«У Беларусі выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты, негалосны працэс»
Кампанія "Права выбару" заявіла, што пастанова Цэнтрвыбаркама аб абмежаванні колькасці назіральнікаў супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і асноватворным прынцыпам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў.
У заяве гаворыцца, што сваім рашэннем Цэнтральная камісія практычна пазбаўляе магчымасці незалежных назіральнікаў, вылучаных грамадзянамі і дэмакратычнымі арганізацыямі, назіраць за правядзеннем галасавання і падлікам галасоў.
Улічваючы той факт, што прадстаўнікі дэмакратычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, а таксама вылучаныя грамадзянамі не былі дапушчаныя ў склад участковых камісій, абмежаванні колькасці назіральнікаў азначае, што ў Беларусі выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты, негалосны працэс.
Кампанія "Права выбару" прапануе адмяніць рашэнне аб абмежаванні колькасці назіральнікаў і патрабуе апублікаваць спіс назіральнікаў, якія былі масава акрэдытаваныя ў першыя дні працы выбарчых камісій.
Разам з тым мы заклікаем грамадзян не адмаўляцца ад удзелу ў назіранні і акрэдытавацца на выбарчых участках.
Віталь Рымашэўскі, нацыянальны каардынатар кампаніі "Права выбару-2020" адзначыў: "Выбары 9 жніўня праходзяць у перыяд летніх вакацый. Гэта значыць, што ўсе памяшканні актавых залаў, спартзалаў ва ўстановах адукацыі, дзе традыцыйна арганізоўваецца галасаванне, пустуюць. Таму пастанова Цэнтральнай камісіі абсалютна надуманая і неадпавядае мерамі бяспекі, звязаным з эпідэміяй каронавіруса. Прапануем размясціць выбарчыя камісіі ў прасторных памяшканнях актавых залаў і спартзалаў, арганізаваць галасаванне ў прасторных намётах на вуліцы. Так можна змясціць усіх ахвотных назіральнікаў.
У гэтых жа памяшканнях нішто не перашкаджае праводзіць і датэрміновае галасаванне.
Мы заклікаем людзей не адмаўляцца ад назірання і працягваць вылучацца ў якасці назіральнікаў. У выпадку, калі будуць незаконныя адмовы ў магчымасці назірання, мы будзе складаць скаргі і ў законным парадку абскардзіць гэтыя рашэнні.
У выпадку, калі незалежных назіральнікаў пазбавяць права назірання за выбарамі — будзем патрабаваць прызнання выбараў незаконнымі і правядзення новых выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ".