаваў брашуру «Пуцін. Вынікі», у якой рэзка крытыкаваў дзеянні расійскай улады.
У 2002 годзе быў намеснікам міністра энергетыкі Расіі.
Адзін са стваральнікаў кааліцыі «За Расію без самавольства і карупцыі».
Вядзе на сваім youtube-канале штотыднёвую перадачу пра міжнародную палітыку «Обнимашки с диктаторами», многія выпускі якой прысвячае сітуацыі ў Беларусі.